Вы тут

Як праходзяць грамадскія работы ў заапарку?


На гадзінніку — восем раніцы. Свае дзверы для наведвальнікаў сталічны заапарк адчыніць толькі праз дзве гадзіны, а беспрацоўныя ўжо збіраюцца, каб адпрацаваць належнае і зарабіць якую-ніякую капейчыну (за дзень — каля 11 рублёў). Тут яны займаюцца падсобнымі работамі, прыбіраюць тэрыторыю.


— Да жывёл не дапускаюцца, — папярэджвае наша пытанне намеснік дырэктара Мінскага заапарка Аляксандр САФРОНАЎ. — Небяспечна. Для гэтага патрэбна спецыяльная падрыхтоўка.

У дзень арганізацыя прымае да 15 «адпрацоўшчыкаў». Майстар па ўтрыманні зялёных насаджэнняў Мікалай НОВІК расказвае, што ёсць і такія, хто па два гады да іх на грамадскія работы ходзіць. «А моладзь, бывае, прышлюць — тая не ведае, што такое рыдлёўка. Хлопцы не ўмеюць забіць цвік, а дзяўчаты ніколі не палолі кветкі», — дзеліцца майстар. Адсядзецца для галачкі, дарэчы, не атрымаецца: гультаю проста не залічаць дзень адпрацоўкі і адправяць дадому.

У штаце заапарка, вядома, ёсць свае дворнікі і падсобныя рабочыя, але дапамога лішняй не бывае. Вось група беспрацоўных на ўваходзе зграбае скошаную траву. 44-гадовая Вольга расказвае, што ўжо месяц у пошуках работы. Па спецыяльнасці жанчына швачка, але пасля інсульту прыйшлося забыць на машынку і працаваць прыбіральшчыцай. А знайсці такую вакансію цяпер амаль нерэальна.

— Пад'язджаеш у фірму. Свабоднае месца быццам ёсць, але кажуць, што не падыходзіш, — расказвае пра складанасці Вольга. — У некаторых арганізацыях бяруць на стажыроўку, працуеш месяц бясплатна. А пасля на работу не запрашаюць — прыходзяць стажыравацца новыя людзі. Прадпрыемства зарабляе, а мы — не.

Магчымасці падзарабіць жанчына рада: трэба ж неяк сям'ю карміць. Дый не такая тут брудная работа, клеткі чысціць не прымушаюць.

Яе сённяшняя «калега» Таццяна ўздыхае: усе добрыя вакансіі занятыя. Жанчына мае спецыяльнасць рабочага зялёнай гаспадаркі, але сцвярджае, што па прафесіі ўладкавацца не атрымліваецца. То касцы патрэбны, а не азеляніцелі, то на месца іншага чалавека возьмуць.

— На што жыву? У сяброўкі на ўчастку падпрацоўваю. Дапамогу атрымліваю — 20 рублёў у месяц. Але гэта мала, на раз у краму схадзіць. Даюць яшчэ талоны на праезд. А то кантралёры не глядзяць на даведку беспрацоўнага, высаджваюць з аўтобуса і ўсё.

Міхаіл, цясляр-бетоншчык, фарбуе агароджу. На ўлік як беспрацоўны стаў два месяцы таму, пасля таго як яго скарацілі на прадпрыемстве.

— Вакансіі цесляра, сталяра ёсць, — апісвае мужчына сітуацыю. — Але заробкі там абяцаюць невялікія. 250 рублёў, напрыклад, а ў мяне на папярэдняй рабоце 800 было. Можа, служба занятасці нармальную вакансію падбярэ... (задумваецца) Разрад у мяне нізкі. Я магу працаваць як след, але новаму наймальніку гэта трэба даказаць.

Пакуль ідзём на гаспадарчы двор, уздоўж вальераў з ламамі і ваўкамі, Мікалай Новік заўважае, што некаторыя пасля грамадскіх работ застаюцца ў іх на пастаяннай аснове. Аднаго, напрыклад, электрыкам уладкавалі.

— Увогуле да нас на адпрацоўку шмат будаўнікоў прыходзіць, рабочых з заводаў. Часцей гэта людзі, якім за 40—50 гадоў, — дзеліцца назіраннямі майстар.

Пра тое, што пасля 50 нідзе не хочуць браць, расказвае і беспрацоўны Андрэй. На біржы ён стаіць паўгода. У мінулым кіроўца-міжнароднік, пасля аперацыі на калене мужчына цяпер не можа доўга сядзець за рулём. «Адправілі на курсы пагрузчыка ад службы занятасці, — расказвае Андрэй, зацягваючыся цыгарэтай. — Але па стане здароўя не пацягну гэту работу. Тыдзень паездзіў — ледзь разагнуўся».

Мужчына прадаў машыну, на гэтыя грошы цяпер і жыве. Стараецца эканоміць: харчуецца бульбай, якую вырасціў летась на дачы, і хатнімі нарыхтоўкамі.

Многія беспрацоўныя на грамадскіх работах у заапарку ўпершыню. Але толькі не Ігар. Здаровы мужык, ён больш за год нідзе не працуе. Хоць мае добрую спецыяльнасць — зубны тэхнік.

— Зайдзіце ў інтэрнэт, паглядзіце: такія не патрабуюцца, — пераконвае ён нас падчас перакуру, які ў яго пачаўся раней за работу.

Мы потым праверылі ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій: у Мінску сапраўды свабодных месцаў для зубных тэхнікаў няма. Ёсць у іншых гарадах: Светлагорску, Баранавічах, Нароўлі. Іншая справа, што ў Ігара кваліфікацыі для гэтага не хопіць. Медыцынскі дыплом кожныя пяць гадоў пацвярджаць трэба, а мужчына апошнія разы ігнараваў гэту працэдуру.

— Цэлы год не працуеце, за што прадукты купляеце? — не разумеем мы.

— Радня дапамагае...

Ігар кажа, што на вакансію з заробкам ад 300 рублёў і вышэй гатовы ісці. Няўжо за год такую знайсці не змог? Як той казаў, адны шукаюць магчымасці, іншыя — апраўданні.

Афіцыйна

З пачатку года ў аплатных грамадскіх работах прыняло ўдзел амаль 1,3 тысячы мінчан, у тым ліку 1268 беспрацоўных. Актыўней за ўсё ідуць у Мінскі заапарк, Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, «Зелянбуд» Фрунзенскага раёна. Усяго сёлета заключана 78 дагавораў з наймальнікамі аб правядзенні грамадскіх работ. Сярод іх «Строммаш», «Галантэя», 4-я гарадская клінічная бальніца імя Саўчанкі і іншыя.

Як правіла, гэта дзейнасць, якая не патрабуе кваліфікацыі ці спецыяльнай падрыхтоўкі, такая як прыборка і добраўпарадкаванне тэрыторыі горада і аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўнічыя і падсобныя работы.

Аплата налічваецца ў адпаведнасці з сістэмай аплаты працы, што ўстаноўлена ў наймальніка, згодна са штатным раскладам, але не ніжэй за памер мінімальнага заробку. За дзень грамадзянін атрымлівае каля 12—15 рублёў.

Гараджане, якія маюць складанасці з пошукам пастаяннай работы, могуць часова ўладкавацца на 485 месцаў. Поўны пералік вакансій для грамадскіх работ знаходзіцца на сайце камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Клеткі чысціць не прымушаюць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».