Вы тут

Клецкі райвыканкам забараняе прыём і звальненне работнікаў арганізацый


Клецкі райвыканкам з 20 сакавіка забараняе прыём і звальненне работнікаў арганізацый без пісьмовага ўзгаднення з райвыканкамам, а таксама ўтойванне вакансій. Асабістая адказнасць за гэта ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі і спецыялістаў па кадрах. Праўда, гэтае рашэнне датычыцца толькі дзяржаўных прадпрыемстваў.


— За мінулы год у нас уладкавана на працу 987 чалавек. Акрамя таго, мы аказваем дапамогу ў перанавучанні кадраў, выдзяляем субсідыі для адкрыцця прыватнай справы, — расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкама Ала Мялюк. — У раёне створана камісія па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Генадзь Салавей.

У прынцыпе, колькасць вакансій на Клеччыне перавышае колькасць беспрацоўных. Праўда, назіраецца некаторы дысбаланс паміж попытам і прапановай рабочай сілы. Калі раней рынак працы быў арыентаваны на рабочыя спецыяльнасці — каля 75% прэтэндэнтаў, то цяпер з'явілася шмат вакансій для кваліфікаваных спецыялістаў: медыкаў, ветурачоў.

— Даводзіцца ўлічваць гэтыя моманты. Пры звароце чалавека імкнёмся падабраць месца адпаведна яго кваліфікацыі, адукацыйнаму ўзроўню. Мы ладзім кірмашы вакансій, куды запрашаем кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання. Яны лепш ведаюць сітуацыю на сваіх прадпрыемствах, у арганізацыях. Нехта з працаўнікоў збіраецца ў дэкрэтны адпачынак, а хтосьці — на пенсію. Сёння няма вакантнага месца, яно з'явіцца праз тыдзень, месяц, — кажа Ала Мікалаеўна.

Ёсць прадпрыемствы, якія набіраюць людзей на часовыя работы. Напрыклад, ААТ «Гама смаку» стварала рабочыя месцы ў сувязі з вытворчай неабходнасцю — ачысткай гародніны. Сезонныя работы арганізоўвае лясгас, сельвыканкамы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні. На гэтыя мэты выдзяляюцца сродкі з фонду сацыяльнай абароны.

— Ёсць і такія грамадзяне, якія прыходзяць на пасяджэнне камісіі, але ад працаўладкавання адмаўляюцца. Зрэшты мы наведалі ўсіх, хто быў у спісах. Вывучылі іх адукацыйны ўзровень, пажаданні. Частка з іх не пражывае на тэрыторыі раёна, нехта жыве за мяжой, хтосьці ўжо знайшоў працу. Іншыя ездзяць на заробкі ў Расію, хтосьці мае ценявыя даходы. Яны адразу казалі, што гатовы заплаціць падаткі. Сустракаліся людзі, якія не працуюць гадамі, і прызнаваліся, што ім ужо цяжка ўвайсці ў працоўны рытм, — канстатуе Ала Мялюк.

Разам з тым камісія праводзіць і выязныя пасяджэнні ў сельскай мясцовасці з запрашэннем жыхароў, кіраўнікоў арганізацый аграпрамысловага комплексу. Усіх беспрацоўных азнаёмілі з вакансіямі і рэжымам работы камісіі пад роспіс. Усяго наведалі больш як 900 чалавек, але 30% з іх так і не дайшлі да наймальніка. А былі выпадкі, што чалавек адпрацаваў усяго два дні і больш на работу не прыходзіў...

Словам, хто хоча працаваць — шукае работу. А хто не хоча працаваць — шукае прычыну.

Усяго наведалі больш як 900 чалавек, але 30% з іх так і не дайшлі да наймальніка. А былі выпадкі, што чалавек адпрацаваў усяго два дні і больш на работу не прыходзіў...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто хоча працаваць, шукае работу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?