Вы тут

Адным шляхам з Кітаем


14—15 мая ў Кітаі прайшоў саміт у рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».


Гэтая ініцыятыва, якая была вылучана і абгрунтавана ў 2013 годзе, з'яўляецца найважнейшай на працягу апошніх дзесяцігоддзяў знешнеэканамічнай канцэпцыяй Пекіна. Яна паменшыць рызыкі і адлегласці паміж традыцыйнымі і новымі, але не менш важнымі гандлёвымі партнёрамі Кітая ў нестабільны час XXІ стагоддзя. Пры дапамозе гэтай канцэпцыі марскія шляхі, якія больш танныя, але маюць больш рызык з пункту гледжання геапалітычных праблем, дублююцца як на моры (праз адкрыццё новых партоў і пракладванне новых гандлёвых маршрутаў), так і на сушы. У выніку рэалізацыі ініцыятывы найбуйнейшы экспарцёр свету — Кітай — будзе больш надзейна звязаны са сваімі гандлёвымі партнёрамі. Адначасова пастаўшчыкі тавараў на кітайскі рынак, у тым ліку крытычна важных для функцыянавання кітайскай эканомікі, таксама паляпшаюць свой доступ да рынку КНР. У выйгрышы аказваюцца ўсе, хто жадае больш узаемадзейнічаць з магутнай і ўсё больш інавацыйнай кітайскай эканомікай, страчваюць толькі тыя, хто рады дэстабілізацыі ў Еўразіі, клапоцячыся аб уласных эгаістычных мэтах.

Канцэпцыя «Адзін пояс, адзін шлях» будзе ва ўсё большай ступені ўплываць на эканоміку, гандаль і занятасць у Беларусі. Наша краіна яшчэ з 1990-х выступала за самыя цесныя кантакты з кітайскай эканомікай. Не маючы выхаду да сусветнага акіяна, беларуская эканоміка пакутуе ад недахопу хуткіх і танных гандлёвых камунікацый. Пры дапамозе ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» Беларусь атрымае шмат новых камунікацыйных каналаў для развіцця тавараабароту, зможа танней экспартаваць і імпартаваць камплектуючыя і тавары, што выкліча рост цікавасці інвестараў і з'яўленне новых працоўных месцаў у самых розных сферах эканомікі.

Рэалізацыя ініцыятывы паслужыць і мэтам актывізацыі эканамічных адносін з КНР. Добразычлівае стаўленне Беларусі да гэтай важнай для кітайскага кіраўніцтва канцэпцыі ацэньваецца ім па заслугах. Беларуская дзяржава, размешчаная ў цэнтры Еўропы, прынясе дывідэнды ў рэалізацыі новага кітайскага праекта для ўсіх удзельнікаў за кошт больш кароткіх, і, такім чынам, больш выгадных па цане маршрутаў перавозкі тавараў. У наступныя гады сувязі з кітайскай эканомікай будуць станавіцца ўсё больш цеснымі, што дазволіць прыцягнуць з Кітая сучасныя інавацыі і хутчэй мадэрнізаваць беларускую эканоміку.

Паколькі цэнтр сусветнай фінансавай і эканамічнай актыўнасці з кожным годам усё больш зрушваецца ў Азію, ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» дапаможа еўрапейскай Беларусі лягчэй пранікаць на азіяцкія рынкі і прыносіць сваім удзелам у праекце карысць азіяцкім удзельнікам, што выкліча крокі ў адказ з іх боку. Чым больш грузаў і пасажыраў будзе перасякаць беларускую тэрыторыю ў рамках развіцця праекта, тым больш будзе і інтарэсу ў інвестараў задумвацца аб укладах у беларускую эканоміку. Мы перастанем быць малавядомай у Азіі краінай, што вельмі важна, паколькі азіяцкія інвестары не любяць рызыкаваць і рэдка выбіраюць для інвестыцый краіны, пра якія ў іх мала інфармацыі. З іншага боку вынікам рэалізацыі ініцыятывы стане ўсё большае інфармаванне беларускіх бізнесменаў аб магчымасцях на азіяцкім напрамку. На гэтым рынку, які займае 30 працэнтаў зямной паверхні, жыве 4,4 мільярда спажыўцоў планеты. Рынак хутка расце, а беларускія тавары там амаль не прысутнічаюць. Гэта вялізная хіба будзе ліквідавана, калі ў рамках рэалізацыі новай кітайскай ініцыятывы для беларускага бізнесу продаж тавараў у Кітаі ці Японіі, Інданезіі ці Індыі стане штодзённасцю.

Ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» таксама створыць дадатковыя стымулы для суседзяў Беларусі цаніць яе як найважнейшы лагістычны вузел, пры дапамозе якога яны будуць зарабляць больш грошай. Усё больш і больш кантэйнерных і пасажырскіх цягнікоў, патокаў турыстаў на цягніках і самалётах будуць рухацца цераз тэрыторыю Беларусі. Гэта нарастаючае значэнне ключавога лагістычнага вузла ў цэнтры Еўропы прымусіць суседзяў цаніць і падтрымліваць бяспеку і стабільнасць на беларускай тэрыторыі.

Прынцыпова важна, што новая кітайская ініцыятыва сустракае гарачае адабрэнне з боку кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якая з прычыны памераў сваёй тэрыторыі стане адным з галоўных атрымальнікаў выгад ад рэалізацыі канцэпцыі КНР. Гэта дазволіць ажыццяўляць праекты па развіцці інфраструктуры не толькі ў рамках супрацоўніцтва Мінска і Пекіна, але і Масквы. Да шэрагу праектаў падключыцца і Казахстан, што дазваляе гаварыць не толькі пра рэалізацыю беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, але і пра далучэнне ключавых краін ЕАЭС да развіцця камунікацый у рамках умацавання еўразійскай інтэграцыі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?