Вы тут

Генадзь Салаўёў: Талакой наводзім глянец


Клеччына лідзіруе ў Мінскай вобласці па навядзенні парадку на зямлі. Пазалетась за гэтую працу раён узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Сапраўды, за некалькі гадоў непазнавальна змяніўся сам райцэнтр, папрыгажэлі вёскі... Пра гэтыя перамены і наша гутарка са старшынёй Клецкага райвыканкама Генадзем Салаўём.


— Генадзь Міхайлавіч, чула, што па навядзенні парадку на зямлі ў раёне напрацаваны цікавы вопыт?

— Добраўпарадкаванне прадугледжвае некалькі напрамкаў: культура земляробства, знос старых і пустуючых дамоў, прыцягненне ў гаспадарчы абарот зямельных участкаў і аб'ектаў маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца. Мы ўвялі наступную практыку: бяром канкрэтны населены пункт, падключаем усе структуры і падраздзяленні, што знаходзяцца на тэрыторыі раёна, і наводзім тут глянец. Талакой працуюць грамадскія арганізацыі, сацыяльныя і выратавальныя службы, прамысловыя прадпрыемствы, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Кожны адказвае за свой участак работы. За апошнія гады ўвялі ў севазварот 1300 гектараў зямлі, у тым ліку летась — 81 гектар, рэкультывавалі 118 прысядзібных участкаў. Участкі, дзе раней размяшчаліся закінутыя дамы, гаспадаркі засейваюць культурнымі раслінамі.

У раёне налічваецца 259 трухлявых і 1300 пустуючых дамоў. Адны зносяцца — з'яўляюцца другія, паколькі вёска старэе, колькасць насельніцтва змяншаецца. Таму самае галоўнае для нас — прымусіць уласнікаў даглядаць сваю спадчыну.

— Якім чынам вы гэта робіце?

— Работа вядзецца паводле Указа Прэзідэнта Беларусі №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Сёння трухлявыя дамы павінны выкупляцца або са згоды спадчыннікаў перадавацца для далейшага карыстання. Практычна ўсе яны закінутыя — псуюць выгляд вёскі. Спадчыннікам яны не патрэбныя. Мы ўключаем гэтыя дамы ў рэестр безгаспадарчай маёмасці, і суд выносіць рашэнне аб прызнанні жылога дома безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнага сельвыканкама. Але дзе гарантыі, што не знойдуцца сваякі са сваімі прэтэнзіямі да органаў мясцовай улады: чаму «разбурылі» радавое гняздо без іх на тое згоды? Атрымліваецца, што сельскія выканаўчыя камітэты не абаронены ў гэтым плане. Лічу, што наспеў час унесці ва Указ змяненні, якія б дазволілі ўзмацніць адказнасць спадчыннікаў і абараніць сельвыканкамы.

— Ці шмат у раёне аб'ектаў нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца? І як яны вяртаюцца ў гаспадарчы абарот?

— Гэта ў асноўным аб'екты сацыяльнай сферы: фельчарска-акушэрскія пункты, школы, дзіцячыя сады, магазіны, клубы. У першую чаргу мы аддаём пустыя будынкі бязвыплатна прадпрыемствам, гаспадаркам для пераабсталявання іх пад жыллё. Прыватнаму бізнесу прадаём маёмасць на аўкцыёнах або прапануем у арэнду. Адзін з прадпрымальнікаў, напрыклад, у будынку былога сельвыканкама арганізаваў кавярню. Выстаўлялі на продаж і гарадскі кінатэатр «Іскра», але пакупнік не знайшоўся. Цяпер яго рэканструюем пад цэнтр дзіцячай творчасці.

Два гады таму ў адной з сельскіх школ, якая пуставала, створана аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей. Дзіцячы сад перадалі акцыянернаму таварыству «Морач», новы гаспадар адкрыў тут гасцінічны комплекс, вытворчасць па хлебапячэнні, пункт грамадскага харчавання. Нявыкарыстаныя будынкі магазінаў, якія належаць спажывецкай кааперацыі, прапануем у арэнду або выстаўляем на таргі.

У раёне шмат азёр, сажалак. На дзесяць з іх знайшліся арандатары. Яны добраўпарадкавалі, акультурылі берагі, зарыбілі вадаёмы. Але перш чым прапанаваць іх бізнесу, выслухоўваем мясцовых жыхароў. Тады па выніках абмеркавання на сесіі раённага Савета дэпутатаў прымаем адпаведнае рашэнне. Як правіла, праблем з мясцовымі жыхарамі не бывае, знаходзім залатую сярэдзіну паміж іх інтарэсамі і інтарэсамі прыватніка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.