Вы тут

Чаго не хапае медыцынскаму абслугоўванню ў вёсцы?


Гэта пытанне мы задалі тым, хто мае самае непасрэднае дачыненне да азначанай тэмы.


Фота: senno.by

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валянціна КУРСЕВІЧ:

— Я лічу, што сёння сельскай медыцыне ўсяго хапае. Першаснае звяно аказання медыцынскай дапамогі вельмі важнае — ад яго якасці залежыць далейшае лячэнне ўсіх пацыентаў. Неабходна сканцэнтраваць увагу на абслугоўванні менавіта жыхароў вёсак. Чаму? Таму што сёння працягласць жыцця сельскага насельніцтва ў нас меншая, чым гарадскога. У прыватнасці, у мужчын. Працягласць жыцця павінна павялічвацца. Для гэтага трэба забяспечыць на сяле якасць аказання медыцынскай дапамогі, укараніць новыя тэхналогіі. Павінна быць укамплектаванасць урачэбным і сярэднім медыцынскім персаналам. Акрамя таго, неабходна правесці шэраг мерапрыемстваў, каб замацаваць там маладыя кадры пасля размеркавання.

Галоўны ўрач Кіраўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена КРУЦЬКО:

— Сёння нам не хапае грашовых сродкаў. Кадрамі мы дастаткова добра забяспечаны, матэрыяльная база ў нас нядрэнная, але патрабуюцца матэрыяльныя ўкладанні. У Кіраўскім раёне ў ахове здароўя фінансаванне на аднаго жыхара — самае нізкае. Побач з намі знаходзіцца Бабруйск. Законам дазволена атрымліваць дапамогу ўсюды, куды звяртаешся. Таму нашы жыхары звяртаюцца туды, грошы, адпаведна, пераразмяркоўваюцца на Бабруйск. Хацелася б мець большае фінансаванне.

Старшыня Багушэвіцкага сельскага Савета Бярэзінскага раёна Ларыса БАБІНОВІЧ:

— Што я хацела б? Па-першае, каб бальніцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, не закрываліся б. Чаму? Таму што сельскае насельніцтва старэе. Ім складана дабірацца ў раённы цэнтр, ім лягчэй даехаць у мясцовую бальніцу. Тут прасцей наведаць іх, прасцей лячыць, бо побач дом. І пажылыя жыхары адчуваюць сябе больш разняволена, таму і лячэнне ідзе больш эфектыўна. Гэта мае вялікае значэнне менавіта для псіхалагічнага стану хворага. Хацелася б большую колькасць спецыялізаваных урачоў — стаматолагаў напрыклад. У сельскай мясцовасці гэтага не хапае. Адно з няпростых пытанняў — жыллё для спецыялістаў. Калі будзе жыллё, то ўрачы будуць прыязджаць і працаваць.

Жыхар вёскі Гольчыцы Слуцкага раёна Аляксандр КАРЛАЎ:

— Колькі я ні звяртаўся ў мясцовую бальніцу, мне ніколі не адмаўлялі і заўсёды дапамагалі. Напрыклад, якасць працы стаматолага ў вёсцы мяне задавальняе больш, чым у горадзе. Вельмі радуе стаўленне да пацыента — тут яно нейкае прасцейшае і спакайнейшае. Адзінае, што можна палепшыць, — апаратуру. Акрамя таго, бываюць моманты, калі забяспечанасць лекамі вымушае жадаць лепшага. Напрыклад, у мяне была сітуацыя: трэба было выдаляць зуб, і ўрач сказаў рабіць гэта хутчэй. Чаму? Таму што засталося ўсяго некалькі ампул лекаў, а больш маглі і не прывезці. Але ўзровень абслугоўвання мяне больш чым задавальняе. Няма ні заўваг, ні нараканняў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.