Вы тут

Пяць жыццяў стадыёна «Дынама»


Якім ён быў і якім стане.

Самы вялікі стадыён краіны, які бачыў так шмат бітваў, перамог і слёз, зараз падобны на раскіданае гняздо. Літаральна праз месяц яму споўніцца 83 гады, а свой наступны дзень нараджэння ён павінен адсвяткаваць ужо ў новым абліччы, бо ў 2019-м «Дынама» будзе прымаць Еўрапейскія гульні. Гэта стане адной з самых важных падзей для спартыўнага аб'екта з вялікай гісторыяй. Галоўныя вехі жыцця стадыёна ўспамінаем за 9 месяцаў да меркаванага заканчэння рэканструкцыі.


Нараджэнне

Ста­ды­ён «Ды­на­ма», 1934 г.

У 30-я гады ў маладой савецкай краіне паўсюдна ўзводзіліся спартыўныя збудаванні, ініцыятыва будаўніцтва стадыёна «Дынама» зыходзіла ад кіраўніцтва Аб'яднанага галоўнага палітычнага ўпраўлення. Было вырашана, што новы спартыўны аб'ект павінен з'явіцца ў цэнтры горада, недалёка ад вакзала на месцы былых найстарэйшых яўрэйскіх могілак, закрытых яшчэ ў 1883 годзе. Газета «Минское слово» пісала: «У пачатку ХХ стагоддзя па тэрыторыі сучаснага стадыёна праходзіла вуліца Магазінная і знаходзіліся старыя яўрэйскія могілкі, якія служылі выдатным сховішчам для рознага роду хуліганаў».

Будавалі стадыён, што называецца, усёй грамадой: на будоўлі быў задзейнічаны кожны дынамавец, а гэта — і памежнікі, і асабісты склад НКУС. Кожны павінен быў адпрацаваць на «Дынама» не менш за 100 гадзін.

Тады першы варыянт стадыёна быў пабудаваны з дрэва, галоўная трыбуна размяшчалася на месцы аркі па вуліцы Кірава, а футбольнае поле — на месцы, дзе праз многія дзесяцігоддзі разгарнуўся рэчавы рынак. Урачыстае адкрыццё стадыёна адбылося
12 чэрвеня 1934 года.

«Дынама» хутка стаў самым наведвальным спартыўным аб'ектам Мінска, а можа, і ўсёй вялікай краіны. Таму ўжо праз тры гады пасля адкрыцця ўзнікла патрэба ў павелічэнні яго ўмяшчальнасці. На працягу 1937—1939 гадоў была праведзена першая рэканструкцыя стадыёна, у яе выніку ўмяшчальнасць аб'екта павялічылася на 12 тысяч месцаў.

Складаны час

У гады Вялікай Айчыннай вайны стадыён быў разбураны. «24 і 25 чэрвеня 1941 года варожыя эскадрыллі падчас налёту фугаснымі і запальнымі бомбамі падпалілі стадыён. А таксама склады магазіна спартыўнага таварыства «Дынама». Падчас пажару ўсе матэрыяльныя каштоўнасці былі цалкам знішчаны. Нанесены ўрон на 70 000 савецкіх рублёў», — кажуць архіўныя запісы.

У тым, што пасля бяды стадыён трэба адраджаць, не было ніякіх сумненняў, новы спартыўны комплекс пачалі будаваць з разбору завалаў у 1947 годзе, аб'ект будаваўся па праекце архітэктараў М. Колі і М. Паруснікава. Імі была распрацавана новая планіроўка, згодна з якой цэнтральную трыбуну размясцілі на натуральным схіле, а спартыўнае поле ў нізіне, недалёка ад рэчышча Свіслачы. Рана ці позна гэты пралік павінен быў згуляць злы жарт, і гэта адбылося ў канцы 1950-х. На адным з матчаў падчас гульні праваліўся кавалак поля, сустрэча была спынена, а каб адрамантаваць абвал, спатрэбілася некалькі машын пяску і новы дзёрн.

Першы футбольны матч на не да канца адноўленым пасля вайны «Дынама» прайшоў ужо 12 чэрвеня 1948 года, але будаўнічыя работы цалкам завяршыліся толькі ў 1954-м.

«Дынама» зноў вярнуў сабе званне самага цікавага месца ў Мінску. На стадыёне, акрамя спартыўных, праводзіліся і грамадска-палітычныя мерапрыемствы, для навучэнцаў найбліжэйшых да стадыёна школ на ім праходзілі ўрокі фізкультуры. Каля стадыёна з'явіўся сквер, алеі вакол яго ўпрыгожвалі скульптуры на спартыўныя тэмы. А па вечарах да стадыёна сцягвалася ўся прасунутая моладзь таго часу, таму што на «Дынама» існавала сучасная танцавальная веранда. Яна ўяўляла сабой квадратную, выкладзеную светлай пліткай, пляцоўку. Днём тут трэніраваліся баксёры, а ўвечары былі танцы для моладзі горада.

Узімку на «Дынама» заліваліся ўсе пешаходныя дарожкі і пляцоўка каля галоўнага ўвахода. Для спартсменаў рыхтаваліся бегавыя лядовыя дарожкі вакол стадыёна, а па вечарах пад музыку там можна было добра правесці час на каньках.

«Вось тут, сярод разрухі, нястачы, убоства мінскіх пасляваенных гадоў, і кінулася ў вочы ўсё гэта незвычайнае, каляровае: футбол і стадыёны, гульцы мясцовыя і чужыя, з невядомых краёў, велізарныя навалы людзей і конная міліцыя, гудзіць Вавілон трыбун», — успамінае пра той час пісьменнік Аляксандр Станюта.

Новае дыханне

Рэ­пра­дук­цыя з паш­тоў­кі 1983 г.

У 1978—1980-х гадах напярэдадні ХХ алімпійскіх гульняў у Маскве стадыён зноў прайшоў праз значную рэканструкцыю. Аб'ект рыхтаваўся прыняць матчы алімпійскага футбольнага турніру. Тэрыторыя стадыёна была пашырана і абгароджана новым плотам з сімволікай Алімпіяды-80. Замест ранейшай, старой, была пабудавана сучасная цэнтральная трыбуна, устаноўлены новыя асвятляльныя мачты з магутнымі пражэктарамі. З Венгрыі прывезлі новае футбольнае табло, а таксама збудавалі факельную чашу для алімпійскага агню. Газон поля да адказнага выпрабавання рыхтавалі на працягу аж двух гадоў.

«Дынама» перабудавалі з разлікам на 50 тысяч гледачоў, над заходняй трыбунай з'явіўся казырок — другі ярус месцаў для гледачоў. На самім стадыёне прадугледзелі памяшканні і ложу для прэсы, тэлебачання, каментатарскія кабіны, памяшканне для допінг-кантролю, бар і кабіны для міжнароднай тэлефоннай сувязі.

Падчас будаўніцтва інжынер праекта трыбуны-казырка эміграваў у Ізраіль, а па горадзе пайшла чутка, што пры поўнай загружанасці казырок можа зваліцца на заходні сектар. Аднойчы ноччу па трывозе паднялі каля 12 тысяч курсантаў і салдат, каб выпрабаваць устойлівасць збудавання, пасля выпрабаванняў канструкцыю ўдасканалілі. Аднак трыбуна-казырок так і не стала ідэальнай — падчас дажджу залівала ложу, а зімой там абледзенявалі прыступкі. Дарэчы, толькі ў канцы 1990-х казырок перасталі выкарыстоўваць, а лаўкі на трыбунах стадыёна замянілі на пластыкавыя сядзенні, праз гэта ўмяшчальнасць стадыёна зноў упала да 35 тысяч.

Зноў жа не ідэальным аказалася і футбольнае поле стадыёна, за тыдзень да афіцыйнай цырымоніі адкрыцця алімпійскага турніру яма ўтварылася на тым месцы, дзе 400 фізкультурнікаў павінны былі паказваць «беларускую піраміду». Непаладкі аператыўна ліквідавалі, і ў выніку ў другой палове ліпеня 1980 года стадыён «Дынама» прыняў 7 матчаў алімпійскага футбольнага турніру, у тым ліку і 1 чвэрцьфінал.

Ліхія 90-я

Ігар Таль­коў пад­час кан­цэр­та на ста­ды­ё­не «Ды­на­ма». Кра­са­вік 1991 г.

У першае дзесяцігоддзе існавання маладой незалежнай Беларусі на стадыёне пачалі праводзіць не толькі спартыўныя мерапрыемствы, але і шоу-праграмы. Там выступалі самыя папулярныя артысты таго часу — Ала Пугачова, «Ласкавы май», Ігар Талькоў, Юрый Шаўчук і іншыя. Дарэчы, у 1989 годзе Ала Пугачова ўстанавіла фенаменальны рэкорд наведвальнасці канцэртаў на мінскім стадыёне «Дынама», яна дала восем «сольнікаў» і ўсё — з аншлагам (гэта прыкладна 400 тысяч гледачоў).

У сярэдзіне 90-х на прылеглай да стадыёна тэрыторыі з'явіўся рэчавы рынак, які стаў адным з самых папулярных у сталіцы. У пачатку новага тысячагоддзя, у 2012-м, ён быў закрыты.

Што датычыцца спартыўнага складальніка, то да 2009 года на стадыёне свае дамашнія матчы праводзіла мінскае «Дынама».
А ў сезонах 2008/09, 2011/12 і 2012/13 барысаўскі БАТЭ выкарыстоўваў стадыён у якасці дамашняй арэны на гульні групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Так, на «Дынама» згулялі знакамітыя еўрапейскія клубы — «Ювентус», «Рэал», «Зеніт» і інш. Неаднаразова стадыён станавіўся родным домам і для нацыянальнай футбольнай зборнай.

Прайшла футбольная эра?

Сёння «Дынама» не падобны ні на адзін варыянт, апісаны раней. Гэта адна вялікая будоўля. Гаворка аб яго маштабнай рэканструкцыі ішла некалькі гадоў, разглядаліся розныя варыянты статусу арэны — выключна футбольная, лёгкаатлетычная, шматфункцыянальная. Пазней некалькі разоў мяняўся і праект рэканструкцыі, і варыянты супрацоўніцтва з рознымі замежнымі будаўнічымі кампаніямі.

Цяпер рэканструкцыя «Дынама» выконваецца ў адпаведнасці з указам ад 16 мая 2014 года. Дакументам прадугледжваецца перапрафіляванне стадыёна ў лёгкаатлетычны з захаваннем магчымасці правядзення футбольных матчаў.

Намеснік начальніка па вытворчасці будупраўлення №94 ААТ «Будтрэст №1» Дзяніс Повад адзначаў, што самыя складаныя этапы рэканструкцыі ўжо пройдзены. «Па трыбунах маналітныя работы завершаны цалкам. Засталося зманціраваць навес, усталяваць сядзенні, выканаць аддзелку ўнутраных памяшканняў заходняй трыбуны, зманціраваць шкленне. З сярэдзіны мая прыступім да мантажу вентфасадаў. У мінулым годзе да наступлення халадоў паспелі падрыхтаваць дрэнаж асноўнага і размінкавага палёў. Улетку зоймемся кладкай сістэмы падагрэву поля, газона і бегавых дарожак», — адзначыў ён.

Плануецца, што на тэрыторыі стадыёна абсталююць гульнявыя зоны, цір, скаладром, рэлаксацыйныя і аздараўленчыя цэнтры, віп-боксы, паркінг. Лёгкі, але трывалы алюмініевы дах створыць навес, пад якім будзе знаходзіцца каля 70% месцаў для гледачоў. Усяго стадыён змесціць каля 22 тысяч чалавек.

Немалаважна, што пры рэканструкцыі па-ранейшаму будзе захоўвацца гістарычная частка стадыёна, у тым ліку аркада з боку вуліцы Кірава. Плануецца, што «Дынама» адкрыецца ў снежні 2017-га, а ўжо ў 2019 годзе на ім пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Да­р'я ЛА­БА­ЖЭ­ВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.