Вы тут

Міжнародны злёт піянераў сабраў у сталіцы дзве тысячы юных актывістаў


Міжнародны злёт піянераў сабраў у сталіцы каля дзвюх тысяч юных актывістаў арганізацыі з усіх рэгіёнаў краіны і замежжа. Акрамя іх, удзельнікамі мерапрыемства пад назвай «Заўсёды гатовы!» сталі лідары і кіраўнікі руху розных гадоў, ветэраны, а таксама пачэсныя госці. Такім чынам у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адзначалі 95-годдзе з дня стварэння піянерскай арганізацыі.


— Гэта свята не толькі цяперашніх піянераў, але і нашых бацькоў, дзядуль, бабуль, — адзначыла старшыня Цэнтральнага савета БРПА Вікторыя МЯНАНАВА. — Мы вельмі рады, што здолелі захаваць у арганізацыі пераемнасць. «Піянер — усім прыклад» — гэты прынцып быў і застаецца нязменным, як і нашы галоўныя традыцыі. Хлопцы і дзяўчаты па-ранейшаму дапамагаюць пенсіянерам, вучаць малодшых, прасоўваюць агульначалавечыя каштоўнасці. Хоць, вядома, многае змяняецца, бо мы імкнёмся ісці ў нагу з часам. У прыватнасці, актыўна працуем у інтэрнэце, сацыяльных сетках.

Госці мерапрыемства маглі ўбачыць плац-парад піянераў-лідараў, сцяг-шоу, паказальныя выступленні групы барабаншчыкаў, найлепшых піянерскіх камандаў падтрымкі і многае іншае. Падчас форуму працавала выстава «Піянерыя — цудоўная краіна», на якой былі прадстаўлены ўнікальныя рарытэтныя экспанаты: калекцыі значкоў і нашывак, паштовак і марак, фарфоравых фігур, піянерскіх сцягоў з цікавымі гісторыямі, вымпелаў, дакументаў, грамат, дзённікаў важатых.

— Вельмі добра памятаю, як сам быў піянерам, — расказаў адзін з гасцей форуму, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ. — Як уступаў у шэрагі арганізацыі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як хваляваўся, бо кожны хацеў, каб яго прынялі ў першую чаргу. Бо ў тыя часы не быць піянерам звычайна азначала, што ты ў нечым правініўся. Тая ідэалогія прадугледжвала, што піянер — самы малодшы памочнік палітычнага ладу цэлай краіны. Цяпер роля арганізацыі, вядома, трансфармавалася — палітычная функцыя адышла на другі план, але ідэалагічны складнік застаўся. Бо рух дапамагае выхоўваць у нашых дзяцей беражлівае стаўленне да жыцця, любоў да працы, актыўнасць. Праз піянерыю мы выхоўваем сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, не ставячы пры гэтым ніякіх палітычных задач.

Кульмінацыяй святкавання стала тэатралізаванае прадстаўленне «Летапіс піянерыі», прысвечанае лёсам герояў руху, сямейным легендам і падзеям, звязаным з арганізацыяй, ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. У аснову сцэнарыя спектакля ляглі гісторыі юнкараў, «ажыць» якім дапамаглі ўдзельнікі найлепшых тэатральных калектываў Міншчыны.

— Мы з сяброўкамі прыехалі, каб паўдзельнічаць у форуме, а непасрэдна я знаходжуся тут у якасці юнага журналіста, — расказала вучаніца 11 класа рэчыцкай сярэдняй школы №9 Марыя КОЦУР. — Да арганізацыі далучылася яшчэ ў малодшай школе, з тых часоў прымаю ўдзел у самых розных мерапрыемствах, якія мы праводзім. Абавязкова віншуем ветэранаў на Дзень Перамогі, самі ўдзельнічаем у парадах, многія цікавяцца рухам юных інспектараў дарожнага руху. Мне вельмі падабаецца быць піянерам, бо рух аб'ядноўвае ўсіх дзяцей. Няважна, з якога ты горада, кожны тут — твой сябар, бо ўсе мы робім агульную справу.

Са святам піянераў краіны павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА. У сваім пасланні ён падкрэсліў, што БРПА з'яўляецца адным з самых масавых грамадскіх аб'яднанняў краіны, выхоўвае таленавітых дзяцей і падлеткаў, становіцца стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца іх жыццёвы шлях. Уступаючы ў шэрагі піянерыі, кожны можа знайсці занятак па душы, сустрэць надзейных сяброў і аднадумцаў, развіць свае здольнасці і дараванні, падкрэсліў беларускі лідар.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Свята ўсіх пакаленняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.