Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» падводзім вынікі чэмпіянату свету па хакеі, расказваем пра змены ў беларускай федэрацыі і поспехі айчынных гімнастак на чэмпіянаце Еўропы.


1. Ігар Рачкоўскі падаў у адстаўку з пасады старшыні федэрацыі хакея, яго месца зойме Сямён Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама. Такое рашэнне было прынята на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая прайшла ў федэрацыі ў суботу.

— Федэрацыя ў апошнія гады работы зрабіла вельмі многае. Пра нас увесь свет даведаўся як пра хакейную дзяржаву. Апошняя перамога была заваявана напярэдадні ў Кёльне. Гэта велізарная заслуга Ігара Рачкоўскага, — адзначыў Сямён Барысавіч. — Маё прозвішча сярод хакеістаў вы ніколі не чулі. Так, я ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, але, калі быў у Гродне губернатарам, палюбіў хакей. Не схільны рабіць кадравыя чысткі, аднак усе мяне ведаюць як чалавека жорсткага і патрабавальнага. Без гэтага не бывае вынікаў, — падкрэсліў Шапіра.

Новы старшыня федэрацыі абраны на чатыры гады.

Тым часам у Германіі і Францыі завяршыўся 81-ы чэмпіянат свету па хакеі. У фінальным паядынку за залатыя ўзнагароды змагаліся зборныя Канады і Швецыі, пераможца вызначыўся толькі ў серыі штрафных кідкоў. Лік сустрэчы — 1:2, тытул чэмпіёнаў узялі шведы. Для іх гэта дзясятая перамога на планетарным першынстве і першая з 2013 года ў фінале. Дарэчы, раней у фіналах чэмпіянатаў свету мацнейшага ў серыі булітаў вызначалі толькі аднойчы — у 1994 годзе (канадцы адолелі фінаў).

У паядынку за бронзавыя ўзнагароды зборная Расіі была мацнейшай за фінаў — 5:3.


2. Аліна Гарнасько заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў практыкаванні з мячом. Перамагла ў гэтым відзе расіянка Арына Аверына, «серабро» ў іншай прадстаўніцы Расіі Аляксандры Салдатавай. Аліна Гарнасько таксама заняла чацвёртае месца ў практыкаванні з булавамі і пятае са стужкай.

У фіналах асобных практыкаванняў прыняла ўдзел яшчэ адна беларуска Кацярына Галкіна, яе найлепшым вынікам стала пятае месца ў практыкаванні з абручом. Бронзавы медаль Аліны Гарнасько — другая ўзнагарода ў скарбонцы зборнай Беларусі на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы. Раней нашы грацыі заваявалі «серабро» ў камандным мнагабор'і.


3. Мінскі СКА і БГК імя Мяшкова сталі фіналістамі чэмпіянату краіны па гандболе. Першы паядынак залатой серыі адбудзецца 24 мая ў мінскім палацы спорту «Уручча». 27—28 мая серыя пераедзе ў Брэст.


4. На дамашнім чэмпіянаце Еўропы беларускія самбісты заваявалі 20 медалёў — 3 залатыя, 5 сярэбраных і 12 бронзавых. Адзначым, што ў сталічным Палацы спорту было разыграна 27 камплектаў узнагарод: у 9 вагавых катэгорыях у мужчын і ў 9 — у жанчын у спартыўным самба, а таксама ў 9 вагавых катэгорыях у баявым самба.


5. Завяршыліся матчы 9-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Дамашняя сустрэча «Гарадзеі» з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ» завяршылася перамогай гаспадароў 3:2. З такім жа вынікам «Іслач» абыграла ў Мазыры мясцовую «Славію», «Шахцёр» з мінімальнай перавагай перайграў «Слуцк» — 2:1, БАТЭ быў мацнейшым за мінскае «Дынама» — 1:0, «Гомель» забраў ачкі ў «Нафтана» — 3:1, «Дынама» (Брэст) на сваім полі перайграла «Віцебск» — 2:0. З нічыйным вынікам завяршылася сустрэча «Мінска» і «Дняпра» — 0:0, а «Нёман» перайграў «Крумкачоў» — 2:0.

Становішча ў лідзіруючай групе: «Шахцёр» — 22 ачкі, БАТЭ — 20, «Дынама» (Мінск) — 18.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Трэ Крунур» узялі тытул чэмпіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».