Вы тут

Інтэрнэт і дзеці: хто кім валодае?


Расстройства паводзінаў, адаптацыі, праблемы з харчаваннем або сном — не такая ўжо і рэдкасць для сучасных дзяцей і падлеткаў. І займаецца імі адразу некалькі спецыялістаў: псіхолаг, псіхатэрапеўт, псіхіятр, калі трэба, то і лагапед. Спецыялісты кажуць, што новы час заўсёды падкідвае новыя выклікі. Здаецца, усе ўжо адчуваюць пэўнае размыванне меж паміж дарослымі і дзецьмі, паміж паламі, нейкімі сацыяльнымі групамі. Раней усё ж такі чорнае было чорным, а цяпер магчымы і «варыянты». Таму, з аднаго боку, трэба вучыцца адаптавацца, асвойваць новы свет, а з другога — мець на ўвазе, што фізіялогія наша не змянілася, што наш мозг не займеў пакуль магчымасцяў засвойваць той аб'ём інфармацыі, які абрынуўся на нас з інтэрнэту, значыць, сёе-тое са «старых ісцін» яшчэ можа спатрэбіцца.


— Сёння мы заўважаем, што вопыт перадаецца ўжо не ад старэйшых да малодшых, а часам наадварот, асабліва ў галіне інфармацыйных тэхналогій, і адпаведна, выхаванне ў сям'і церпіць некаторыя няўдачы, бо дзеці больш выхоўваюцца тымі ж сродкамі масавай інфармацыі, інтэрнэтам, — расказвае галоўны пазаштатны дзіцячы псіхатэрапеўт Міністэрства аховы здароўя, загадчыца псіхатэрапеўтычнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Алена НАВІЦКАЯ. — Калі раней актуальным для бацькоў быў кантроль «вулічнага выхавання», то цяпер гэтай «вуліцай» стаў інтэрнэт, дзе яшчэ больш складана пракантраляваць, з кім сябруе наша дзіця.

Яскравым прыкладам адмоўнага ўплыву на дзіцячую псіхіку стала, напрыклад, распаўсюджванне такога захворвання, як нервовая анарэксія (калі дзяўчынкі і нават хлопчыкі пачынаюць лічыць сябе вельмі тоўстымі, будучы нават празмерна худымі, і наогул адмаўляюцца ад ежы). Усё часцей сустракаецца і нервовая булімія (калі паглынаецца велізарная колькасць ежы з наступным выкліканнем ванітаў). Развітыя краіны сутыкнуліся з гэтым гадоў трыццаць таму, калі ў нас размова ішла пра адзінкавыя выпадкі хворых з цяжкімі псіхічнымі расстройствамі. А цяпер і ў нас некалькі падлеткаў на тыдні аказваюцца на прыёме ў дзіцячага псіхатэрапеўта. Звязана гэта, у першую чаргу, з асаблівасцямі выхавання, але масла ў агонь падлівае, безумоўна, і інтэрнэт. Падлеткі любяць гуртавацца, лідзіраваць, і толькі нехта пачынае дэманстраваць на фота свае «ножкі, як у матылька», як гэтага пачынаюць хацець і іншыя. Добра, калі побач адкрытыя, душэўныя тата з мамай, з кім можна спакойна ўсё гэта абмеркаваць... Але ж не ўсім шчасціць з ідэальнымі бацькамі.

Другая крайнасць — лішняя вага, якую мае па розных даных ад 25 да 32 працэнтаў усіх дзяцей (ад 0 да 18 гадоў). У ЗША, дарэчы, размова ідзе пра больш як 80 працэнтаў, і такая сусветная тэндэнцыя павінна насцярожыць нас ужо сёння. Бо там, дзе лішняя вага, там, як правіла, і метабалічны сіндром з яго павышаным артэрыяльным ціскам (больш як на 10 працэнтаў ад узроставай нормы), высокім узроўнем глюкозы і халестэрыну. Павышаны халестэрын выяўляецца ўжо нават у 5—7 гадоў, а вылечыць гэта, як і іншыя пералічаныя захворванні, з дапамогай толькі таблетак практычна немагчыма. Урэшце ў будучым гэта — ахвяра ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту, інсульту, цукровага дыябету...

— Схільнасць да такіх захворванняў закладваецца яшчэ падчас цяжарнасці, калі мела месца затрымка развіцця плода, або пазней, пасля з'яўлення на свет, калі дзіця было на штучным кармленні, і далей, калі ад 1 да 3 гадоў харчаванне было няправільным, — тлумачыць загадчыца лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук Маргарыта ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ. — Генетычная схільнасць мае значэнне, але самым важным быў і застаецца здаровы лад жыцця. Неабходна арганізаваць рэжым вучобы і адпачынку, забяспечыць дзіцяці дастатковую фізічную актыўнасць праз гульні на свежым паветры і жывыя кантакты з равеснікамі. Аднак калі ж наша дзіця прападае ў інтэрнэце, мала рухаецца, гэта пагражае не толькі наборам вагі, але і псіхалагічнай залежнасцю ад інтэрнэту, праблемамі з самаацэнкай, з тым, як дзіця будзе суадносіць сябе з навакольным светам. Трэба шукаць спосабы замяшчэння віртуальнага свету рэальным.

Бацькі абавязаны адсочваць час, які дзеці праводзяць каля камп'ютара ці з мабільным у руках. Таму што дакладных метадаў барацьбы з такога кшталту залежнасцю не існуе, у тым ліку і ў сусветнай практыцы. І чым раней з'явілася такая залежнасць, чым раней рэальныя стасункі былі падмененыя віртуальнымі, тым большая верагоднасць развіцця і ўсіх пералічаных вышэй праблем са здароўем, уключаючы блізарукасць з парушэннем паставы.

Больш за тое, пастаяннае знаходжанне ў інтэрнэце, атрыманне адтуль бясконцага патоку інфармацыі ніяк не забяспечвае высокі інтэлект. Пры механічным атрыманні інфармацыі не ўтвараюцца новыя сувязі паміж нейронамі, зніжаецца іх функцыя — мозг усё ж такі павінен «працаваць», а не перагружацца тым, што не паспявае асэнсаваць. На кожным этапе развіцця дзіця ў стане ўспрымаць і засвойваць пэўную колькасць інфармацыі. Так было 50 гадоў назад, так гэта ёсць і сёння. Але цяпер у нас з'явілася яшчэ і паняцце інфармацыйнага неўрозу, звязанага з тым, што патокі інфармацыі не засвойваюцца няспелым мозгам і нервовай сістэмай. Таму па меры сталення дзіця павінна асвоіць жывыя стасункі, разабрацца, хто яно ёсць і што яму трэба, займець нейкі інтарэс, навучыцца прымаць рашэнне, каб натыкаючыся на штосьці разбуральнае ў інтэрнэце, здолець абысці гэта. Іначай не дзіця будзе валодаць інтэрнэтам, а інтэрнэт ім.

Даследаванні маскоўскіх спецыялістаў наогул паказалі, што такі сур'ёзны псіхіятрычны дыягназ, як аўтызм (калі абцяжарваюцца кантакты з навакольнымі) атрымаў у нашы дні шырокае распаўсюджванне таксама дзякуючы павелічэнню ролі віртуальнага свету. Генетычная схільнасць да аўтызму можа нават і не праявіцца, калі выкарыстоўваць інтэрнэт толькі дзеля справы і засяродзіцца спачатку на нармальным выношванні дзіцяці, а пасля на яго нараджэнні і развіцці ў першыя гады без ускладненняў.

Бяда, а не радасць, калі 6-гадовае дзіця спраўляецца з функцыямі мабільнага, але ўсё яшчэ карыстаецца памперсам! Насамрэч інтэлектуальнае развіццё пачынаецца з асваення той жа прыбіральні. Да 7 гадоў бацькі павінны закласці шмат такіх навыкаў, у тым ліку рухавага ладу жыцця і правільнага харчавання, у якім павінны прысутнічаць бялкі, вугляводы, тлушчы жывёльнага і расліннага паходжання. Нельга дапускаць у дзяцей вегетарыянства, якое пагражае астэапарозам і анеміяй. На думку спецыялістаў, неабходна павышаць адказнасць бацькоў за здароўе сваіх дзяцей. Усё ж такі і прадукты ім выбіраюць дарослыя, і грошы на спартыўную секцыю яны даюць (ці не даюць). І цёплыя стасункі ў сям'і — іх задача.

Для забавы і для справы

Інтэрнэт нельга назваць татальным злом. Гэта выдатныя магчымасці не толькі для забавы, але і для справы. Бацькам і настаўнікам, дарэчы, для захавання ўласнага аўтарытэту не перашкодзіць актыўна асвойваць сучасныя праграмы і электронныя прыстасаванні. Шмат трэкераў, датчыкаў вельмі дапамагаюць падтрымліваць здаровы лад жыцця. Важна навучыцца самім і навучаць дзяцей фільтраваць інфармацыю, карыстацца ёю для павышэння сваёй адукаванасці.


Пра камп'ютарную залежнасць

Дыягназу такога не існуе. Размова ідзе, як правіла, пра гульняманію. Праблема ў тым, што атрыманне выніку, дасягненне поспеху ўплывае на нашы паводзіны. У віртуальнай гульні нас не пакідае ўражанне, што мы нібыта заўсёды крышку выйгралі, вось яшчэ б крыху — і дакладна выйгралі б. Нервовыя сувязі ў галаўным мозгу пачынаюць пры гэтым будавацца няправільна, узнікае паталагічнае жаданне атрымаць эйфарыю зноў і зноў. Нездарма такія залежныя паводзіны фарміруюцца найперш у людзей, схільных да дэпрэсій, няўпэўненых у сабе, якія праз гульню атрымліваюць сваю долю поспеху і значнасці, а таму маюць патрэбу ў дапамозе спецыялістаў.

Калі ваша дзіця злоўжывае інтэрнэт-гульнямі, значыць, варта разважаць над тым, чаму яно ўцякае з рэальнасці. Нельга дапускаць, каб працэс гульні суправаджаўся яшчэ і праслухоўваннем музыкі або ўжываннем ежы. Усе гэтыя дзеянні павінны быць асэнсаванымі. Маладым жа мамам, якія не жадаюць сутыкнуцца з залежнасцямі сваіх дзяцей у будучым, можна параіць абмяжоўваць час свайго знаходжання ў тых жа сацыяльных сетках. Нельга «завісаць у нэце» падчас груднога кармлення. Гэта ж самы цесны, цёплы кантакт з дзіцем! Яго неабходна перажываць, адчуваць! Гэта пойдзе на карысць малому: ва ўзросце да 1 года фарміруецца наш базавы давер да свету, эмацыянальная сфера, і лепш за ўсё гэтаму садзейнічае грудное кармленне.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.