Вы тут

​Эксперты абмеркавалі развіццё ў Беларусі зялёнай эканомікі


У рамках ХІV рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Віцебску прайшоў круглы стол «Развіццё зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь: прынцыпы, механізмы, перспектывы». У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі прыродаахоўных службаў, органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, грамадскіх аб'яднанняў краіны і замежжа.


Сертыфікат пераваг не дае

Намеснік дырэктара інжынерна-экалагічнага цэнтра «БЕЛІНЭКОМП» Уладзімір Адамовіч абазначыў асноўныя праблемы, якія існуюць у сферы сертыфікацыі паслуг у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

— Мы працуем у галіне інжынірынгавых паслуг у экалагічнай прамысловай бяспецы і ў сферы аховы працы. Наша прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці ў ліку першых у краіне, аднак, на нашу думку, сістэма не працуе належным чынам. Сертыфікацыя не дае пераваг сертыфікаваным арганізацыям і прыродакарыстальнікам. Сёння ў краіне на рынку экалагічных паслуг працуе больш за 20 сертыфікаваных арганізацый, многія з якіх нічым не адрозніваюцца ад сваіх не сертыфікаваных канкурэнтаў.

Калі казаць аб інвентарызацыі выкідаў (акце інвентарызацыі КЗА), якія ёсць на кожным прадпрыемстве, акт узгадняецца ў камплекце з нарматывам дапушчальных выкідаў, пры гэтым не патрабуюцца, як правіла, акт адбору проб і пратаколы правядзення вымярэнняў. З гэтага вынікае, што лабараторыі такіх «нядобрасумленных» арганізацый практычна не працуюць, таму што гэта патрабуе адпаведных выдаткаў.

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Адамовіча, у 2016 годзе Беларусь засталася без методык выканання вымярэнняў канцэнтрацый у паветры ЗР прамысловых выкідаў такіх шырока распаўсюджаных шкоднасцяў з вялікім валавым выкідам, як вуглевадароды, серавадарод, дыяксід серы. Яны былі выключаныя з рэестра Мінпрыроды. Пытанне аб выкананні работ па інвентарызацыі КЗА з такімі шкоднасцямі застаецца адкрытым. БДЦА, арганізацыю, якая інспектуе лабараторную практыку, больш цікавіць фармальны бок працэсу, звязаны з афармленнем пададзеных дакументаў.

Адказнасць паміж сертыфікаванай арганізацыяй і органам па сертыфікацыі павінна быць узаемнай.

— На нашу думку, сертыфікаваныя арганізацыі павінны быць падзеленыя на некалькі катэгорый, — сказаў Уладзімір Фёдаравіч. — Напрыклад, арганізацыі першай катэгорыі ў адпаведнасці са сваім кадравым патэнцыялам і сферай акрэдытацыі лабараторый павінны быць дапушчаныя да інвентарызацыі любога буйнога прадпрыемства ў рэспубліцы.

Праверкі інспекцыйнага нагляду павінны быць комплекснымі, пачынаючы з уліку актаў адбору проб і заканчваючы гатовым актам інвентарызацыі, г. зн. працэдура з пачатку і да канца працэсу павінна быць «празрыстай», каб судзіць аб якасці выкананай працы.

Уладзімір Адамовіч прапанаваў увесці ранжыраванне сертыфікаваных арганізацый на допуск да работ у залежнасці ад іх складанасці, магчымасцяў лабараторый, а таксама ад наяўнасці адпаведнага персаналу і яго колькасці, уключыць абавязковую наяўнасць сертыфікаванай сістэмы кіравання аховай працы па СТБ 18001 для арганізацый першай катэгорыі, вызначыць вектар і парадак правядзення інспекцыйнага нагляду за сертыфікаванай арганізацыяй, увесці крытэрыі для адклікання сертыфіката, зрабіць усе даныя публічнымі.

— Хацелася б, каб за высокімі словамі аб развіцці экалагічнай свядомасці грамадства, аб новых прыродаахоўных тэхналогіях, аб жорсткім кантролі дзейнасці прадпрыемстваў па вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі стаялі канкрэтныя справы, а за дэклараваннем еўрапейскіх прынцыпаў былі відаць добра прадуманыя дзеянні, — адзначыў ён.

Як актывізаваць беларускі веларух?

Антон Раднянкоў, прадстаўнік фонду «Інтэракцыя», расказаў аб выніках праекта «Устойлівая гарадская мабільнасць», які дазволіў палепшыць транспартную сістэму, бяспеку і экалагічную сітуацыю ў Полацку.

Актывістамі фонду былі распрацаваны План устойлівай гарадской мабільнасці і рэкамендацыі па яго рэалізацыі, арганізавана першая веладарожка ў горадзе, выдадзены дапаможнік па прыцягненні насельніцтва ў веласіпедны рух. Таксама стваральнікам удалося запусціць праграму для смартфонаў па планаванні паездак на грамадскім транспарце. Быў праведзены Еўрапейскі тыдзень мабільнасці і іншыя інфармацыйныя кампаніі.

Экамаркіроўка

Валерый Курылаў, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Экалогіяінвест», звярнуў увагу на стан і перспектывы развіцця экалагічнай маркіроўкі ў нашай краіне.

— Экалагічная маркіроўка прымяняецца для стымулявання ўздзеяння рынку на паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя — прадухіленне забруджвання апошняга пры вытворчасці, выкарыстанні, а таксама пры перапрацоўцы прадукцыі і ўпакоўкі, якія страцілі свае ўласцівасці. Падобная маркіроўка неабходная, паколькі яе прымяненне дазволіць паменшыць колькасць адходаў, што накіроўваюцца на захаванне, і перанакіраваць іх на выкарыстанне. З дапамогай інфармацыі аб адпаведнасці прадукцыі павышаным экалагічным патрабаванням яна таксама будзе садзейнічаць актывізацыі экспарту і павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Праблемы ўкаранення экалагічнай маркіроўкі ў цяперашні час заключаюцца ў адсутнасці зацікаўленасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, выразнага разумення вытворцамі і прадаўцамі прадукцыі прынцыпаў экалагічнай маркіроўкі, а таксама ў адсутнасці комплекснай нарматыўнай базы.

Адукацыйны аспект

Загадчык кафедры нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання БДЭУ, доктар эканамічных навук, прафесар Алена Дорына лічыць, што для паспяховай рэалізацыі ў Беларусі прынцыпаў і механізмаў зялёнай эканомікі неабходна падрыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры, якія будуць валодаць неабходнымі ведамі, навыкамі і ўменнямі ў галіне зялёнай эканомікі. Для гэтага выкладчыкамі БДЭУ была распрацавана і ўкаранёна ў навучальны працэс новая дысцыпліна «Кіраванне зялёным развіццём нацыянальнай эканомікі». Прадмет вывучае сукупнасць сутнасных характарыстык, прынцыпаў, інструментаў, метадаў і механізмаў кіравання зялёным развіццём нацыянальнай эканомікі з улікам назапашанага вопыту найлепшых замежных практык у гэтай галіне, а таксама ўлічвае нацыянальныя асаблівасці, умовы і фактары, якія могуць стрымаць гэтае развіццё.

Усіх выступоўцаў на круглым стале аб'яднала агульная ідэя абароны прыроды. Спікеры былі аднадушныя ў тым, што кіраўнікі не маюць права на бяздзейнасць і памылкі ў прыродаахоўнай чыннасці, бо прырода — адно з галоўных нашых багаццяў. І яе трэба не проста захаваць, а ачысціць ад вынікаў непрадуманай варварскай дзейнасці, якой яна падвяргалася ў апошнія дзесяцігоддзі.

Вольга ПРАЛЮК

рrаlуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: За «зялёным» сталом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».