Вы тут

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі


Аляксандр Бабарэка — дырэктар фірмы, якая вырабляе засцерагальную галаграфічную прадукцыю. Для спажыўца гэта рэч звычайная і натуральная. Напрыклад, тыя бліскучыя выявы, што можна пабачыць на акцызных марках. Хоць такога кшталту прадукцыя выкарыстоўваецца для абароны розных дакументаў: кантрольных знакаў, агульнаграмадзянскага пашпарта, векселяў, каштоўных папер, накладных.


Фірма пастаўляе сваю прадукцыю не толькі на беларускі рынак, але і за мяжу: у Літву, Непал, Азербайджан, Кыргызстан, Руанду, Грэцыю, Сербію... Да таго ж зараз кампанія адшукала новую нішу — іміджавыя галаграмы, якія прыцягваюць увагу спажыўца. Для бліжняга замежжа і краін СНД гэта ўнікальны тавар, бо мала хто валодае такога кшталту тэхналогіямі.

А ўсё пачыналася 19 гадоў таму як прыватнае беларуска-швейцарскае прадпрыемства. Прыцягнуць швейцарскія інвестыцыі атрымалася ў акадэміка Міжнароднай інжынернай акадэміі Леаніда Таніна, пасля чаго і была арганізавана вытворчасць. І хоць з цягам часу кампанія стала выключна беларускай, свой старт яна брала менавіта з дапамогай замежнага інвестара, які «ўклаўся» ў ідэю беларускага навукоўца.

Два бакі медаля

Традыцыйна замежныя інвестыцыі з'яўляюцца стабільнай крыніцай фінансавання. Так, іх пастаянны прыток павялічвае вытворчыя здольнасці краіны. Інвеставанне цягне за сабой перадачу тэхналогій, кіраўніцкіх навыкаў, абмен вопытам. Павышэнне ўзроўню тэхналагічнага развіцця патрабуе наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Такім чынам замежныя інвестыцыі стымулююць рост попыту на высокакваліфікаваную працоўную сілу, павышаюць узровень дабрабыту насельніцтва. Усё гэта ў сукупнасці павышае канкурэнтаздольнасць краіны, якая стрымлівае інвестыцыі.

З іншага боку, з прыходам замежных інвестыцый расце ўнутраная канкурэнцыя, і больш дробным мясцовым кампаніям становіцца складана выжываць. Падобная сітуацыя назіраецца ў свеце ў сувязі з развіццём транснацыянальных кампаній: з аднаго боку, яны прыносяць са сваім прыходам у краіну капітал, але з іншага — рызыку манапалізацыі той нішы, у якую прыйшлі і, напрыклад, выцеснілі аналагічныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Праўда, у Беларусь інвестар прыходзіць часцей за ўсё для таго, каб выйсці на рынкі краін постсавецкай ці еўрапейскай прасторы, не абмяжоўваючыся адной краінай.

Увогуле, гэта адна з галоўных пераваг Беларусі — геаграфічнае становішча. Размяшчэнне бізнесу на тэрыторыі нашай краіны дазваляе кампаніям эфектыўна абслугоўваць ёмістыя рынкі збыту: краіны Еўрапейскага саюза (508,2 млн спажыўцоў), Расію, Украіну, Казахстан і іншыя краіны СНД (282 млн). Усё гэта спалучаецца з членствам у Еўразійскім эканамічным саюзе (рынак — 170 млн чалавек). Таксама ў нас дзейнічае цэлы шэраг прэферэнцыйных рэжымаў. Гэта спецыяльныя льготныя ўмовы гаспадарання пры арганізацыі бізнесу ў рамках шасці свабодных эканамічных зон (0% — падатак на прыбытак на працягу 5 гадоў), Парка высокіх тэхналогій (0% — падатак на прыбытак; 0% — падатак на дабаўленую вартасць) і індустрыяльнага парка «Вялікі камень» (0% — падатак на прыбытак на працягу 10 гадоў). Замежныя кампаніі таксама могуць атрымаць дадатковую выгаду пры размяшчэнні свайго бізнесу на тэрыторыі малых і сярэдніх гарадоў Беларусі (0% — падатак на прыбытак на працягу 7 гадоў).

Карцінка вымалёўваецца прыгожая. Падаецца, што ўсе ўмовы ёсць, але чаму росту інвестыцый не адбываецца? Баімся іх прымаць? Але зараз яны для айчыннай эканомікі — свежае ўліванне «крыві» па фінансавых артэрыях, якое можа даць новую якасць жыцця эканамічнаму арганізму дзяржавы. Галоўнае — не падсесці на такую «іглу», разумна падысці да замежных укладанняў, выкарыстаўшы іх як базу для тэхналагічнага росту.

Суцэльны... афшор

Пытаннем прыцягнення інвестыцый цяпер актыўна займаюцца парламентарыі. Яны ініцыявалі ўнясенне змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях». Адна з задач, якую імкнуцца вырашыць такім чынам дэпутаты, — палепшыць дзелавое асяроддзе ў краіне і павысіць яе інвестыцыйную прывабнасць. Як паведаміў Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, адно з галоўных прапанаваных новаўвядзенняў датычыцца кампенсацыі кошту маёмасці. Такім чынам, праект Закона прапануецца дапоўніць універсальнай нормай: яна вызначае ўмовы кампенсацыі кошту маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, у выпадку адабрання яе ў інвестара пры нацыяналізацыі або рэквізіцыі.

Па словах кіраўніка камісіі, інвестары павінны мець права на рызыку. Калі ўзнікае форс-мажор, ці, напрыклад, пагоршыліся эканамічныя ўмовы рэалізацыі праектаў, то яны перастаюць выконваць свае абавязкі. Як з імі паступаць з умовай, што інвестыцыі сёння — сапраўды неабходная крыніца для беларускай эканомікі? «Калі мы гэтую навацыю ўкаранім, то ніякіх страт дзяржава і бюджэт не панясуць. Наадварот, больш патэнцыйных інвестараў можа вырашыць укласці грошы ў той ці іншы беларускі аб'ект. Пры гэтым нам зараз патрэбныя стратэгічныя інвестары, якія прынясуць у краіну не толькі грошы, але тэхналогіі і рынак. Што датычыцца ўкладанняў нашых грамадзян, то асабліва ў адносінах малых населеных пунктаў Беларусь — адзін суцэльны афшор. У нас дзейнічаюць ільготныя рэжымы ў малых гарадах і пасяленнях — толькі пачынай уласную справу. Але ў той жа час ёсць пытанні да ўзроўню юрыдычнай адукаванасці насельніцтва, пачатковага капіталу, ставак па крэдытах і пакупніцкай здольнасці насельніцтва», — адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Дэпутат лічыць, што інвестару можа быць цікава ўкладаць грошы не толькі ў прамысловасць, але і ў іншыя сферы: аграэкатурызм, навучанне замежных студэнтаў у айчынных ВНУ, экспарт медыцынскіх паслуг, ІT-сектар. Да таго ж апошнім часам беларускі экспарт імкнуцца дыверсіфікаваць у краіны Дальняй дугі і Азіі, каб зрабіць уласны рынак больш прывабным. Інвестара таксама цікавіць магчымасць рэалізоўваць праз Беларусь сваю прадукцыю ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, асабліва ў Расіі і Казахстане. Але пакуль гэтаму перашкаджаюць тыя бар'еры, якія час ад часу выстаўляюць члены ЕАЭС у дачыненні адно да аднаго. «Гэтыя пытанні трэба вырашаць неадкладна, што цяпер і робіцца», — лічыць старшыня Пастаяннай камісіі.

Вы — ідэю, яны — грошы

Вырашэнне пытання паляпшэння інвестыцыйнага клімату — комплекснае, лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар МАРГЕЛАЎ. «Інвестыцыі ідуць туды, дзе ёсць разуменне, якія канкрэтна ўкладанні патрэбны, дзе ёсць адпаведныя кадры, падтрымка з боку ўлады як на ўзроўні заканадаўства, так і на ўзроўні прыняцця канкрэтных рашэнняў. На маю думку, у нас інвестыцыі цяпер не ідуць па шэрагу базавых умоў — асаблівасцяў падатковага заканадаўства, сертыфікацыі прадукцыі. Па факце цяпер не назіраецца рынку збыту, які б рос, — каб можна было пабудаваць завод і прадаваць тавар самім беларусам», — лічыць ён.

Інвестыцыі, па словах Віктара Маргелава, патрэбны для эканамічнага росту і, адпаведна, росту дабрабыту насельніцтва. Варта задацца пытаннем: чаго не хапае сённяшняму беларусу-спажыўцу? У якіх сектарах не стае інвестыцый? Адштурхоўваючыся ад гэтага, трэба менавіта там ствараць прывабныя ўмовы для ўкладання сродкаў. «Інвестыцыі — гэта як костка ў боршч. Спачатку трэба яго прыгатаваць, а пасля і костка з'явіцца, каб падкрэсліць смак, — прывёў цікавае параўнанне сустаршыня Саюза прадпрымальнікаў. — Мы самі павінны рабіць крокі, каб інвестыцыі прыйшлі. Мусіць з'явіцца прадпрымальнік, які вынасіць ідэю, напрыклад, продажу нанатэхналогій, распрацуе і рэалізуе яе ў малых маштабах, а пасля будзе шукаць замежную падтрымку і скажа: «Я гатовы напаіць усю Еўропу нанаквасам!» Проста так інвестар грошы не дасць. А рызыкнуць дзеля новай ідэі, напэўна, кожнаму з нас хоць раз хацелася...»

Ніна ЖАЛЯЗНОВА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна:

— Трэба і інвестару, і кіраўніку прадпрыемства, якое атрымлівае грошы, быць сумленнымі і прыстойнымі людзьмі. Працаваць на карысць краіны і народа. Я лічу, што любы інвестар хоча мець пад сабой моцную глебу. Гэта і юрыдычная надзейнасць, і эканамічная плацежаздольнасць, і наяўнасць прафесійных кадраў. Вось гэта тыя складальнікі, без якіх ні адзін інвестар не будзе ўкладаць свой капітал — і не толькі ў невялікія, але і ў буйныя арганізацыі. Вядома, інвестар хоча бачыць перад сабой перспектыву: якія бонусы ён атрымае ў выніку. Але самае галоўнае — трэба быць патрыётам да мозгу касцей, паколькі многія вытворчасці ў нас не прыватныя, а дзяржаўныя.

Не магу сказаць за ўвесь Смалявіцкі раён, аднак мая гаспадарка — гэта арганізацыя, у якую інвеставалі. У 2005 годзе 5 стратных гаспадарак былі аб'яднаны ва ўнітарнае прадпрыемства, а сёння мы ўжо акцыянернае таварыства: моцна стаім на нагах і працуем прыбыткова дзякуючы інвестарам.Я сказала б, што інвестар даў нам не рыбу, а вуду, каб мы маглі злавіць гэтую рыбу.


Меркаванне:

«Што трэба зрабіць, каб інвестары ўкладвалі грошы ў нашы прадпрыемствы?» Менавіта такое пытанне мы задалі спецыялістам.

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Світанак» Юрый ЛУКАШЭВІЧ:

— На самай справе гэтае вельмі складанае пытанне. І тут адназначнага адказу няма — трэба тое і тое, каб інвестары ўкладвалі.Вось ёсць добрае прадпрыемства — навошта яму інвестары? Калі ў арганізацыі існуе ўласны шлях развіцця, то хіба яму патрэбны інвестары? Калі ж казаць пра прадпрыемствы, якія ў сваім станаўленні прыйшлі ў тупік, то тут жа ўзнікае мноства пытанняў. Колькі яно каштуе? Якія патрабаванні вылучае інвестар? А для яго важна, што атрымаецца ў выніку — нізкія выдаткі на вытворчасць, высокакваліфікаваная рабочая сіла і іншае. Я хацеў бы адзначыць, што з інвестыцыямі сёння няпростая сітуацыя ва ўсіх краінах — і ў нашых суседзяў, і ў Еўропе ўсё не так добра. Таму, каб прыйшоў капітал, павінна быць нейкая агульная праграма, павінен фарміравацца давер да краіны. Калі замежныя кампаніі будуць казаць аб паспяховых праектах на нашай тэрыторыі, то больш смелыя рашэнні будуць прымацца іншымі інвестарамі. Бо інвестыцыйны клімат у нас нядрэнны. Дадам, што ў нашага прадпрыемства ёсць фінансавыя партнёры — наша банкаўская сістэма, ёсць магчымасць прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Нам больш патрэбныя партнёры, а не інвестары. Калі прадпрыемства паспяховае, то інвестары яму, па вялікім рахунку, не патрэбныя.

Начальнік аддзела эканомікі Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Жанна РУЦКАЯ:

— На маю думку, неабходна знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах. Сёння вельмі вялікая крэдытная нагрузка, уласных грашовых сродкаў у арганізацый няма, пазычыць — вельмі дорага, таму прадпрыемствы не ўкладваюць грошы. Што яшчэ? Магчыма, малому і сярэдняму бізнесу варта даць больш ільгот і прэферэнцый. Напрыклад, упачатку, калі чалавек адкрывае бізнес, можна першы і другі год станаўлення знізіць або адмяніць нейкія падаткі, каб можна было развівацца. Слуцк для інвестараў не вельмі прывабны. Чаму? Мы аддаленыя ад Мінска. Але дарогу пабудавалі — можа, гэта будзе стымулам. Яшчэ няма чыгункі, таму дабірацца на працу нязручна. Улічваючы недахоп уласных абаротных сродкаў і вялікія крэдыты, людзі менш інвестуюць. Я думаю, што сітуацыя ў найбліжэйшыя гады можа змяніцца, таму што горад і эканоміка ў цэлым павінны развівацца. Не магу сказаць, колькі трэба часу, усё залежыць ад эканамічнай сітуацыі.

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Сувязьінвест» Юрый ПЯШЧЭНКА:

— Я лічу, што сёння ёсць праблема ў малой інфарматыўнасці — гэты момант неабходна палепшыць. Калі наша арганізацыя залучыла кітайскіх інвестараў у «Вялікі камень», то яны нават не ведалі, дзе гэтая Беларусь знаходзіцца. Калі гэта ўсё ім расказваеш, яны дзівяцца, што ў нас створаны вельмі добрыя ўмовы. У нас была сітуацыя: мы працуем з Кітаем, яны хацелі адкрыць у нас завод, мы ім склалі бізнес-план і варыянты выхаду на расійскі і еўрапейскі рынак. Першапачаткова ім усё спадабалася, прыляцеў акцыянер, усё было вельмі сур'ёзна. Аднак у працэсе наведвання і зносін з адказнымі за працу з інвестыцыямі яны перадумалі... Але мы працягваем працаваць з імі да гэтага часу. Дарэчы, цяпер мы спрабуем залучыць чарговага інвестара.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Грошы выбіраюць клімат

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.