Вы тут

Экстрым на двух колах


Юнкары, увага!

Згодна з умовамі правядзення нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў быў завершаны ў пачатку месяца. Усяго іх паступіла некалькі дзясяткаў. На жаль, не ўсе дасланыя работы адпавядалі заяўленым патрабаванням, тым не менш, лепшыя з іх з'яўляліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» па-за конкурсам — у якасці звычайных журналісцкіх матэрыялаў. Па традыцыі пэўная колькасць «проб пяра» паступіла ў апошні момант. Таму ў наступных нумарах маладзёжнага дадатку мы працягнем друкаваць найлепшыя з іх. Нагадваем, што вынікі конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі, каб пераможца ці пераможцы, калі яны сёлета збіраюцца паступаць на журфак, змаглі апроч памятных прызоў атрымаць ад рэдакцыі яшчэ і рэкамендацыю, а іншыя ўдзельнікі — публікацыі для свайго партфоліа. Сачыце за «Чырвонкай. Чырвонай зменай»!


Прагулка — выдатны занятак, каб вырвацца з сусветнага павуціння. Ты шпацыруеш па «Брадвеі» (так маладзечанцы называюць пешаходную вуліцу), у слухаўках гучыць любімая музыка, а ў галаве лунаюць думкі: як жа добра вакол, які ж прыгожы наш парк з дарожкамі, невялікімі вадаёмамі. Горад ажывае, калі на вуліцу выходзіць моладзь: гутараць, іграюць на гітары, спяваюць, танцуюць і не толькі!

Вы б толькі бачылі, якія «выкрутасы» на веласіпедах могуць вырабляць нашы юныя маладзечанцы: скачкі, павароты і кульбіты на «жалезным кані» прымушаюць мінакоў заміраць у захапленні! Адно з сучасных захапленняў моладзі называецца BMХ. Даслоўна гэтая абрэвіятура азначае «веласіпедны мотаэкстрым». Экстрэмальнае велаваджэнне ўпершыню з'явілася ў 70-я гады ХХ стагоддзя ў Амерыцы, а з 2008 года ВМХ лічыцца алімпійскім відам спорту.

Адным з яркіх прадстаўнікоў гэтай маладзёжнай культуры з'яўляецца Антон Каўбаска, адзінаццацікласнік маладзечанскай гімназіі №7. Ён у «сядле» ўжо тры гады. Пачынаў з самых простых трукаў, а цяпер у яго арсенале іх больш за сто, і становіцца ўсё больш. Не стаяць на месцы, а паступова рухацца наперад дапамагае прыклад каліфарнійскіх райдараў Stеvіе Сhurсhіll, Brаndоn Bеgіn, Dіllоn Llоуd, Сhаd Kеrlеу і многіх іншых.

Сапраўдным асам Антон з'яўляецца ў такім кірунку, як strееt-rіdіng. Для выканання трукаў ён выкарыстоўвае лаўкі, прыступкі, парэнчы, дахі і г. д. Каб бачыць прагрэс у катанні, дзяліцца вопытам і захоўваць відэа на памяць, юнак завёў свой канал на YоuTubе.

Веласіпеды для гэтага віду спорту адрозніваюцца ад звычайных. У іх палегчаная і нізкая рама, невялікія колы, а руль можа паварочвацца больш за 360 градусаў. Адно з галоўных адрозненняў — геаметрыя, якая дазваляе размяркоўваць нагрузку.

— Многія пытаюцца, для чаго патрэбныя тыя ці іншыя прылады ў маім веласіпедзе. Напрыклад, адмысловыя ўпоры для ног (пегі) мы выкарыстоўваем для выканання трукаў або для таго, каб слізгаць па паверхнях прадметаў, — тлумачыць Антон. — Некаторыя думаюць, што на ім нязручна перасоўвацца па вуліцах. Я скажу, што па горадзе, наадварот, хутчэй, бо дзе-небудзь можна скараціць шлях, пераскочыўшы цераз перашкоду, не трэба спыняцца перад бардзюрамі і г. д.

Першым турнірам, у якім Антон прыняў удзел і адразу перамог, быў міжнародны праект Gаmе Оf BІKЕ Оnlіnе. Арганізатары з Расіі выбралі чатырох удзельнікаў, і кожны па чарзе прыдумляў для сапернікаў трукі, якія яны павінны былі паўтарыць на працягу двух сутак.

Затым было яшчэ шмат дыстанцыйных конкурсаў, але больш за ўсё ўражанняў пакінуў BMХ кантэст «Lіttlе Bеlаrussіоn Wооdwаrd» у сувязі з адкрыццём летась скейт-парку ў Мінску.

— Рэальныя гледачы, іх падтрымка, абсталяваная пляцоўка і толькі дзве спробы для манеўру — вось гэта было відовішча! Не чакаў, што займу першае месца ў сваёй катэгорыі, — дзеліцца ўражаннямі Антон.

У родным горадзе ў юнака шмат аднадумцаў. Бо катанне — не толькі вучыць трукі, гэта і стасункі, і паездкі, і новыя знаёмствы. Юнакі імкнуцца катацца разам, дзеляцца вопытам і мараць пра скейт-парк. А яшчэ іх усіх аб'ядноўвае здаровы лад жыцця, бо ВМХ — гэта спорт, які развівае фізічна і духоўна.

Пра аўтара

Сама сябе 16-гадовая аўтарка лічыць творчай асобай: спявае, летась скончыла музычную школу па класе фартэпіяна.

— Захапляюся прыродай, асабліва люблю захады сонца. Імкнуся захаваць усю прыгажосць вакол сябе на фота. Жыву па прынцыпе: кожны дзень — гэта твой выбар! І ён за мной! — кажа Ангеліна. У будучым яна марыць стаць журналістам.

Ангеліна ПЯТРОЎСКАЯ, вучаніца 10 класа Лебедзеўскай СШ Маладзечанскага раёна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.