Вы тут

Пачынаем касметычны догляд скуры


Стапрацэнтнага сродку, які папярэдзіў бы з'яўленне прышчоў, на жаль, не знойдзена. Але гэта не азначае, што няма ніякага сэнсу ў доглядзе скуры. Спецыяльныя сродкі змяншаюць рызыку развіцця запаленчых працэсаў, спрыяюць хутчэйшаму зажыўленню тых, што ўжо ёсць, паляпшаюць стан скуры ў цэлым. І першае, што трэба набыць, — гэта пенку або гель для ўмывання з супрацьзапаленчым эфектам (іх нямала ў магазінах і аптэках). Калі скура сухая/нармальная і раніцай няма тлустага бляску, дастаткова ўмыцца вадой і прамакнуць твар рушніком, а ўвечары трэба ачысціць скуру з дапамогай ачышчальных сродкаў — мяккага гелю або пенкі для сухой або нармальнай скуры. Раз на тыдні можна карыстацца скрабам або маскай-плёнкай.


Раз на тыдні пры любым тыпе скуры неабходна рабіць і маску, у падлеткавым узросце яна можа быць больш лёгкай тэкстуры. Для абароны і ўвільгатнення неабходна выкарыстоўваць і крэмы лёгкай тэкстуры, а падчас знаходжання на сонцы — карыстацца сонцаахоўнымі сродкамі.

Калі скура вельмі адчувальная, пасля ўмывання становіцца сцягнутай, то лепш за ўсё ўмывацца мінеральнай або чыстай пітной вадой. Або апаласнуць твар пасля ўмывання настоем рамонка. Пры тлустай і камбінаванай скуры з чорнымі кропкамі і высыпкамі трэба раніцай і ўвечары карыстацца гелем для гэтага тыпу скуры. Акрамя таго, можна набыць 2-працэнтны раствор саліцылавай кіслаты для апрацоўкі запаленняў (змачыць ватную палачку ў растворы і патрымаць на месцы запалення некалькі секундаў). Непажадана карыстацца саліцылкай вельмі часта і працягла. Дастаткова 2 разы ў дзень 3—5 дзён.

— Існуюць і спецыяльныя сродкі з лячэбнай касметыкі для праблемнай скуры, якія змяшчаюць не толькі саліцылавую кіслату, але і кампаненты для ўвільгатнення, — нагадвае ўрач-рэнтгенолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Віялета МЯЦЕЛЬСКАЯ. — Пры мностве высыпак можна прымяняць тонікі і ласьёны, якія рэгулююць лішак сакрэцыі скуранога сала, але не варта злоўжываць і імі, каб не перасушыць скуру. Пры тлустай скуры падыдуць гліняныя маскі для ўвільгатнення і ачышчэння. А для таго каб адчуваць сябе больш упэўнена, рэкамендую набыць антыбактэрыяльны маскіруючы аловак або для дзяўчынак — танальны крэм спецыяльна для праблемнай скуры. Наогул, ужо з гэтага ўзросту трэба пасябраваць з касметолагам, бо могуць спатрэбіцца і чысткі твару. Праводзіць такія працэдуры варта не часцей за адзін раз у месяц. Гэта дапаможа не выціскаць прышчы самім і не пагаршаць тым самым сітуацыю. Касметолаг парэкамендуе і сродкі па доглядзе.

Час ісці да дэрматолага?

Пры нязначных высыпках — да 10 запаленняў — хатняга або салоннага догляду будзе дастаткова. Перыядычныя высыпанні практычна непазбежныя. У еўрапейскіх краінах праз гэта праходзіць каля 85 працэнтаў усіх маладых людзей. Аднак калі праз 1—2 месяцы рэгулярнага догляду ніякіх паляпшэнняў не назіраецца, ёсць сэнс звярнуцца да дэрматолага, які дабавіць лекавыя прэпараты для лячэння акнэ. Выбар іх вялікі, і ўсё залежыць ад формы захворвання, узросту і г. д., так што нават спецыялісту не адразу ўдаецца знайсці правільны падыход. У любым выпадку штодзённы догляд забяспечыць больш чысты, спакойны, дагледжаны выгляд.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?