Вы тут

Змахнуць і закахацца?


Не так даўно натрапіў у сеціве на дзіўны матэрыял. Сямейныя пары, чые стасункі пачаліся з інтэрнэту, расказвалі, як сустрэлі адно аднаго і наколькі яны шчаслівыя ў сваіх шлюбах. Нават рамантычныя моманты знайшліся — адна сям'я прызналася, што дагэтуль захоўвае сваю перапіску ў месенджары ІCQ у раздрукаваным выглядзе. Матэрыял, безумоўна, цікавы, але ўвесь час хацелася агучыць знакамітую фразу Станіслаўскага: «Не веру!» Сам адношуся да пакалення інтэрнэту, але ўжо шмат гадоў упэўнены: знаёмствы ў сеціве практычна заўжды асуджаны на правал.


Калі ў інтэрнэце можна замаўляць ежу, зарабляць грошы і забаўляцца, чаму б не перанесці сюды і каханне? Пэўна, прыкладна так разважалі стваральнікі аднаго з самых папулярных сэрвісаў для знаёмстваў пад назвай Tіnder. Прынцып яго дзеяння (як і шматлікіх аналагаў) просты: усталёўваеце праграму на смартфон, загружаеце свае фотаздымкі і пачынаеце праглядаць фатаграфіі іншых карыстальнікаў (праграма па змоўчанні падбірае толькі людзей, што знаходзяцца ў радыусе некалькіх кіламетраў). Калі падабаецца — змахваеце фота ў правы бок, гэта «лайк», не — рухаеце пальцам улева, «дызлайк». Тут жа можна ўбачыць імя патэнцыяльнага партнёра, яго ўзрост і кароткую інфармацыю пра інтарэсы. Калі нехта з тых, каго вы ўпадабалі, адкажа ўзаемнасцю, адкрыецца чат — можна дамаўляцца пра сустрэчу.

Праграмай карысталіся дзясяткі маіх знаёмых, але пра вялікія поспехі на любоўным фронце чуць не даводзілася. Так, з новымі знаёмымі яны сустракаліся, часам нават даходзіла да некалькіх спатканняў, але ў сур'ёзныя стасункі «лайкі» ў Tіnder ні ў каго не перараслі. Адна сяброўка замест накачанага прыгажуна ўбачыла не надта ахайнага і замкнёнага ў сабе маладога чалавека. Іншая расказала, што пасля шэрагу недвухсэнсоўных намёкаў ад новых знаёмцаў падчас першых жа размоў палічыла за лепшае выдаліць праграму. Дарэчы, няцяжка здагадацца, што падобныя кантакты нярэдка становяцца пачаткам небяспечных, крымінальных ці нават трагічных гісторый.

Літаральна нядаўна ў расійскім Навасібірску дзяўчына запрасіла да сябе ў госці на здымную кватэру якраз такога інтэрнэт-знаёмага. Той прыйшоў з сябрам, да самой гераіні таксама завітала прыяцелька. Але рамантычнай вячэры не атрымалася — замест кветак новыя знаёмыя прынеслі з сабой халодную зброю і пад пагрозамі вынеслі з кватэры каштоўныя рэчы. Кавалераў у хуткім часе затрымалі, аднак асадак, як той казаў, застаўся. У ЗША жыхар Канзаса шэсць дзён утрымліваў у няволі і збіваў дзяўчыну, з якой пазнаёміўся праз Tіnder. Цяпер яму пагражае 32 гады пазбаўлення волі. Зразумела, часам здараюцца і станоўчыя сюрпрызы, як у яшчэ аднаго амерыканскага хлопца, на спатканне з якім пасля знаёмства ў тым жа сервісе прыйшла... знакамітая актрыса. Але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў.

Згодны, сэрвісы накшталт Tіnder могуць некаму дапамагчы ў пошуку сваёй другой палавінкі. Напрыклад, інтравертам ці людзям, якім цяжка заводзіць новыя знаёмствы ў рэальным жыцці, сапраўды можа быць прасцей пайсці на першы кантакт з упадабаным чалавекам менавіта так. Нядаўна бачыў інфармацыю, што праграмы для знаёмстваў у інтэрнэце пачалі выкарыстоўваць... кадравыя агенцтвы. Маўляў, на сайтах рэзюмэ цяжка ўбачыць, што з сябе ўяўляе патэнцыяльны супрацоўнік. А вось у прыватнай размове «інкогніта» можна высветліць усё, што трэба. У іншых выпадках — не бачу сэнсу ў тым, каб усталёўваць Tіnder. Зрэшты, калі не хочаце некалі паўдзельнічаць у падобным дыялогу: «— Тата, а як ты спаткаў нашу маму? — О, сынок, гэта прыгожая гісторыя. Я змахнуў яе фотаздымак у правільны бок».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.