Вы тут

Узор, які варта пераймаць і развіваць


Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы наведалі Бабруйск, каб азнаёміцца з асаблівасцямі мясцовага вучэбнага працэсу.


За апошнія гады бабруйчанам хапала нагодаў ганарыцца маладымі інтэлектуаламі.Толькі за 2016—2017 навучальны год з міжнародных алімпіяд па матэматыцы ў Швейцарыі і хіміі ў Астане бабруйчане прывезлі бронзавы і залаты медалі. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскіх алімпіяд у Беларусі горад сабраў 84 дыпломы, а на заключным этапе — яшчэ 19. Прыкладна 65 працэнтаў выпускнікоў становіцца студэнтамі ВНУ. Такія поспехі не маглі застацца незаўважанымі.

— Сёння мы на прыкладзе Бабруйска бачылі, наколькі эфектыўна дзейнічае сістэма адукацыі, калі настаўнікі сапраўды працуюць па праграме, выконваюць планы і ўкладаюць душу ў сваю работу. Калі дзеці атрымліваюць узнагароды рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, то гэта сведчыць толькі, што настаўнікі сапраўды якасна падалі матэрыял, — падзяліўся ўражаннямі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Па словах старшыні, тая сістэма адукацыі, што існуе сёння ў краіне, цалкам жыццяздольная, таму трэба быць абачлівымі ў сферы рэформаў, якія могуць аказацца паспешлівымі і стаць шляхам да непрадуманых дзеянняў і знішчэння старой сістэмы без годнай для яе альтэрнатывы. Выпраўляць неабходна толькі тыя нюансы, што перашкаджаюць развіццю, але пры гэтым не закранаючы глыбінных устояў і працэсаў.

На думку палітыка, неабходнасць карэнных змен адпадае з дзвюх прычын.

Перспектыўным для павелічэння зацікаўленасці настаўнікаў дэпутат лічыць вопыт устаноў сярэдняй адукацыі. У адрозненне ад вышэйшай, там ёсць паняцце «работы на вынік» і «матывацыі асобна ўзятага актыўнага педагога». Калі вучань бярэ медалі і дыпломы, то выкладчыку прадмета ідзе матэрыяльная надбаўка да заробку за добрую працу. Старшыня парламенцкай камісіі лічыць, што трэба дыферэнцыравана падыходзіць да аплаты працы, прычым даплаты за поспехі вучняў павінны быць сапраўды значнымі.

Яшчэ адзін важны на думку дэпутата кірунак у падрыхтоўцы якасных адукацыйных кадраў быў агучаны ў Пасланні Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Знаёмства з прафесіяй для маладых настаўнікаў пажадана пачынаць ужо на першых-другіх курсах, каб студэнт вучыўся кантактаваць з дзецьмі.

А вось у дачыненні да ўстаноў вышэйшай адукацыі прагучалі і крытычныя выказванні. Ігар Марзалюк нагадаў, што сёння самы вялікі адток студэнтаў з ВНУ адбываецца пасля першага і другога курса, прычым гэта статыстыка сведчыць не пра цяжкасць іспытаў. Бывае, што маладыя людзі расчароўваюцца ў абранай спецыяльнасці, бо якасць выкладання прадмета ва ўніверсітэце часам горшая, чым у старэйшых класах гімназіі. Як вынік — каля 35 тысяч беларускіх выпускнікоў вучацца за мяжой. Выхадам з азначанай сітуацыі, на думку старшыні парламенцкай камісіі, можа стаць скарачэнне колькасці ўніверсітэтаў праз далучэнне іх да вядучых галіновых ВНУ ў якасці інстытутаў.

Меркаванні

Дэпутат Аксана Няхайчык, Шабаноўская акруга №91:

— Лічу, што адбылася канструктыўная размова. Мяне зацікавіла праблема медыцынскіх работнікаў у дашкольных установах. Раней такія спецыялісты прылічваліся да сістэмы адукацыі, аднак цяпер спецыялістаў у дзіцячыя садкі выдзяляе сістэма аховы здароўя. Сёння мы бачым, што медыкаў у школах не хапае, нярэдка на дзве-тры вучэбныя ўстановы працуе па графіку адзін медыцынскі работнік. Трэба прааналізаваць гэту праблему.

Святлана Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі:

— Хацелася б адзначыць сістэму работы з адоранымі навучэнцамі — гэта адзіная сістэма адукацыі ў горадзе без драбнення на часткі. У той жа час Бабруйск на сваім прыкладзе паказаў, што для выніку трэба размяжоўваць алімпіядную і даследчую падрыхтоўкі. Гэты вопыт, лічу, можна было б узяць для далейшай распрацоўкі. Радуе таксама, што бабруйскія настаўнікі з'яўляюцца прафесіяналамі, якія могуць падрыхтаваць пераможцаў міжнародных алімпіяд.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

г. Бабруйск

Загаловак у газеце: Пагаворым аб адукацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».