Ужо сёння, 19 мая, Бабруйск — сёлетняя культурная сталіца — запросіць аматараў квэстаў ад 14 гадоў і старэйшых на гульню-квэст «Непрадбачаныя наступствы адной іскры» з удзелам легендарнага шпіка Аркадзя Кашко. Дарэчы, ураджэнца вёскі Брожа Бабруйскага павета.
А вось магілёўскія музеі падрыхтавалі свае сюрпрызы на 20 мая. Музей гісторыі Магілёва, дзе захоўваецца адзіны ў краіне арыгінал Статута ВКЛ 1588 года, не перастае здзіўляць новымі цікавымі здабыткамі, пра якія раскажа выключна ў суботу і не раней, што вартае, каб прыехаць у Магілёў. У гэтым жа музеі захоўваецца вельмі рэдкая рэч — літургічнае покрыва са слуцкімі паясамі (аналойнік), якое спецыяльна прадэманструюць гасцям падчас выстаўкі аднаго прадмета. Аматараў розных прыгод чакае захапляльны энекаўнтар, падчас якога можна будзе пабегаць не толькі па патаемных кутках ратушы, але і па гістарычным цэнтры Магілёва. «Што будзем шукаць, пакуль загадка», — усміхаецца дырэктар музея Аляксей Бацюкоў. Тут жа адкрыецца выстаўка лінагравюр Базыля Камарова з выявамі выдатных дзеячаў магілёўскай гісторыі, а таксама адбудзецца канцэрт дударскага цэха і ансамбля сярэднявечнага танца магілёўскай гімназіі — каледжа мастацтваў.
Не менш цікавую праграму прапаноўвае найстарэйшы музей Магілёва — абласны краязнаўчы імя Е. Раманава, які сёлета адзначае 150 гадоў сваёй дзейнасці. Тут таксама будзе шмат інтэрактыву, майстар-класаў, экскурсій-прэзентацый. Наогул, сёлета Магілёў вельмі багаты на юбілейныя даты — 750 гадоў гораду, 400 — магілёўскаму кнігадрукаванню, 440 — са дня атрымання Магдэбургскага права, 300 — з дня нараджэння асветніка Магілёва і яго дабрадзея Георгія Каніскага. Пра ўсё гэта больш падрабязна можна будзе даведацца падчас міні-экскурсій з інтэрактыўнымі зонамі. Тут таксама запросяць на квэст-гульню «Знайдзі артэфакт» і прапануюць паўдзельнічаць у віктарынах. А філіял краязнаўчага — музей этнаграфіі — апроч усяго, пакажа за вечар некалькі спектакляў.
У суботу ўсе музеі ў Магілёве працуюць з 18.00 (некаторыя з 17.00) і да поўначы. Цэны на білеты — сімвалічныя. А ў музеі гісторыі Магілёва будзе дзейнічаць адзіны білет на наведванне двух аўтаномных устаноў — ратушы на плошчы Славы і выставачнай залы на вуліцы Болдзіна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.