Вы тут

З Сербіяй у Беларусі склаліся асабліва прыязныя і адкрытыя адносіны


Яны грунтуюцца як на агульным — савецкім — гістарычным мінулым, так і на адносна нядаўніх падзеях. Беларусь падтрымала Югаславію (Сербія — яе пераемніца) у цяжкія 90-я, калі НАТА здзейсніла шэраг бамбардзіровак па тэрыторыі краіны: як па ваенных аб'ектах, так і па грамадзянскіх будынках. Сербія захавала добрыя кантакты з Беларуссю ў гады, калі Еўрасаюз увёў супраць нас санкцыі.


Узаемная падтрымка

Беларускі лідар чатыры разы наведваў Сербію: у 1998, 1999, 2009 і 2014 гадах. Кіраўнікі сербскай дзяржавы здзяйснялі візіты ў Мінск у 1996, 2013 і 2015 гадах. Учора ж завяршыўся чацвёрты візіт кіраўніцтва Сербіі ў Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка ўжо шмат гадоў знаёмы з Таміславам Нікалічам, Прэзідэнтам Сербіі, — яны ведалі адзін аднаго яшчэ да таго, як апошні заняў вышэйшую дзяржаўную пасаду. Учора перад пачаткам размовы беларускі лідар узнагародзіў калегу ордэнам Дружбы народаў за значны ўнёсак ва ўмацаванне міру, сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй.

— Я вельмі цаню тваю пазіцыю па Беларусі ўвогуле, — адзначыў беларускі Прэзідэнт, звяртаючыся да высокага госця.

— Сутнасць гэтай пазіцыі ў тым, што Таміслаў Нікаліч яшчэ да свайго абрання Прэзідэнтам прыязджаў у Беларусь і не проста прыязджаў, а адкрыта, сумленна і прынцыпова падтрымліваючы Беларусь, займаў жорсткую пазіцыю па абароне інтарэсаў беларускага народа, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта галоўнае, таму што прэзідэнтамі мы абавязаны супрацоўнічаць: падабаемся мы адзін аднаму, не падабаемся, падабаецца дзяржаўнае ўладкаванне той ці іншай краіны або не падабаецца... Мы павінны ўспрымаць рэальна. А вось проста як чалавек — да абрання — Таміслаў Нікаліч быў асаблівым у адносінах да нашай краіны.

Сербія выдзяляе сярод прыярытэтаў у знешняй палітыцы ў першую чаргу ўступленне ў Еўрасаюз. Тым не менш дзяржава заўсёды імкнулася падтрымліваць шчырыя адносіны з Беларуссю. Так, у мінулым годзе дзяржава ў ліку васьмі краін, што не ўваходзяць у ЕС, далучылася да рашэння Савета ЕС аб зняцці санкцый у адносінах да шэрагу беларускіх кампаній і грамадзян.

Фундамент будзе ўмацоўвацца

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, узнагарода, якую ён уручыў Таміславу Нікалічу, — цалкам заслужаная:

— Тут няма ніякіх умоўнасцяў, тут няма нічога, што звязана з пасадай Прэзідэнта... Хоць і не без гэтага. Бо калі цябе абралі Прэзідэнтам Сербіі, мы здзейснілі тое, што павінны былі даўно здзейсніць, пры мінулых кіраўніках Сербіі. Бо як бы ні складвалася абстаноўка, сітуацыя ў Сербіі і Беларусі, мы, нашы народы заўсёды цягнуліся адзін да аднаго. Прэзідэнты не заўсёды адлюстроўвалі гэтыя думы і спадзяванні. І з абраннем Прэзідэнтам Сербіі цябе ў нас адчувальна змяніліся адносіны.

У апошнія гады актывізавалася супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Сербіі. 15 нашых гарадоў, у тым ліку ўсе абласныя цэнтры, усталявалі пабрацімскія і партнёрскія сувязі з гарадамі Сербіі. У мінулым чэрвені ў Мінску ўпершыню былі праведзены Дні Бялграда. Вядзецца работа па арганізацыі і правядзенні Дзён Мінска ў Бялградзе — плануецца, што яны пройдуць з 5 па 7 чэрвеня.

Трэба сказаць, што гэты месяц — апошні для Таміслава Нікаліча на пасадзе кіраўніка Сербіі. 31 мая заступіць на пасаду Прэзідэнта Аляксандр Вучыч, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах другога красавіка. Зараз Аляксандр Вучыч з'яўляецца Старшынёй урада.

— Мы сустракаліся ў Пекіне з абраным Прэзідэнтам Сербіі Вучычам, — расказаў кіраўнік Беларусі. — Я заўважыў, што той фундамент, які мы заклалі ў аснову аднаўлення нашых сяброўскіх адносін — паміж нашымі народамі, праваслаўнымі народамі Сербіі і Беларусі, — гэты фундамент умацоўваецца. Я бачу гэта па абраным Прэзідэнце. Ён цалкам настроены гэтак жа, як і ты, праводзячы палітыку нашага сяброўства.

Аб'ёмы растуць

Таваразварот паміж дзяржавамі пакуль невялікі — адносна. У той жа час аптымізм усяляе станоўчая тэндэнцыя: дзякуючы пагадненню аб зоне свабоднага гандлю за сем гадоў Беларусь і Сербія нарасцілі таваразварот амаль у пяць разоў — да 250 мільёнаў долараў.

На працягу студзеня—сакавіка бягучага года таксама назіраўся рост таваразвароту — мы натаргавалі больш чым на чвэрць у параўнанні з адпаведным перыядам 2016-га. Пры гэтым павялічваецца і аб'ём беларускага экспарту ў Сербію. Увогуле, у супрацоўніцтве з гэтай краінай сальда для нас складваецца станоўчым.

— Таваразварот у нас не вельмі што, але яго ўвогуле не было! — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І ён у разы павялічыўся за апошнія гады. У нас няма закрытых тэм. Вы павінны ведаць, што мы заўсёды з любоўю і павагай ставіліся да сербаў і будзем прытрымлівацца такой палітыкі. А цябе, Таміслаў, я прашу далёка не адыходзіць ад нашых адносін, трымаць іх навідавоку і прыязджаць у Беларусь часцей, падказваць па-сяброўску, што не так, на што трэба было б звярнуць увагу. Думаю, што Таміслаў стане добрым паслом добрай волі сербскага і беларускага народаў у імя ўмацавання нашага сяброўства. Я на гэта вельмі разлічваю.

Таміслаў Нікаліч падзякаваў за ўзнагароду і высока ацаніў стаўленне Прэзідэнта Беларусі да Сербіі. Па яго словах, тое, што Аляксандр Лукашэнка наведаў Сербію падчас бамбардзіровак НАТА, ніколі не будзе забыта. Таміслаў Нікаліч таксама пацвердзіў, што будучы сербскі Прэзідэнт, з якім яны знаёмыя 25 гадоў, працягне працаваць над развіццём беларуска-сербскіх адносін. Таксама кіраўнік Сербіі падкрэсліў, што яны разам з Аляксандрам Лукашэнкам паднялі двухбаковыя адносіны на вельмі высокі ўзровень.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Надзейны партнёр і вялікі сябар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?