Вы тут

Вобраз першадрукара, намаляваны студэнтамі


Час постмадэрну скінуў помнікі і ідалы з п'едэстала. У сучасным мастацтве, літаратуры, культуры ўвогуле кожны мае права на самавыяўленне і можа сказаць сваё слова ў той манеры, у якой яму зручней. Гэта кепска? Думаю, зусім не. Разам з разбурэннем пантэонаў да творцаў прыйшло разуменне блізкасці і чалавечнасці тых, хто раней лічыўся толькі бронзавай фігурай. Думаецца, менавіта гэтую ідэю яшчэ раз засведчыла Міжнародная выстаўка сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці», што адкрылася ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. Яна прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і мае сваім дэвізам словы «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы». У якасці арганізатараў праекта выступілі Міністэрства адукацыі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.


Намаляваць партрэт першадрукара літарамі ў сучаснай тэхніцы лэтэрынгу — лёгка. Паэксперыментаваць з буквіцай — калі ласка. Дастаць з паліцы самую старую кнігу і ўпісаць яе ў сучасны кантэкст — з задавальненнем. Знайсці ў сучаснасці повязь з мінулым і па-мастацку яе абыграць — што можа быць прасцей. Здаецца, студэнты, чые работы прадстаўлены на экспазіцыі, сапраўды натхніліся вобразам першадрукара і яго спадчынай, таму і водгукі, што прагучалі падчас адкрыцця выстаўкі, былі ў большасці станоўчымі. Так, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Таццяна ЯКУБОВІЧ зазначыла:

— Пяць стагоддзяў таму наш асветнік Францыск Скарына сваімі справамі на ўсю Еўропу заявіў, што ёсць такі народ — беларусы. І наша задача развіваць, захоўваць спадчыну. На гэтай выстаўцы прадстаўлены работы студэнтаў 32 ВНУ краіны. Адметна, што не ўсе з іх навучаюцца па спецыяльнасцях, звязаных з мастацкай творчасцю і дызайнам, але змаглі праявіць крэатыўнасць.

А вось намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі Алесь СУША разважаў так:

— Я бачу сапраўдную культурную рэвалюцыю, якая адбываецца сёння ў стаўленні да нашай спадчыны і нашых найважнейшых персон. Быў перыяд, калі мы ўзвялі высокія помнікі выдатным дзеячам; быў час, калі былі напісаныя грунтоўныя манаграфіі, прысвечаныя ім; быў час, калі творчасць апявалася ў высокай паэзіі. Але сёння ўсё змяняецца, і мы маем справу з новым пераасэнсаваем мінуўшчыны, спробамі звязаць сябе са спадчынай, традыцыямі, перастварыць і пераадкрыць іх для сябе, паказаць, што ў іх ёсць патэнцыял для развіцця. Сённяшняя выстаўка — найлепшы доказ гэтаму.

У Нацыянальнай бібліятэцы выстаўка «Грані творчасці» гасцюе да 10 жніўня, затым яна выправіцца ў вандроўку па краіне. Абяцаюць, што экспазіцыя на некаторы час прыпыніцца ў кожнай вобласці Беларусі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Скарына — чалавек дасканалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».