Вы тут

Вызначаны пераможцы Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Млын моды»


Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 450 калекцый. У фінал прайшлі 100 найлепшых. Арганізатары XXVІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» адзначаюць, што з кожным годам цікавасць да мерапрыемства расце. Як і прафесіяналізм удзельнікаў.


— Некаторыя калекцыі ўжо можна прапаноўваць на продаж, гэта дастаткова насібельнае маладзёжнае адзенне, — лічыць старшыня журы конкурсу Святлана ГНЯДЗЁНАК. — 26 фестываляў — гэта вялікі перыяд часу. Хочацца, каб дызайнеры здзіўлялі і эпаціравалі публіку. Мы не задаём канкрэтную тэму для творчасці — гэта значыла б спыніць паток ідэй. Якія тэндэнцыі назіраюцца ў калекцыях юных дызайнераў? Адчуваецца футурызм, фольк, моладзь выкарыстоўвае складаныя прынты.

Конкурс носіць адукацыйны характар, таму на працягу года для ўдзельнікаў праводзілі семінары па стылі, дызайне адзення, фатаграфіі.

Вызначаць найлепшых былі запрошаны беларускія і міжнародныя эксперты з Латвіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі. Член журы Руслан ХВАСТАЎ — украінскі мадэльер і мастак па касцюмах — прызнаецца, што заўсёды цікавіўся беларускім дызайнам. «Я з'яўляюся арганізатарам фестывалю Ukraіnіan Іnternatіonal Fashіon Fest. І калі да нас прыязджалі беларусы, яны займалі прызавыя месцы. Гэта заўсёды было крэатыўна. Вашы мадэльеры выкарыстоўваюць нечаканыя матэрыялы, умеюць абыгрываць элементы фольку, — дзеліцца назіраннямі эксперт. — Мне здаецца, беларусы за апошнія гады ў плане моды змяніліся ў лепшы бок. Здорава, што ў вас падтрымліваюць айчынных вытворцаў».

Крыніцы натхнення ў сёлетніх удзельнікаў былі самыя розныя. Папулярны серыял «Гульня тронаў», афрыканскія маскі, медузы і нават Прэзідэнт Беларусі (майку з партрэтам кіраўніка дзяржавы на подыум выпусціла мадэльер з Барысава). Юныя дызайнеры спаборнічалі ў дзвюх намінацыях. У катэгорыі «Школа моды» найлепшую калекцыю адзення для дзяцей прадставіла Наталля Рубанава (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Ювента» Светлагорска), для падлеткаў — Настасся Тарасава (Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава), для мужчын — Аляксандра Ляхавец (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), для жанчын — Надзея Малафей (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Пераможцам у намінацыі «Майстар моды» стала мінчанка Наталля Касцова.

— Галоўны прыз — удзел у міжнародных творчых майстэрнях. Летась нашы дызайнеры наведвалі Прагу, Варшаву, Кракаў. Пачуць досвед сваіх аднагодак, іх педагогаў, майстроў у галіне моды — гэта важна. Вядома, хацелася б, каб калекцыі канкурсантаў ішлі ў вытворчасць. Будзем працаваць у гэтым кірунку, — кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея ВАСІЛЬЧАНКА.

У рамках «Млына моды» прайшоў таксама конкурс сярод фатографаў. Сёлета ён змяніў фармат. Удзельнікам трэба было прадставіць сацыяльны рэпартаж у стылі fashіon. У фінал выйшла 11 работ. Юныя аўтары выбралі тэмы экалогіі, бяздомных жывёл, залежнасці дзяцей ад сацыяльных сетак. У выніку першае месца ў намінацыі «Фота» заняла Алена Марозава з Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя Ларына.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Наступны крок — пусціць у вытворчасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.