Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Маланка, маланка... А гузікі лепей!

Гераіняй маёй праўдзівай гісторыі будзе... барада. Тая, што насілі, носяць і будуць насіць мільёны мужчын па ўсім свеце; тая, што вывела ў пераможцы «Еўрабачання» Канчыту Вурст; тая, пра якую ўспамінаюць, расказваючы розныя старыя анекдоты...

А вось гэта, між іншым, чыстая праўда.

Мой аднакласнік хадзіў з барадой, што зусім не дзіўна, бо ён ужо тройчы дзед ды і асоба творчая: у свой час скончыў выяўленча-мастацкі факультэт Віцебскага педуніверсітэта, мастак. А яны ж, сапраўдныя, амаль заўсёды то з вусамі, то барадой.

Фёдар сваю ўмеў насіць, прычым з форсам — і меў рацыю, бо барада ў яго была — ну проста на здзіўленне — шырокая, цёмная, густая, прадмет гонару!

Але ж аднойчы сустрэліся — і Фёдара я ледзьве пазнаў: няма той прыгожай барады, падбароддзе голае, што калена! Пытаю:

— Ты што з сабою зрабіў? Навошта бараду збрыў?

А Федзя толькі ўздыхае:

— Ды ведаеш — дзень халаднаваты, пахмурны быў, а я надумаўся ў лес схадзіць... Апрануўся, праўда, цяплей: ускінуў на плечы куртку з капюшонам. І не прагадаў — недзе праз гадзінку дождж зацерушыў... Я тут жа капюшон на галаву, потым маланку на куртцы ўверх... Думаў — пад самую бараду, аказалася — разам з... ёю: «ублыталася» яна ў замок. Паспрабаваў быў вызваліць, пацягнуць бегунок уніз — боль такі, што аж вочы на лоб. І галаву падняць не магу...

Дамоў ішоў, як той бык, — працягваў Фёдар. — Нічога вакол не бачыў. А ўжо там сваю справу зрабілі нажніцы.

— Ну дык ты б акуратна выстрыг, — павучыў чалавека я.

— Ды ўжо ж стараўся, — уздыхнуў Фёдар, — і ўсё роўна жонка, як убачыла, што атрымалася, сказала, што мяне хоць у каноплі стаў — замест пудзіла. Прыйшлося збрыць.

...Пасля гэтай размовы пагладзіў я сваю ўласную бараду і вырашыў, што з маланкамі асцярожней трэба, бо дурныя ж жарты...

А яшчэ лепш — вопратку насіць на гузіках. Раю ўсім барадатым.

Валерый ГАЎРЫШ,

г. Чавусы


Кароткі курс гісторыі...

Вы не паверыце: царква ў вёсцы Лучын існавала з 1172 (!) года і аж да камуністычных ганенняў, аж да «набожных» немцаў, якія ў 1944-м яе ўзарвалі — знішчылі будынак. Але ж не знішчылі веру, бо яна ў людзей, як была, так і засталася.

Трэба сказаць, што найбольш яе трымаліся жанчыны (у адрозненне ад мужчын). А самыя фанатычныя з іх, тыя, што помнілі службы протаіерэя Івана Стратановіча, «бязвінна ўбіеннага» ў 1920 годзе, нават суполку сваю стварылі. Каб не «служыць д'яблу», яны не хадзілі на розныя грамадскія работы, у кустах акацыі хаваліся ад выбараў, а галоўнае — таемна то ў адной, то ў другой нейчай хаце збіраліся на службы. Замыкалі дзверы тады, завешвалі вокны, каб ніхто знадворку святла не ўбачыў, каб, крый бог, не «накрыў».

Але гэта, нягледзячы на меры бяспекі, час ад часу ўсё ж здаралася: верніц, «супольніц» шумна разганялі, папярэджвалі, страшылі. Яны пасля гэтага рабілі выгляд, што ўсё зразумелі, што болей не будуць, што дужа спужаліся, а потым па-ранейшаму правілі сваё: як маглі, як разумелі, неслі ў народ праваслаўную веру, праваслаўныя звычаі. Не вянчалі, бо тады гэта не ў «трэндзе» было, а вось адпяваць — адпявалі, калі нехта памрэ... Праўда, рабілі гэта не ўсе і не для ўсіх нябожчыкаў: асобныя з верніц адмаўляліся ў лепшы свет праводзіць грэшнікаў ды камуністаў.

Да ўсіх, без разбору, хадзіла толькі Аруша (гэта значыць, цётка Арына). Яна лічыла, што перад Богам усе нябожчыкі роўныя і, калі б паклікалі, магла б адпець хоць генеральнага сакратара ЦК КПСС...

А пакуль, як належыць, з песнапеннем, з малітвамі праводзіла ў лепшы свет землякоў.

І, вядома ж, мела каго: у вёсцы ў той час тысячы паўтары насельніцтва было, віравала жыццё — нехта нараджаўся, нехта паміраў. Значыць, і ў Арушы то адпяванне, то траціны, то дзевяціны, то саракавіны, то Радаўніца на могілках...

Апроч гэтага — праца ў калгасе і, вядома ж, сям'я, свая гаспадарка і гаспадар, якому не падабалася, што жонка вечна не дома. Да таго ж муж Арушы некалі ў камсамольцах хадзіў, шмат чаго з кніжак чытаў (у тым ліку — пра опіум для народа) і нават умеў змагацца.

Вось і з жонкай паспрабаваў.

Значыць, неяк у вёсцы з'явіўся чарговы нябожчык. Арушу папрасілі адпець. Яна не адмовіла — сабралася: адпаведным чынам адзелася, хораша прычасалася, загарнула ў хусціну трэбнік, на хвіліну выскачыла на двор. Потым вярнулася ў хату, узяла малітоўнік і пайшла да нябожчыка.

Там па завядзёнцы як магла суцешыла родных, падказала, што і як ім трэба зрабіць, каб чын чынам было, потым падсела да труны, урачыста — на вачах у людзей — разгарнула хусціну і, жахнуўшыся, тут жа загарнула, бо замест падручнай любімай кніжыцы з крыжам (дарэчы, з нашай жа царквы, 1828 года выдання... Яе людзі вынеслі, перш чым немцы храм узарвалі) там ляжала іншая: ярка-чырвоная з зоркай, з сярпом і молатам, з пазалочанай назвай — «Краткий курс истории КПСС».

Убачыўшы гэтую «скверну», Аруша тройчы перахрысцілася і, дзе толькі спрыту узяла, сказала людзям сваё: «Прабачце, я зараз» ды пабегла дамоў.

— Нешта ж рана вярнулася? — хітра спытаў гаспадар. — Можа, дзед уваскрэс ад шчырай малітвы?

Жонка нічога яму не сказала (навошта?): узяла патрэбную кнігу і рушыла назад — у хату нябожчыка.

...Што важна, ні ў той дзень, ні ў наступныя (як, дарэчы, і ў папярэднія...) з мужам сваім Аруша не сварылася. Яны ў згодзе жылі, ва ўзаемнай павазе. Ён чытаў свае кнігі (накшталт «Красавіцкіх тэзісаў»), яна — свае, у малітвах адбівала паклоны, хадзіла на службы і па-ранейшаму на адпяванні...

Адзінае, пасля таго выпадку заўжды правярала, з чым ідзе — з малітоўнікам ці, крый бог, з якім «Капіталам»... Бо мяняюцца часы, разам з імі мяняюцца норавы. А чалавечыя адносіны застаюцца. Яны, згадзіцеся, вечныя, нягледзячы на розныя канфлікты, непаразуменні і нават чорныя жарты.

Соф'я КУСЯНКОВА,

в. Лучын,Рагачоўскі раён


Юшка з дабаўкай

Гэтыя хлопцы выраслі ў адной вёсцы, вучыліся ў адным класе. Пасля школы, пасля службы ў войску прыжыліся ў горадзе, абзавяліся дзецьмі, але сябраваць не кінулі: любілі выбрацца на рыбалку. І ўжо там да ранку маглі прасядзець ля вогнішча — за размовамі, за песнямі пад гітару.

Вось і той раз Мікола пазваніў Стасю ды Жэніку... Факт, што надвячоркам уся кампанія была ўжо ў зборы — на сваім любімым месцы, на Нёмане.

Як водзіцца, налавілі рыбы, наварылі юшкі, доўга сядзелі, успамінаючы сваё дзяцінства ды вёску, у якой цяпер адны дачнікі, дзяліліся навінамі з сямейнага жыцця, шкадавалі, што не ўзялі гітару, бо вечар быў цёплы, дыхалася лёгка, на ўсе грудзі, у траве стракаталі конікі, а ў лазняку пры беразе шапацеў вецер.

— Хлопцы, пара на бакавую, — скамандаваў нарэшце Мікола. — Заўтра на зорцы ідзём рыбачыць.

Ён жа першым палез у палатку, доўга варочаўся, пакуль заснуў.

Прахапіўся, калі сонечны праменьчык праз шчыліну зазірнуў у палатку, пабудзіў хлопцаў. Спехам глынулі гарбаты, дасталі вуды. Мікола палез у багажнік па апарышаў: на іх найлепей клюе.

— Давай хутчэй, — падганяў яго Стась, — што ты там калупаешся? Заснуў ці што? Зараз клёў прапусцім.

— Ды я пакет з апарышам знайсці не магу... І сам жа ўчора паклаў... Ссабойка на месцы, рыс, што бралі для юшкі, таксама, а пакета — няма, — гучна прызнаў Мікола.

— Як гэта «рыс на месцы?» — спытаў Жэня. — А з чым мы ўчора юшку зварылі?

Хлопцы аслупянелі ад здагадкі і... кінуліся ў кусты.

— Усё, парыбачылі, наеліся юшкі, — прызнаў Мікола.

З паўгода потым не сустракаліся: неяк не хацелася — не да рыбалкі было. А потым...

Дружба ёсць дружба: яе не сапсуеш — нават апарышам.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ,

в. Магільна,Уздзенскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Р.S. Мусіць, варта нагадаць, што ў рубрыцы «Алё, народ на провадзе!» «Звязда» не проста друкуе вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця сваіх чытачоў. Яна ў апошнія гады праводзіць конкурс — на самыя дасціпныя, самыя цікавыя...

Для таго каб вызначыць іх, створана і працуе спецыяльнае рэдакцыйнае журы, якое пры падвядзенні вынікаў абавязкова ўлічвае меркаванні чытачоў.

Аднак гэта — вызначэнне і ўзнагароджанне пераможцаў (аўтараў найлепшых «баек») — будзе потым, бліжэй да Каляд. А пакуль — пішыце (калі ласка, паведамляючы зваротны адрас, пашпартныя даныя ды нумар тэлефона). І, вядома ж, выпісвайце сваю родную газету на роднай мове — для таго, каб помніць яе, для таго, каб разам з краінай 9 жніўня гэтага года адзначыць стагоддзе (!) з дня выхаду яе першага нумара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».