Вы тут

Кірыл Мяцеліца. Кароль мімаволі


КАРОЛЬ МІМАВОЛІ

У ліпені 1572 года не стала караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста. З яго смерцю спынілася дынастыя Ягелонаў, і знаць Рэчы Паспалітай была пастаўлена перад неабходнасцю выбару новага ўладара. Яшчэ за два гады да скону Жыгімонта літвіны, занепакоеныя тым, што ў старэючага манарха няма спадчыннікаў, адправілі дэлегацыю да Івана Грознага. Паслы выказалі жаданне «выбраць сабе гаспадара са славянскага роду» і, на вялікую радасць цара, іх выбар паў менавіта на яго. Даведаўшыся пра гэта, Жыгімонт быў у роспачы ад думкі, што ў пераемнікі яму рыхтуюць заклятага ворага, і стаў падшукваць больш прыдатную кандыдатуру. У рэшце рэшт позірк яго спыніўся на малодшым браце французскага караля Карла IX прынцы Генрыху Валуа, якога ён і наказаў выбраць кіраўніком Рэчы Паспалітай пасля сваёй смерці.

Гэта быў даволі дзіўны выбар. Генрых Валуа нарадзіўся 19 верасня 1551 года. Яго бацькамі былі французскі кароль Генрых II (той самы, чыю трагічную смерць прадказаў у адным са сваіх катрэнаў Настрадамус) і фларэнційка Кацярына Медзічы, якая па праву лічыцца адной з самых выбітных жанчын сваёй эпохі. Калі ад свайго даволі абмежаванага ва ўсіх адносінах бацькі прынц атрымаў у спадчыну толькі яго цягавітасць і моцны целасклад, то ад маці яму перадалася любоў да раскошы, каштоўнасцей, разнастайных забаў і яе італьянская элегантнасць. Генрых выдатна разбіраўся ў мастацтвах. Ён быў прыгожы і даволі разумны, аднак дзівацтвы прынца зводзілі на нішто ўсе яго вартасці. Яго паводзіны часцяком і сапраўды былі эксцэнтрычнымі. Генрых насіў у вушах завушніцы з буйнымі дыяментамі і часам, размаляваны як прастытутка, з’яўляўся на балях у жаночай сукенцы. На адзін з маскарадаў прынц заявіўся ў «касцюме амазонкі з аголенымі грудзьмі». Іспанскі пасол, які бачыў усё гэта на свае вочы, без ценю іроніі пісаў свайму каралю ў Мадрыд, што Генрых «вельмі мілая дзяўчына». Час ад часу Генрых пускаўся і ў іншую крайнасць: як бы каючыся за свае паводзіны, ён упадаў у рэлігійную экзальтацыю і бічаваў сябе на вачах у ашаломленых прыдворных.

Не дзіўна, што калі зямны шлях Жыгімонта скончыўся, эліта Рэчы Паспалітай не стала спяшацца з выкананнем апошняй волі нябожчыка. Акрамя Генрыха на вакантнае месца прэтэндавалі яшчэ некалькі чалавек, з якіх найбольш верагоднымі кандыдатамі былі Іван Грозны і сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі эрцгерцаг Эрнст Габсбург. Калі адыёзная фігура маскоўскага цара была адрынута амаль адразу, то варыянт з эрцгерцагам, якога падтрымліваў Папа Рымскі Рыгор XIII, быў найбольш прымальным для мясцовай каталіцкай партыі. Аднак Эрнст быў не даспадобы пратэстантам: яны не хацелі бачыць на троне Рэчы Паспалітай чалавека, які праславіўся жорсткімі ганеннямі на лютэранаў і кальвіністаў. Таму, калі Ян Замойскі, былы паж французскага караля Францыска II, выказаўся за тое, каб усё ж такі перадаць трон Генрыху Валуа, многія ўспрынялі гэта як непажаданы, але ўсё ж кампраміс паміж варагуючымі групоўкамі.

У самой Францыі падобныя перспектывы выклікалі захапленне толькі ў двух чалавек — караля Карла IX, які марыў пазбавіцца ад герцага Анжуйскага (адзін з афіцыйных тытулаў Генрыха Валуа), і іх уладнай маці Кацярыны Медзічы, якая малявала ў сваім уяўленні перспектывы стварэння магутнай кааліцыі супраць ненавісных ёй Габсбургаў. Што да самога прэтэндэнта на прастол, то ён не адчуваў ніякага жадання правіць у далёкай і халоднай краіне, якую, на яго думку, засялялі адны п’яніцы і варвары. Сёння падобныя развагі герцага Анжуйскага могуць падацца нам абразлівымі, але ў тыя часы ў Заходняй Еўропе і сапраўды былі даволі невысокай думкі пра ўсходнееўрапейскія дзяржавы. Дзеля справядлівасці варта згадаць, што ва ўяўленні тагачасных французаў, іспанцаў і англічан нават немцы былі дзікаватай нацыяй. Так, французскі гісторык Філіп Эрланжэ пісаў, што яго суайчыннікі, якія жылі ў XVI стагоддзі, лічылі народ Рэчы Паспалітай «крыху менш варварскім, чым незлічоных маскавітаў, ад якіх ён аддзяляў заходні свет», а польска-літвінскую дзяржаву ўспрымалі як «своеасаблівае скрыжаванне культур, дзе фатальная памяць Тэўтонскага ордэна змешваецца з крывавай раскошай татарскіх ханаў».

Прыкладна таксама думаў і Генрых Валуа, які ўчыніў скандал свайму каранаванаму брату. Ён лічыў, што Карл IX, які не меў нашчадкаў мужчынскага полу, папросту хоча адсунуць яго далей ад французскага прастолу. Кароль быў раз’юшаны падобнымі намёкамі і, атрымаўшы папярэдне адабрэнне маці, выклікаў Генрыха для сур’ёзнай размовы, падчас якой манарх крычаў і час ад часу хапаўся за кінжал, заклінаючы герцага Анжуйскага прыняць карону Рэчы Паспалітай. Убачыўшы, што ўсе настроены супраць яго, прынц неахвотна пагадзіўся.

Аднак для пачатку неабходна было канчаткова пераканаць польска-літвінскую знаць зацвердзіць кандыдатуру Генрыха Валуа. Для гэтых мэт 17 жніўня 1572 года ў Кракаў накіраваўся састарэлы Жан дэ Манлюк, біскуп Валанскі, які лічыўся самым дасведчаным французскім дыпламатам. Як толькі ён выехаў з Парыжа, няшчасны Генрых адправіўся ў царкву, дзе паставіў свечку, каб яго не выбралі. Аж да свайго абрання на трон Рэчы Паспалітай прынц штодня паўтараў гэтую працэдуру. Між тым, усяго праз тыдзень пасля ад’езду дэ Манлюка ў Францыі адбылася падзея, якая паставіла пад пагрозу магчымае панаванне герцага Анжуйскага. Гаворка ідзе пра Варфаламееўскую ноч, падчас якой каталіцкімі фанатыкамі было забіта некалькі дзясяткаў тысяч французскіх пратэстантаў. Нягледзячы на тое, што сам Генрых практычна не меў ніякага дачынення да таго, што здарылася, менавіта на яго людская пагалоска ўсклала асноўную адказнасць за гэтую крывавую разню.

Парадаксальна, але падобныя чуткі распаўсюджвала маці прынца Кацярына Медзічы, якая разлічвала на тое, што падобным чынам яе сын можа заслужыць рэпутацыю абаронцы каталіцызму. Трэба сказаць, што ў некаторай ступені ў яе гэта атрымалася. Сёння гэта можа падацца дзікім, але калі да Папы Рымскага Рыгора XIII дайшлі першыя звесткі пра масавыя забойствы гугенотаў у ноч святога Варфаламея, ён з радасці загадаў адслужыць падзячны малебен. У Францыі ж распачалася чарговая грамадзянская вайна, і кароль адправіў герцага Анжуйскага камандаваць войскамі, якія аблажылі цытадэль пратэстантаў Ла-Рашэль.

У гэты час на другім канцы Еўропы нарэшце дабраўся да Кракава дэ Манлюк, а разам з ім і навіны пра жахі Варфаламееўскай ночы. Прыхільнікі эрцгерцага Эрнста Габсбурга тут жа запоўнілі краіну памфлетамі, у якіх Генрых абвінавачваўся ва ўсіх смяротных грахах. Мясцовая пратэстанцкая шляхта была ў шоку, і, як здавалася, герцаг Анжуйскі назаўжды мог забыцца пра карону Рэчы Паспалітай, аднак французскага дыпламата падобны паварот падзей ані не збянтэжыў. На твары біскупа не зварухнуўся ніводны мускул, калі ён распавядаў ашаломленай шляхце пра тое, што Варфаламееўская ноч была не масавым забойствам, а ўсяго толькі аперацыяй па ліквідацыі некалькіх важакоў гугенотаў, абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе. Вядома, аднаго красамоўства дэ Манлюка было мала, таму на адкрытым у красавіку 1573 года сойме ён ад імя Генрыха абяцаў, што той будзе няўхільна выконваць правы палякаў і літвінаў, палітыку верацярпімасці і паслухмяна прытрымлівацца думкі сената. Магнаты вырывалі ў біскупа адну саступку за другой. Пры гэтым, каб біскуп не забываўся пра тое, хто тут гаспадар, пануры маршалак вялікі каронны Ян Фірлей нястомна паўтараў дэ Манлюку адну і тую ж фразу на латыні: Si non jurabis, non regnabis (калі не паклянешся — не будзеш уладарыць). Менавіта так і з’явіліся на свет у будучым фатальныя для Рэчы Паспалітай «Генрыкавы артыкулы» і «Pacta conventa». Гэтыя дакументы настолькі абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, што ператваралі манарха ў чыста цырыманіяльную фігуру. Кароль не толькі пазбаўляўся права аб’яўляць вайну, заключаць мір і збіраць паспалітае рушэнне без згоды сойма, але і абавязваўся аддаваць чацвёртую частку даходаў з каралеўскіх зямель на ўтрыманне пастаяннага войска. Акрамя таго, шляхта атрымала права паўставаць супраць манарха са зброяй у руках, калі апошні замахнецца на шляхецкія вольнасці. Яшчэ адзін важны пункт абвяшчаў, што кароль можа толькі абірацца, а таму ні пра якую спадчыннасць трона і гаворкі быць не можа.

Дэ Манлюк, абыякавы да лёсу Рэчы Паспалітай, пагадзіўся на ўсе гэтыя ўмовы з лёгкім сэрцам. Каб канчаткова схіліць вагі на карысць свайго пратэжэ, ён падаў сойму адзін цікавы дакумент – заключаную пад эгідай Францыі дамову паміж Венецыяй і турэцкім султанам. Тым самым дыпламат намякаў на тое, што Парыж можа паспрыяць прымірэнню Асманскай імперыі і Рэчы Паспалітай. Перспектыва адкрыцця новых гандлёвых шляхоў і чарнаморскіх праліваў зрабіла на магнатаў фантастычны эфект. У выніку ўжо 5 красавіка 1573 года Генрых Валуа быў абраны каралём, а 20 мая Манлюк прысягнуў на Pacta Conventa і Articuli Henriciani. Толькі тады пад радасныя крыкі натоўпу Генрых Валуа быў афіцыйна абвешчаны каралём.

У самым пачатку чэрвеня каля сцен непрыступнай Ла-Рашэлі да ног герцага Анжуйскага ўпаў запылены ганец, які паведаміў Генрыху непрыемную для яго навіну з Рэчы Паспалітай. Няшчасны прынц, думаючы пра тое, як пазбавіцца ад нежаданай кароны, накіраваўся ў Парыж, дзе яму належала чакаць паслоў ад яго новых падданых. Тут адбыўся адзін цікавы эпізод. Каб належным чынам сустрэць шляхецкую дэлегацыю, нейкі мастак-дэкаратар прапанаваў размаляваць сталічныя будынкі ў яркія колеры. Калі, пад’язджаючы да Парыжа, ваявода Альбрэхт Ласкі ўбачыў цёмна-чырвоныя гарадскія вароты, ён з уласцівым яму гумарам пацікавіўся, ці варта гэта разумець так, што каралеўскай уладзе сорамна.

У канцы жніўня паслы прад’явілі Генрыху для ратыфікацыі падпісаныя дэ Манлюкам Pacta Conventa і Articuli Henriciani. Герцаг Анжуйскі, выхаваны з усведамленнем таго, што воля манарха павінна быць беспярэчнай, быў непрыемна здзіўлены зместам гэтых дакументаў. Спатрэбіўся тыдзень цяжкіх перамоў з узаемнымі абразамі і ўрачыстая заява цяжка хворага Карла IX аб тым, што ў выпадку яго смерці Генрых зойме французскі трон, перш чым прынц вымавіў неабходную прысягу ў Саборы Парыжскай Божай Маці.

Калі ўсе юрыдычныя тонкасці былі нарэшце ўладжаны, Генрых у суправаджэнні світы з 1200 чалавек накіраваўся насустрач невядомасці. У сярэдзіне лютага 1574 года пампезны караван з футрам, пёрамі і бліскучым аксамітам дасягнуў Кракава. Генрых, убраны ў вышываную каштоўнымі камянямі вопратку, заехаў у горад на прыгожым белым кані, перад якім ляцеў ручны арол. Трэба сказаць, што спачатку ён некалькі змяніў сваё стаўленне да мясцовых жыхароў, якія аказалі яму даволі цёплы прыём. У лісце брату манарх пісаў: «Скажу Вам, што да пары, калі прыбыў сюды, я не меў асаблівых прычын хваліць Бога, што ён загнаў мяне ў падобнае каралеўства». Бясконцыя балі і пышныя цырымоніі некалькі ўціхамірылі караля. Чаго нельга сказаць пра яго французскіх спадарожнікаў, якіх раздражняў холад, непралазная гразь і цвёрдыя ложкі.

Панаванне Генрыха, якое ён пасля называў самым сумным эпізодам свайго жыцця, пачалося з добрага знаку: падчас праведзенай 20 лютага каранацыі ніхто не быў забіты. Аднак праз пару дзён пачаліся першыя непрыемнасці. У сутычцы паміж кланамі Збароўскіх і Цянчынскіх загінуў, спрабуючы іх супакоіць, шляхціч Вапоўскі. Генрых, не жадаючы прымаць чыйсьці бок, паспрабаваў дасягнуць кампрамісу паміж дзвюма варагуючымі групоўкамі і тым самым настроіў супраць сябе і адных, і другіх. У дадатак да ўсяго 28 лютага ў Кракаве ўспыхнуў пажар, які знішчыў частку горада, што толькі ўзмацніла сярод шляхты апакаліптычныя настроі з нагоды распачатага праўлення. Краіну імгненна запоўнілі памфлеты, у якіх высмейваўся новы кароль.

Генрыха зноў ахапіла меланхолія. Ён зусім не разумеў псіхалогіі сваіх падданых, традыцыі якіх здаваліся яму дзіўнымі. Кароль не адчуваў ніякага жадання авалодаць польскай мовай, а модная сярод шляхты латынь, на якой французскія арыстакраты даўно ўжо не размаўлялі, раз’юшвала яго. Погляды Генрыха на манархічную ўладу катэгарычна не супадалі з вольнасцямі і палітычнымі традыцыямі мясцовай шляхты, якая часцяком паводзіла сябе з ім даволі напышліва. Бюджэт караля скарацілі да такой ступені, што час ад часу ён адчуваў самую сапраўдную патрэбу ў грашах. Генрых пісаў сваёй маці пра грубасць і павальнае п’янства шляхты. Ён абставіў сваю рэзідэнцыю Вавель у французскім стылі і акружыў сябе французамі, якім час ад часу даводзілася назіраць шчымлівую карціну: кароль, стоячы на каленях перад распяццем, са слязамі на вачах прасіў Бога хутчэй пазбавіць яго ад гэтых пакут.

Самае страшнае чакала караля ў адным з пакояў Вавеля, дзе жыла Ганна Ягелонка – родная сястра нябожчыка Жыгімонта II Аўгуста. Эліта Рэчы Паспалітай лічыла, што шлюб паміж ёй і Генрыхам звяжа старую і новую дынастыю, аднак у планы апошняга гэта не ўваходзіла. Ганна была непрыгожая, насіла грубыя суконныя сукенкі і, у дадатак да ўсяго, была на цэлых 28 гадоў старэйшая за свайго мяркуемага жаніха. Яшчэ да прыезду Генрыха ў Рэч Паспалітую яна ўбачыла партрэт прынца і адразу ж закахалася. Час ад часу кароль наносіў ёй візіты ветлівасці, але рабіць прапанову рукі і сэрца не збіраўся, тым самым прымушаючы пакутаваць 50-гадовую дзяўчыну. Кажуць, што аднойчы ён выпадкова ўзяў яе за руку, пасля чаго ўзрадаваная Ганна цэлы вечар не магла дакрануцца да ежы. Кароль не хацеў прыносіць сябе ў ахвяру дынастычным інтарэсам, тым больш што ў Парыжы засталося яго даўняе каханне — чароўная Марыя Клеўская, якой ён пісаў з Вавеля гарачыя лісты, выкарыстоўваючы замест чарніла ўласную кроў.

Да найвялікшага абурэння шляхты, кароль па-ранейшаму стараўся ўсялякімі спосабамі адтэрмінаваць дату свайго шлюбу з Ганнай і адвёў ад двара пратэстантаў, але пры гэтым ён стаў надаваць усё больш увагі знешняй палітыцы дзяржавы. Знаць Рэчы Паспалітай штурхала яго на вайну з маскоўцамі. Першапачаткова Генрых паставіўся да гэтай задумы са скепсісам, аднак пасля таго, як да яго прыбыло пасольства ад крымскага хана, які абяцаў выставіць у дапамогу фантастычную лічбу ў 200 000 тысяч коннікаў, кароль задумаўся. Яго падкупляла думка пра тое, што ён можа ўзяць на сябе ролю Аляксандра Македонскага, які заваёўвае Усход. Прадчуваючы свой хуткі трыумф, Генрых вырашыў правесці інспекцыйную паездку па пагранічных абласцях Рэчы Паспалітай, але тут у справу ўмяшаліся непрадбачаныя абставіны.

З Парыжа да Генрыха сталі паступаць трывожныя паведамленні аб тым, што яго брат Карл IX знаходзіцца пры смерці, кальвінскія правінцыі Францыі вось-вось абвесцяць незалежнасць, а сама краіна стаіць на мяжы вайны з магутнай Іспаніяй. Разумеючы, што неўзабаве ў яго з’явіцца магчымасць назаўжды пакінуць Рэч Паспалітую і займець французскі трон, кароль вырашыў на ўсялякі выпадак паслабіць пільнасць сваіх падданых. Раптам без дай прычыны Генрых стаў з’яўляцца перад імі ў традыцыйным польскім адзенні і нават абяцаў навучыцца піць піва і танцаваць паланэз. Самым камічным было тое, што кароль нават стаў аказваць знакі ўвагі Ганне Ягелонцы. Каб пераканаць у сваіх пачуццях не толькі прынцэсу, але і навакольных, манарх загадаў зладзіць з гэтай нагоды двухтыднёвыя гулянні з балямі, рыцарскімі турнірамі і грандыёзнымі банкетамі.

Раніцай 14 чэрвеня 1574 года Генрых атрымаў уласнаручную запіску імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, якая паведамляла яму пра тое, што яшчэ 30 мая Карл IX сканаў. Праз гадзіну пасля гэтага да яго ў пакоі прывялі стомленага да смерці шталмайстра Кацярыны Медзічы, які за два тыдні адолеў адлегласць ад Парыжа да Кракава. Ён даставіў каралю ліст ад маці, якая маліла яго як мага хутчэй вярнуцца ў Францыю. Адказ Генрыха ўвайшоў у гісторыю: «Францыя і Вы, матуля, важнейшыя за Польшчу». Каб супакоіць падданых, манарх заявіў ім, што нікуды не паедзе і прызначыць Кацярыну сваім рэгентам у Францыі, а сам стаў рыхтавацца да ўцёкаў.

Увечары 18 чэрвеня Генрых запрасіў ваяводаў і прыдворных на баль. Кароль быў як ніколі вясёлы і кожныя 10 хвілін заклікаў падданых выпіць за яго здароўе. Не было яшчэ і дванаццаці, калі ўсе вяльможы перапіліся так, што ляжалі пад сталом. Каб не парушаць прыдворны этыкет, манарх у суправаджэнні адправіўся ў свае пакоі і лёг у ложак. Дачакаўшыся, пакуль яго слуга закрые фіранкі і выйдзе з пакоя, Генрых адкінуў коўдру і ў суправаджэнні некалькіх французскіх прыдворных, прыхапіўшы з сабой брыльянты польскай кароны, пакінуў палац і накіраваўся да невялікай каплічкі, дзе змоўшчыкаў ужо чакалі асядланыя коні. Кароль накінуў на галаву чорны капюшон і, схаваўшы твар пад павязкай, прышпорыў кабылу, падораную яму адным з польскіх магнатаў. Па дарозе ўцекачы паспелі заблукаць у лесе. На сваё шчасце яны набрылі на хацінку дрывасека. Без асаблівых цырымоній адзін з саўдзельнікаў караля выламаў дзверы і, прыставіўшы кінжал да горла няшчаснага гаспадара дома, прымусіў таго правесці іх.

На гэты момант у Кракаве ўжо ведалі пра ўцёкі Генрыха. Раз’юшаная шляхта адправіла за ім пагоню з сотні татараў на чале з кашталянам Янам Цянчынскім. Гэты імправізаваны атрад ледзь не нагнаў французаў каля невялікага гарадка з сумна вядомай назвай Асвенцім, аднак тым усё ж удалося адарвацца. Цянчынскі дагнаў іх толькі ў пагранічным аўстрыйскім горадзе Плеса. Ён паваліўся перад насмерць перапалоханым каралём на калені і пачаў прасіць яго вярнуцца. Генрых упэўнена стаў пераконваць кашталяна ў тым, што зараз жыццёва неабходна яго прысутнасць у Парыжы. Маўляў, ён зусім не адракаецца ад польскага трона і неўзабаве абавязкова вернецца. Для большай пераканальнасці манарх падарыў Цянчынскаму адзін з выкрадзеных яго спадарожнікамі брыльянтаў. Гэты высакародны жэст настолькі расчуліў шляхціча, што той выпіў кроплю ўласнай крыві ў знак павагі да караля, пасля чаго паскакаў са сваімі татарамі назад у Кракаў.

Цяпер Генрых, якога чакала загадзя падрыхтаваная карэта, мог уздыхнуць свабодна. Яго, думкамі ўжо караля Францыі, чакаў Парыж і любімая Марыя Клеўская. У той момант ён нават не здагадваўся пра тое, што ўсе нягоды, што зваліліся на яго падчас 146-дзённага праўлення ў Рэчы Паспалітай, акажуцца нязначнай дробяззю ў параўнанні з тымі выпрабаваннямі, якія чакалі яго на радзіме. Генрыху III наканавана было стаць апошнім манархам з дынастыі Валуа на французскім троне і першым каралём Францыі, які загінуў ад рук сваіх падданых.

Кірыл Мяцеліца

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.