Вы тут

Збалансаваны і рэалістычны. Такім будзе рэспубліканскі бюджэт у 2018-м


Дзяржаўная казна захавае сацыяльную накіраванасць і будзе фарміравацца зыходзячы з кансерватыўнага сцэнарыя. Пры тым праект канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год будзе ўнесены ў Савет Міністраў да канца мая, паведаміў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Пра гэта стала вядома падчас семінара аб арганізацыі бюджэтнага працэсу ў Беларусі, што адбыўся ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.


«Трэба дакладна размежаваць утрыманскія настроі і грамадскія інтарэсы. Зарплата павінна быць зароблена, тавар — прададзены, а бюджэт — працаваць на развіццё. Падтрымліваць неабходна тых, хто без гэтага не пражыве: дзяцей, старых, інвалідаў, іншыя сацыяльна неабароненыя слаі насельніцтва. Астатнім трэба стварыць умовы, каб яны маглі зарабляць самастойна», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

Па словах Людмілы Дабрынінай, старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, бюджэт у наступным годзе будзе накіраваны на павышэнне інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, на выкананне асноўных абавязацельстваў перад насельніцтвам, а таксама на вырашэнне агульных задач, што стаяць перад эканомікай сёння.

Уладзіслаў Шчэпаў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, падкрэсліў, што бюджэт будзе фарміравацца па кансерватыўным сцэнарыі. «У яго будуць закладвацца пэўныя рызыкі ў знешнеэканамічнай дзейнасці, ён будзе рэалістычны, будзе мець сацыяльную накіраванасць, а таксама рашаць найважнейшыя пытанні, якія стаяць перад краінай: экспарту, бяспекі, сацыяльных гарантый, фарміравання інвестыцыйнага клімату, — дадаў ён. — Прагноз на наступны год не вельмі аптымістычны, чакаць значнага эканамічнага росту не даводзіцца. Але мы працуем у межах таго прагнозу пяцігодкі, які маецца».

Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў растлумачыў, што падчас фарміравання бюджэту на 2018 год прапануецца разглядаць тры сцэнарыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця: базавы, мэтавы і кансерватыўны. «Пры распрацоўцы кансерватыўнага сцэнарыя ўлічваюцца магчымасці рэалізацыі тых рызык, якія негатыўна могуць адбіцца на развіцці асноўных гандлёвых партнёраў і значна пагоршыць цэнавую кан'юнктуру на знешніх рынках. Гэты сцэнарый прапануецца выкарыстоўваць для фарміравання бюджэту», — паведаміў ён.

Пры гэтым базавы сцэнарый прадугледжвае стабілізацыю сусветнага рынку нафты, улічвае дамоўленасці з Расіяй, а таксама паступовае павелічэнне попыту на беларускую прадукцыю на экспартных рынках. Мэтавы грунтуецца на выхадзе на асноўныя паказчыкі пяцігадовай праграмы, што прадугледжвае рэалізацыю запланаваных мер эканамічнай палітыкі, якія ствараюць стымулы для паскарэння эканамічнага росту. Важна пры фарміраванні бюджэту, лічыць намеснік міністра эканомікі, не памыліцца са сцэнарыем, бо залішне аптымістычныя ацэнкі знешніх і ўнутраных умоў пацягнуць за сабой неабходнасць удакладнення бюджэту, рэзервавання выдаткаў.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.