Вы тут

Як ва Узброеных Сілах выбіралі найлепшую сям'ю


Праўда, за ганаровае званне трэба было пазмагацца. Дружныя, таленавітыя і згуртаваныя — усе як на падбор — вайскоўцы і іх родныя дзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця ў межах конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства», які ўжо не першы год ладзіцца ў беларускай арміі.


Най­вы­шэй­шыя ба­лы жу­ры пры­су­дзі­ла  сям'і лей­тэ­нан­та Ула­дзі­сла­ва ГУ­СА­КО­ВА.

Сёлета за званне быць найлепшымі з найлепшых змагаліся сем шлюбных пар з розных куточкаў Беларусі. Нягледзячы на тое, што кожную з іх звязвае любоў да арміі, ужо падчас першага конкурсу — «Візітная картка сям'і» — удалося пераканацца, што ўсе яны розныя. І, самае галоўнае, у кожнага з іх — свая гісторыя кахання.

Цікава, што старшы прапаршчык Дзмітрый Грынюк пазнаёміўся са сваёй жонкай Веранікай у Дзень Перамогі. Гвардыі маёр Аляксандр Пастэрнак, які служыць ідэолагам у 103-й асобнай брыгадзе, сустрэў сваю Ганну падчас ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Сімвалічна, што дэсантнік павёў пад вянец нявесту акурат 2 жніўня, калі адзначаецца Дзень паветрана-дэсантных войскаў. А вось Міхаіл і Алена Кумяковы згулялі вяселле ў трыццаціградусны мароз. Такія ж моцныя ў іх і пачуцці, прызнаюцца фіналісты, якія ўдзельнічаюць у конкурсе ўжо другі год запар.

— Першы раз мы крыху саромеліся, таму не ўсё ўдалося расказаць пра сваю сям'ю, — гавораць Міхаіл і Алена Кумяковы. — Ды і наш рухавік, галоўны крышталь нашай сям'і, пяцігадовая дачушка Паліна, не дае сядзець на месцы. Дзіця вельмі актыўнае, творчае, таму мы не маглі застацца ўбаку.

Паліна сапраўды стала зоркай конкурснай сцэны, толькі Кумяковым зусім трохі не хапіла да першага месца. Але сям'я, якая летась па рашэнні журы была трэцяя, не выключае, што прыедзе на конкурс і на наступны год: сумесная падрыхтоўка, як прызналіся канкурсанты, толькі згуртоўвае іх сям'ю.

Такога меркавання прытрымліваецца і сям'я яфрэйтара Баско. Толькі пагоны ў гэтым выпадку носіць жонка. Кацярына служыць радыётэлеграфісткай у адной з вайсковых часцей Барысава. Закахалася ў армію якраз у той час, калі чакала з войска будучага мужа. На службе ў Кацярыны не камандзірская пасада, але, па прызнанні членаў сям'і, дома яна — дакладна «генерал».

Віртуальнае падарожжа па Беларусі сем'і ваеннаслужачых ажыццявілі падчас конкурсу «Мой родны кут, як ты мне мілы...» Пра месцы, дзе яны нарадзіліся і раслі, вучыліся і пазнаёміліся, а таксама дзе служаць, канкурсанты расказвалі з асаблівай цеплынёй. А творчыя здольнасці дэманстравалі падчас заключнага конкурсу.

Моцны харэаграфічны нумар Уладзіслава і Аксаны Гусаковых перанёс гледачоў у цяжкія ваенныя гады і канчаткова пераканаў журы ў правільным выбары пераможцаў. Уладзіслаў — лётчык-верталётчык 50-й змешанай авіябазы, яго жонка, па прафесіі педагог-арганізатар, знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Маленькі Арсеній, які быў галоўным балельшчыкам сваіх бацькоў, кажа, што стане такім жа, як бацька. «Ты будзеш лепшым за мяне», — адказвае Уладзіслаў словамі свайго бацькі-афіцэра, які загінуў падчас выканання воінскага абавязку.

Як прызнаецца Аксана, вельмі ганарова быць жонкай лётчыка, але за гэтым хаваецца і штодзённае хваляванне. «Кожны раз з нецярпеннем чакаю яго званка пасля палёту», — кажа тая, якая называе сакрэтам сямейнага шчасця ўзаемаразуменне. Не чуючы нашай размовы, перакананы ў гэтым і яе муж — відаць, нездарма кажуць, што муж і жонка — найлепшая сполка.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ

Загаловак у газеце: Тыл вайскоўца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».