Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Падарунак» для зайца

Для пачатку анекдот. У аўтобус заходзіць кантралёр, а яму, можна сказаць, пад ногі — адзін з пасажыраў:

— Дайце выйсці! — крычыць.

— Спачатку — білет, — не прапускае яго кантралёр.

— Мне часу няма! Пусціце, а то...

— А то што?

— А то будзе як учора.

Насцярожыўся кантралёр, бо перад ім — чалавек як чалавек: з густам апрануты, інтэлігентны... «Не, — думае, — не падобны гэты пасажыр на «зайца». Хутчэй — на нейкага начальніка...» Узяў, карацей, ды выпусціў яго. Адзінае — спытаў услед:

— Дык а што ж учора было?

— Учора? Штрафу ўляпілі! — выпаліў «заяц» і зайшоўся ад рогату.

Адзін мой шапачны знаёмец — быў час — таксама за праезд не плаціў. Праўда, тактыку выбраў іншую — выпадкова. Зайшоў аднойчы ў аўтобус, працягнуў сто рублёў (драбнейшых грошай проста не меў), а кандуктар іх не бярэ, кажа, дзе я вам рэшты вазьму?.. «Гэта добра», — падумаў пасажыр і з таго самага дня ўзяў за правіла — час ад часу ездзіць у аўтобусе з «дзяжурнай» сторублёўкай. Прычым — смела, з «чыстым» сумленнем, бо ніхто ж не аштрафуе, не папракне...

Колькі так доўжылася, сказаць не магу, але ж у адзін нядобры для «зайца» дзень (а на працу, на завод, ён заўсёды ездзіў у адзін і той жа час і на адным і тым жа аўтобусе) кандуктар... узяла ў «зайца» сторублёўку, смела адарвала... 25 талонаў (сказала, што ён без аплаты на цэлы рубель наездзіў) і пальцам паказала на торбачку, што стаяла на першым сядзенні:

— Там ваша рэшта: 99 рублёў. Можаце пералічыць.

Пасажыр зазірнуў унутр і аж збялеў: у торбачцы былі адны медзякі — па адной, дзве, тры і пяць капеек! «Вось гэта «падарунак!» — падумаў ён.

— Што, чужая яечня не вечна? — засмяяліся пасажыры. — Трапіў жучка ў панскую ручку?

«Зайцу» адказаць не было чым, а таму, схапіўшы грошы, ён выскачыў з аўтобуса. І пасля гэтага без білета, казалі, больш ніколі не ездзіў.

Уладзімір Пернікаў, г. Гомель


«Стаяла і будзе стаяць!»

...У тую вясну з надыходам цяпла мужчыны-вяскоўцы павыходзілі на вуліцу — сталі папраўляць платы, прыбірацца на падворках, жанчыны — калупацца ў кветніках. Гледзячы на гэта, Андрэй таксама вырашыў заняцца справай: да пасяўной, пакуль ёсць час, падладзіць комін — пачысціць, пабяліць... Для гэтага адну драбіну ён прыставіў да даху, другую — паклаў паверх шыферу і зачапіў за вільчык. Потым да вяроўкі прывязаў двухкілаграмовую гіру, квач і палез на дах.

Трэба заўважыць, што з прыходам прыроднага газу печаў у вёсцы амаль не засталося — паразбіралі многія. Алеся, Андрэева жонка, таксама хацела: і ўгаворвала, і прасіла, — муж нічога «не чуў», бо вельмі ж любіў паляжаць там увечары (альбо і днём...) — пагрэць свае косці.

Комін вось толькі не чысціў — гады са тры. А тут нарэшце дабраўся, апусціў у дымаход гіру і...

Лесвіца, што ляжала на шыферы, па-здрадніцку варухнулася (Андрэй ледзь паспеў аберуч ухапіцца за комін) і пры гэтым зачапіла драбіну, прыстаўленую да даху. У выніку абедзве яны грымнулі вобзем.

— Во ліха! — падумаў гаспадар і не на жарт спужаўся, бо зверху добра бачыў, што крычы не крычы, а ніхто не дапаможа, бо
вакол — ні душы. Ды і ў вёсцы адны пенсіянеры...

Жонка ж яго ў гэты час нічога не чула не бачыла: яна, падаіўшы карову, парадкавала малако ды завіхалася ля пліты: гатавала мужу снеданне. Як раптам голас... Як быццам Андрэеў? Як быццам кліча яе?

Падышла да акна, зірнула на вуліцу, — нідзе і нікога. «Можа здалося? — падумала і зноў вярнулася да пліты, да бліноў. Але не паспела перавярнуць чарговы, як той жа голас данёсся зноў — аднекуль з печы:

— Алеся, ты аглухла ці што? Выйдзі на двор! — патрабаваў муж.

Кабета падышла, глянула ў дымаход, гукнула:

— А ты чаго там сядзіш ды крычыш на ўсю вуліцу?

— Выходзь, кажу табе! — настойваў Андрэй.

— Зараз, — сказала ў комін, як у мабільнік.

— Падай мне абору, — камандаваў муж.

— А як? — нічога не разумеючы, пыталася жонка і ўжо «зацягвала» сваю любімую песню: маўляў, я ж казала, выкінем печ... Дык жа не, — яна яму трэба, ён спіну грэе! Вось зараз і сядзі сабе, іншае месца грэй. Можа, паразумнееш!

— Стаў драбіну, — не зважаючы на лямант, камандаваў Андрэй, — з вяроўкаю лезь наверх. Кінеш мне адзін канец.

— А печ выкінеш? — ставіла ўмову жонка, — тады зраблю, як ты кажаш.

На той момант іншага выйсця не было: гаспадар паабяцаў.

Алеся бедная, нацярпеўшыся страху, узлезла па драбіне наверх, з пятай ці шостай спробы такі дакінула мужу вяроўку. Той прывязаў яе да коміна, дабраўся да драбіны, злез на зямлю. А ўжо там — поп сваё, а чорт сваё — узяўся ладзіць новае прыстасаванне, каб пачаць усё спачатку — каб падладзіць комін, бо выкідваць печ ён, вядома ж, не збіраўся.

Мікалай Багданаў, в. Новы Пагост, Мёрскі раён.


Што можа слон?

Некалі даўным-даўно мае бацькі (светлай памяці!) бралі на пастой кватарантаў, найчасцей — настаўнікаў. Асобныя з іх дагэтуль у памяці.

Галіна Адольфаўна, напрыклад, была вельмі строгай і патрабавальнай. «Каб дзіця ў свае шэсць гадоў ды не ўмела пісаць?!» — абурылася неяк яна і сама ж узялася за справу.

Для пачатку, разгарнуўшы новы сшытак у клетачку, настаўніца вывела некалькі палачак ды кручочкаў і папрасіла, каб тое ж зрабіла я. Не скажу, што дужа хацелася, але я старалася — нават вельмі. Думала Галіна Адольфаўна мяне пахваліць... Не: паставіла слабую «троечку» і тым самым аж да школы адбіла ў мяне ўсякую ахвоту да пісьма.

З чытаннем, дзякаваць богу, усё атрымалася інакш. Тут ужо ў настаўніцы хапіла такту: яна і накіроўвала мяне, і развівала... У выніку яшчэ ў малодшых класах я ведала тое, што праходзілі ў старэйшых.

І, дарэчы, акурат тады ж засвоіла досыць мудронае слова «гіпербала». Яго наша Галіна Адольфаўна са школы прынесла.

...Значыць, неяк да яе на ўрок прыродазнаўства завітаў правяральшчык — загадчык райана, уласнай персонай.

Настаўніца адчувала сваю адказнасць і, вядома ж, вельмі старалася падаваць новы матэрыял, правяраць у вучняў дамашняе заданне.

Адзін з іх, Віця, смела ішоў да дошкі, досыць упэўнена расказваў пра трапічных жывёл. І Галіна Адольфаўна ўжо збіралася паставіць яму добрую адзнаку, як раптам з апошняй парты на ўвесь клас загучала:

— А скажы ты нам, Віця, — прасіў правяральшчык, — ці можа слон за адзін «прысест» з'есці стог сена?

Хлопчык разгублена паглядзеў на Галіну Адольфаўну (што казаць?). Тая ж прыняла пытанне за жарт і хацела падхапіць яго:

— Стог, — сказала, — гэта, вядома ж, гіпербала...

Ды правяраючы, як выглядае, жартаваць не збіраўся, ён, падняўшы ўгору ўказальны палец, павучальна вымавіў:

— Стог сена гіпербала, можа, і з'есць, а вось слон — не, не зможа...

Сяк-так закончыўшы ўрок і выслухаўшы заўвагі правяральшчыка (ну як жа без іх?), Галіна Адольфаўна зайшлася ад рогату. І ў калег потым толькі і гутаркі было, што пра «гіпербалу, якая харчуецца сенам».

...Потым я ўжо сама працавала настаўніцай і, хоць няшмат, але ж кантактавала з загадчыкамі райана. Амаль усе яны былі інтэлігентнымі, адукаванымі людзьмі. Але ж «гіпербала» ўспаміналася таксама! Прычым не раз...

Лілія Васілеўская, в. Трабы, Іўеўскі раён.

 

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».