Вы тут

Мова ад беларускіх лялек у перакладзе не мае патрэбы


16 гадзін ехалі да Віцебска тамбоўскія артысты, каб павіншаваць з днём нараджэння Беларускі тэатр «Лялька». Госці падкрэслілі, што ў нашых майстроў сцэны ёсць чаму навучыцца.


Першы спектакль «Дзед і Жораў» віцебскі тэатр паказаў у красавіку 1986 года. І гэта традыцыйная нагода для святкавання. Штогод у «Ляльцы» «на імяніны» адбываюцца міжнародныя міні-фестывалі.

Расійскія госці паказалі спектакль «Старая, старая казка». Рэжысёр — народны артыст Расійскай Федэрацыі Станіслаў Жалезкін. Ён даўні сябра «Лялькі». Пастаноўка пра сямейнае жыццё, як і жыццё наогул. Акцёры з дапамогай лялек расказваюць, што канфлікты, праблемы трэба вырашаць у пошуках ладу і згоды.

Цікава, што ў Тамбове лялечны і драматычны тэатры аб'яднаныя ў абласную дзяржаўную аўтаномную ўстанову культуры. Драматычны — адзін з найстарэйшых у Расіі правінцыйных тэатраў. Першыя гады існавання звязаныя з імем вядомага на ўвесь свет паэта і грамадскага дзеяча канца XVІІІ стагоддзя Г.Р. Дзяржавіна.

— Мы не першы раз у Беларусі. Заўсёды прыязджаем з вялікім задавальненнем. Акрамя Віцебска, выступалі ў Гомелі, мінскім тэатры імя Горкага... Шмат ездзім па прасторах былога СССР. Нашы спектаклі ўбачылі ў Казахстане. Раней шмат гастралявалі па Украіне. У Расіі былі ў розных гарадах, напрыклад у Астрахані, Калінінградзе... У нас ужо два разы прайшлі міжнародныя лялечныя фестывалі. Вашы артысты, спектаклі заўсёды прыемна здзіўляюць. І падчас гастроляў беларусаў нашы гледачы разумеюць іх без перакладу. Нават падчас параўнальна складаных пастановак, — расказвае Пётр Кулікоў, дырэктар «Тамбоўтэатра».

Дадаў, што ёсць вялікае жаданне запрасіць мастацкага кіраўніка «Лялькі» Віктара Клімчука, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, паставіць у Тамбове спектакль.

Асабліва цікавыя расіянам нашы спектаклі з выкарыстаннем марыянетак.

— Нельга сказаць, што ў Расіі гэта экзотыка. Але там усяго ў некалькіх тэатрах працуюць з гэтым тыпам лялек. А ўсё таму, што складана кіраваць марыянеткамі. Трэба доўга працаваць з кожнай лялькай. Неабходна вывучаць яшчэ і магчымасці, закладзеныя мастаком у механіку. У прыватнасці, якія рухі яна можа рабіць. Гэта самы складаны тып лялек, які патрабуе найвышэйшага майстэрства ад акцёра. Вопыт прыходзіць з часам. Апошняга не ва ўсіх хапае, ды і жадання.... І ў Беларусі не ва ўсіх тэатрах яны выкарыстоўваюцца, — дзеліцца дырэктар «Лялькі» Аляксандр Грыгор'еў.

Гаспадары свята паказалі спектаклі для дзятвы і дарослых. У фае праводзілі майстар-класы па вырабе сувеніраў. Усе ахвотныя маглі адчуць сабе ў ролі артыстаў. На свята запрасілі клуб гістарычнай рэканструкцыі, майстроў «паказваць трукі» з агнём, аніматараў, дзіцячыя самадзейныя калектывы...

Рашэннем адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска назва калектыву Беларускага тэатра «Лялька», а таксама імя артыста Сяргея Талкача занесеныя на раённую дошку Гонару.

Падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» тэатр стане «сталіцай» праекта «Лялечны квартал». Як паабяцалі ў дырэкцыі, геаграфія краін-удзельніц пашырыцца. І, як заўсёды, не будзе свабодных месцаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».