Вы тут

Вырошчваем чарамшу на ўласных агародах


«Купляйце чарамшу!» — з такім заклікам звяртаюцца пажылыя жанчыны, якія гандлююць звычайна на стыхійных рынках. І людзі актыўна купляюць гэты вясновы далікатэс, нягледзячы на тое, што расліна ўнесена ў Чырвоную кнігу. Між тым чарамшу можна вырошчваць на ўласных агародах.


Інгрэдыент для салатаў

У народзе чарамшу называюць дзікім часнаком, або мядзведжай цыбуляй. Яе лісце падобнае на ландыш (які, дарэчы, атрутны), на смак жа яна нагадвае цыбулю, а пах расліна мае часночны, але толькі ўсё гэта ў вельмі лёгкай канцэнтрацыі. Да таго ж чарамша — нізкакаларыйны прадукт, і ўсё гэта робіць яе найлепшым інгрэдыентам для вясновых салатаў.

У чарамшы змяшчаецца цэлы комплекс розных вітамінаў: А, тыямін (В1), рыбафлавін (В2), пірыдаксін (В6), фоліевая кіслата (В9), вітамін С, ніяцын і ніяцынавы эквівалент (РР).

Чырванакніжніца

У Беларусі чарамша ўнесена ў Чырвоную кнігу з 1964 года. Вось як гэта абгрунтоўваецца: «З-за гістарычных фактараў, а таксама пад уплывам гаспадарчай дзейнасці чалавека месцаў, прыдатных для існавання папуляцый гэтай расліны, у Беларусі няшмат. Значны адмоўны ўплыў на ўстойлівасць і прадукцыйнасць папуляцыі аказвае зрэзка лісця і вытоптванне ў працэсе нарыхтовак у якасці харчовай і лекавай сыравіны. У апошнія дзесяцігоддзі некалькі папуляцый, якія знаходзіліся паблізу населеных пунктаў, зніклі (наваколлі в. Папялёва Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., Чыгуначнай станцыі «Энергетык» Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. і інш.). Колькасць раслін у іншых рэгіёнах знізілася ў сувязі з нерэгуляваным зборам насельніцтвам і вытоптваннем».

Акрамя нашай краіны, пад дзяржаўнай аховай чарамша знаходзіцца ў Літве, Латвіі, Смаленскай вобласці Расіі і Украіне.

На думку начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Свідзінскага, калі людзі перастануць купляць чарамшу ў вулічных гандляроў, тыя будуць вымушаны спыніць несанкцыянаваны збор расліны.

Мядзведжая цыбуля на сваёй градцы

Чарамшу можна пасадзіць на сваім прысядзібным участку. Вядома, на гэта спатрэбіцца больш сіл і часу, чым купіць зялёны пучок за рубель, а то і 50 капеек. Аднак давайце думаць пра прыроду і пра тое, што будзе на зямлі пасля нас. Улічваючы натуральныя ўмовы росту чарамшы, лепш за ўсё саджаць яе на зацененых участках. Для гэтага цалкам прыдатнае месца пад пладовымі дрэвамі і хмызнякамі. Расліна любіць слабакіслую, добра дрэнажаваную глебу. Пры гэтым яна павінна быць рыхлай і вільготнай. Дапускаецца выкарыстанне тарфянікаў. На прысядзібным участку вырошчваць чарамшу можна насеннем ці расадай.

Вырошчванне насеннем

Набытае насенне неабходна стратыфікаваць. Для гэтага яго кладуць у вільготны рачны пясок і ставяць на ніжнюю паліцу халадзільніка. Можна змясціць і ў іншым халаднаватым месцы з тэмпературай ад 0 да -3 °С. Праз прыкладна 100 дзён насенне можна высейваць у адкрыты грунт. Да моманту пасадкі трэба падрыхтаваць градку: глеба павінна мець рыхлы склад, дастатковую вільготнасць і, вядома, быць урадлівай.

Пры перакопцы ўносяцца наступныя варыянты ўгнаенняў (з разліку на 1 м2):

  • толькі арганіка: вядро ліставога перагною;
  • камбінаванае: вядро перагною, 15 г салетры аміячнай, 15—20 г калійнай солі і 30—40 г суперфасфату.

Далей на градцы вызначаюцца баразёнкі для высаджвання насення чарамшы. Адлегласць паміж разоркамі павінна складаць каля 20 см, а паміж раслінамі ў шэрагу — каля 15 см. Пры такой пасадцы ўдасца атрымаць каля 75 кусцікаў мядзведжай цыбулі на 1 м2.

Пасля таго як усё насенне будзе раўнамерна размеркавана, яго прысыпаюць рыхлай, лёгкай глебай і прыкачваюць. Сеянцы чарамшы патрабуюць рыхлення глебы, якое неабходна рабіць вельмі акуратна. Таксама спатрэбіцца ўнясенне арганічных угнаенняў.

Вырошчванне расадай

Гэты спосаб больш складаны. Як і першы, ён патрабуе стратыфікацыі насення для лепшай яго ўсходжасці. Але гэты працэс займае ўсяго чатыры тыдні, на працягу якіх намочанае насенне захоўваюць у халадзільніку. За гэты час яно паспявае прарасці, што дазваляе адбракаваць дрэнны матэрыял. Сеянцы чарамшы лепш за ўсё змясціць у тарфяныя збанкі, напоўненыя рыхлым глебагрунтам. Да моманту высадкі на градку расліны варта трымаць у светлым памяшканні пры тэмпературы 18 °С, не забываючыся перыядычна паліваць. Увесну, калі глеба досыць прагрэецца, надыходзіць пара высадкі расады. Градка рыхтуецца па аналогіі з папярэднім спосабам пасадкі. Выкарыстанне тарфяных гаршчочкаў дасць магчымасць на некаторы час забыцца пра праполку пустазелля. У далейшым пры вырошчванні чарамшы ўжываюцца рыхленне град, умераны паліў і мульчыраванне глебы.

Уборка і захоўванне

Лісце чарамшы збіраюць да цвіцення, а насенне — пасля пацямнення каробачак. Свежае лісце добра захоўваецца на працягу некалькіх дзён, калі яго палажыць у халадзільнік. Для больш працяглага захоўвання лісце мыюць, высушваюць, дробна рэжуць і замарожваюць у поліэтыленавых пакетах. У такім выглядзе чарамша захоўвае свае спажывецкія якасці больш за год. Лячэбныя ўласцівасці чарамшы прыкладна такія ж, як і часнаку. Лісце і хвосцікі дадаюць у салаты і супы, у начынку для пірагоў. Акрамя таго, дробна нарэзанае або тоўчанае лісце і цыбуліны чарамшы добра захоўваюць мяса, не даючы яму хутка псавацца.

Каму нельга ўжываць чарамшу

Здароваму чалавеку лекары раяць ужываць на дзень не больш за 20 лістоў гэтай расліны сярэдняга памеру. Калі не ўлічваць дазіроўку, можа ўзнікнуць бяссонніца, парушыцца функцыя сэрца, сасудаў. Настойку чарамшы нельга ўжываць падчас цяжарнасці, у лактацыйны перыяд. Пры страўнікавых захворваннях, гепатыце, панкрэатыце і эпілепсіі чарамшу рэкамендуецца выключыць з рацыёну.


Збор рэдкіх раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, забаронены і караецца штрафнымі санкцыямі на грамадзяніна ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь
(арт. 15.8. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях), што сёння складае ад 460 да 1150 беларускіх рублёў.

Віялета КРАСАЎКІНА

Загаловак у газеце: Чарамша на сваім агародзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?