Вы тут

«Абяцай, калі можаш выканаць»


Падчас прамой лініі старшыня Баранавіцкага райвыканкама Васіль Хвацік выслухаў як звыклыя пытанні па працаўладкаванні і добраўпарадкаванні, так і некалькі іншых праблем, што хвалююць жыхароў раёна.


За першую гадзіну патэлефанавала чатыры чалавекі. У адным выпадку трэба было растлумачыць асаблівасці прыватызацыі жылля. Другі званок прыйшоў ад жыхароў вёскі — прасілі адрамантаваць мост цераз рэчку. Як растлумачыў старшыня, у вёсцы жывуць пераважна старыя людзі. Драўлянай кладцы, па якой яны прывыклі хадзіць, патрэбен рамонт, тут без пытанняў трэба дапамагчы. Яшчэ адна сітуацыя — спрэчка з кааператывам. Дзесяць гадоў таму ў пасёлку пракладвалі газавы трубаправод. У такім выпадку 70 працэнтаў ад кошту работ аплачвае дзяржаўны бюджэт, 30 працэнтаў — уласнікі дамоў. Каб працэдура праходзіла лягчэй, зацікаўленыя ў гэтым жыхары аб'ядналіся ў кааператыў. Цяпер да праведзенай трубы вырашылі падключыцца яшчэ колькі вяскоўцаў. Вось толькі пры гэтым ім трэба заплаціць пэўную суму, якую ў свой час аддаў кожны з удзельнікаў кааператыву. Старшыня аб'яднання прапанавала, каб сабраныя пазней грошы паслужылі для рэканструкцыі царквы. Навічкі ж гэтага не хочуць і ўвогуле стараюцца выплат пазбегнуць.

— Спрабую растлумачыць людзям, што так нельга, што гэта заканадаўчае патрабаванне, — кажа Васіль Хвацік. — Пытанні, калі разам з чалавекам трэба разбірацца ў заканадаўчых нормах, безумоўна, сустракаюцца, але часцей за ўсё людзі просяць канкрэтнай дапамогі. Думаю, што і на гэтай прамой лініі прагучыць зварот па ўпарадкаванні вуліц. У нас большасць дарог у сельскай мясцовасці, з грунтовым пакрыццём. Падчас дажджоў яго хутка размывае. Як правіла, людзі разумеюць, што пакласці асфальт у далёкай вёсцы вельмі затратна, таму просяць прыслаць грэйдар, каб маглі праехаць «хуткая» ці аўталаўка.

Яшчэ адно звыклае пытанне — працаўладкаванне. Малады чалавек просіць пашукаць вакансію. Як аказалася, Артур скончыў дзевяць класаў і цяпер ніяк не можа ўладкавацца на работу. Ён запэўнівае, што гатовы на любую справу хоць у горадзе, хоць у вёсцы, абы было пастаяннае месца і жыллё. Пасля спробы больш пэўна растлумачыць сітуацыю суразмоўца вырашае, што лепей падысці да старшыні на асабісты прыём.

— Даволі складаны выпадак, — каментуе кіраўнік райвыканкама. — Малады чалавек без спецыяльнай адукацыі, без жылля — не трэба асабліва здзіўляцца, што ўзніклі праблемы з працаўладкаваннем. Нават у сельскай гаспадарцы цяпер патрэбны пэўныя веды па прафесіі. З другога боку, ёсць жаданне знайсці работу, гэта ўжо нямала. Куды горш, калі вялікаўзроставыя «дзеці» нідзе не працуюць, жывуць на бацькоўскую пенсію, да таго ж вядуць асацыяльны лад жыцця... Тады і здараецца непрыемная сітуацыя, калі старыя бацькі робяць за сваіх дзяцей выплаты па дэкрэце №3... Як бы там ні было, але старшыні сельскіх Саветаў ужо папярэджаны аб тым, каб браць падобныя выпадкі на кантроль.

Наогул, па словах старшыні, званкоў у райвыканкам стала менш. Напэўна, іграе ролю і тое, што работа з насельніцтвам адбываецца кожны дзень, а не толькі па суботах.

— Самая страшная хвароба чыноўнікаў — паабяцаць і не стрымаць сваё слова. Можаш вырашыць праблему — называй пэўную дату і бяры на кантроль. Калі праблема доўгатэрміновая і сродкаў на яе адразу выдзеліць не ўдасца, лепей так і растлумачыць людзям, як бы непрыемна гэта ні было. Напрыклад, капітальны рамонт будынкаў распісаны ў плане. Раней жыхары тэлефанавалі і пыталіся, а цяпер ведаюць, што работы адбудуцца не «калі-небудзь», а ў сваю чаргу.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».