Вы тут

Як бацькі асаблівых дзетак вяртаюцца да жыцця


Ідзе трэніроўка незвычайнай інклюзіўнай спартыўнай каманды. Дзеці бягуць разам з дарослымі. Хто з мамай за ручку, хто верхам на тату, а каго вязуць у калясцы. Прыгожыя, шчаслівыя, моцныя. Хацелася ўзляцець разам з імі. Пакуль вялікая колькасць людзей сядзіць па сваіх дамах і стогне, як сумна і цяжка, «Крылы анёлаў» бягуць насустрач яскравым эмоцыям. Калі ведаеш, з якіх праблем ім удалося ўзняцца, адчуваеш, што назіраеш за цудам.


Вяртанне

Раней дзеці з цяжкай інваліднасцю праводзілі час у чатырох сценах, у лепшым выпадку можна было выбрацца на нейкія спецыялізаваныя мерапрыемствы для людзей з такімі ж праблемамі. А разам з малымі «выпадалі» з жыцця і іх бацькі. Сёння «анёлы» — дзеці з інклюзіўнай каманды і «крылы» — дарослыя, якія дапамагаюць ім прымаць удзел у розных спартыўных трэніроўках і прабегах, — на вачах. Вяртанне цэлых сем'яў стала магчымым пасля маленькай рэвалюцыі ў свядомасці... А пачалося ўсё з дзёрзкага забегу Дзмітрыя Цімашкова і яго дачушкі Лілі (якую ён каціў у спецыяльнай калясцы) на Мінскім паўмарафоне («Звязда» ад 15.10.2015 года). Аказалася, спорт здымае межы. Людзі навокал не адводзяць позіркі ад спартсменаў з інваліднасцю, а наадварот, вітаюць такіх марафонцаў больш натхнёна, чым астатніх. Гэта сапраўды акрыляе. Можа таму ініцыятыву Дзмітрыя хутка падхапілі іншыя. І цяпер у камандзе «Крылы анёлаў» дзясяткі, а мо і сотні бегуноў. У спецыяльнай суполцы ў інтэрнэце іх падтрымліваюць спартсмены-аматары з усяго свету. А зусім нядаўна Дзіма і Ліля беглі марафон у Севільі. 42 кіламетры! Як бачыце, нават дзеткам з цяжкай інваліднасцю ёсць месца ў спорце.

— Буйныя спартыўныя спаборніцтвы — вельмі добрая мэта, якая дазваляе мабілізавацца і на тое, каб развіваць свае спартыўныя дасягненні, і на догляд за дзіцем, — заўважае Дзмітрый Цімашкоў. — Маленькі партнёр павінен быць гатовым да таго, што ў пэўны дзень і час будзе бегчы ў пары з табой чатыры гадзіны. У Іспаніі мы адчулі, што марафон — гэта не толькі спартыўная пляцоўка, але і магчымасць для прасоўвання любых інтарэсаў — сацыяльных, асабістых. У прыватнасці, там мы пазнаёміліся з арганізацыяй, якая збірала грошы на навуковыя даследаванні, каб дапамагчы дзецям з цяжкай рэдкай хваробай.

Вельмі важна данесці да беларусаў, што марафоны — для ўсіх, а не толькі для спартсменаў.

— Я ж не бегаў усё сваё жыццё, а пачаў гэтым займацца ў 49 гадоў, — прызнаецца Дзмітрый. — Калі выходзіў на першыя прабежкі, надзяваў чорныя акуляры: было сорамна сутыкацца з мінакамі вачыма, я разумеў, што выпраўка ў мяне неспартыўная, што бегаю дрэнна, дыхаю цяжка, ад ветру слёзы з вачэй коцяцца. Прайшло.

Услед за сталічнай інклюзіўнай камандай бегаць з асаблівымі дзеткамі пачалі бацькі ў Віцебску, а ў хуткім часе «Крылы анёлаў» хочуць далучыць да гэтага руху людзей з іншых рэгіёнаў.

Звычайна чалавек камплексуе займацца бегам побач са спартсменам — гэта як недасягальная вышыня. А тут камфортна ўсім. Ужо далучылася шмат людзей, якія гатовы паспрабаваць сябе ў ролі «крыла». Летам аматары бегаюць у парках, узімку купаюцца ў палонцы, рэгулярна трэніруюцца ў зале. З'яўляюцца агульныя інтарэсы, сяброўства, жывыя зносіны. Прычым знаходзіцца багата розных тэм для абмеркавання, дзе аб праблемах, звязаных з інваліднасцю, лячэннем, імкнуцца не ўспамінаць. «Гэта дазваляе расслабіцца, ажыць духам, — прызнаецца Дзмітрый. — Нават, калі ў сям'і праблема з дзіцём, гэта не павінна быць адзіным інтарэсам у жыцці, інакш можна звар'яцець».

Рэабілітацыя

Спорт разбурае стэрэатыпы. У людзей, якія раней не сутыкаліся з інвалідамі, тут не ўзнікае такіх эмоцый, як разгубленасць і шкадаванне. Узаемадзеянне пачынаецца на пазітыўнай хвалі. Тут «ажываюць» усе члены сям'і, дзе ёсць дзіця са складаным дыягназам. Здаровыя брацікі і сястрычкі перастаюць камплексаваць, што ў іх сям'і нешта не так. А ў бацькоў з'яўляюцца новыя мэты.

— Я сам, будучы бацькам дзіцяці з інваліднасцю, доўгія гады баяўся паказацца з ім на вуліцы, — прызнаецца тата Лілі. — Саромеўся, што ўсе ездзяць з прыгожымі звычайнымі каляскамі, а ў мяне — не такая. Як быццам дзіця з інваліднасцю крыху прыніжае ваш статус як бацькоў, бо не можаш (як гэта робяць іншыя) праз яго дасягнуць нейкіх вышынь, якіх не дабіўся сам. Спорт мяняе адносіны да дзіцяці, яны ператвараюцца ў партнёрскія: малы павінен змагчы, як і ты. З'яўляецца планка, якую падымаеш усё вышэй. Мы ж не думалі год назад, што будзем бегаць міжнародныя марафоны, што атрымаем прызнанне сярод спартыўных арганізацый. Цяпер беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі запрашае нас на марафоны.

Ліля — як іншыя дзеці каманды — сапраўды той анёл, які нясе надзею іншым сем'ям. Гэтыя малыя зрабілі больш моцнымі сваіх бацькоў: многія дарослыя прызнаюцца, што маглі б і не прыйсці да спорту, каб не дзеці.

— Усе кажуць, што ДЦП — гэта шэра. Я дзяліўся праблемай: дзіця не спіць і я з ім, і так пяць гадоў, я больш не магу. І доктар з высокім статусам кажа: «На жаль, такія дзеці дрэнна спяць». І думка далей не ідзе. А што з гэтым рабіць? Так, усё дрэнна, але як з гэтым жыць? А пасля я заўважыў цікавую рэч: інваліднасць — не хвароба. Часта кажуць: «людзі пакутуюць з ДЦП ці аўтызмам». Яны жывуць звычайным жыццём. Пакутуем у асноўным мы — тыя хто іх даглядае, бацькі. Гэта праблема сям'і і соцыуму. Спорт, якім мы займаемся, дазваляе зрабіць дзіця здаровым. У мяне картка першых пяці гадоў жыцця дачкі таўшчынёй у далонь. Гэта пастаянныя прастуды, тэмпература 40, бальніцы і інш. Усё закончылася. Апошні раз з прастудай звярталіся ў паліклініку год назад. Дзіця з інваліднасцю можа быць здаровым і жыць паўнацэнным жыццём. Уключэнне ў соцыум мае вялікае значэнне для стану малога. Ён бачыць навокал многа новага, і ў яго з'яўляюцца жаданні, якія б ніколі не ўзніклі, калі б ён сядзеў дома. Я гэта заўважыў па дачцэ: раней яна была пасіўным дзіцем, ніколі не зразумела было, калі яна можа закрычаць ці захоча спаць. У выніку трэніровак з'яўляюцца дадатковыя сэнсарныя магчымасці. Калі раней дзіця «блукала» позіркам, зараз ён асэнсаваны. Спартыўны лад жыцця рэгулюе рэжым дня, тыдня. Так, мы ведаем, што па аўторках і чацвяргах яна павінна на іх быць. Ёй падабаецца рабіць практыкаванні з усімі, а дома гэта было без усялякай ахвоты. У выніку дачка пачала стаяць. Восенню ў паліклініцы праходзілі чарговы медагляд, неўролаг была ўражана, маўляў, звычайна пры такім захворванні дзіця так не развіваецца. Нам знялі частку асноўнага дыягназу. Урачы, з якімі сутыкаюся, вопыт бачаць, здзіўляюцца некаторым рэчам, але гэта застаецца паміж мной і імі. Добра, каб гэта пераходзіла ў медыцынскія пратаколы. Так, некалькі гадоў таму мне казалі: што б я ні рабіў, дасягну нейкага мізеру. А я бачу, што дзіця становіцца ўсё лепшае, здаравейшае і здольнае на нейкія самастойныя рэчы. Нельга гэта ігнараваць. Медыцына павінна такія рэчы падхопліваць. Хацелася б, каб былі нейкія даследаванні. На прыкладзе нашых дзяцей гэта можна вывучаць...

Толькі скончылася трэніроўка, узмакрэлыя, стомленыя «Крылы анёлаў» не спяшаюцца разысціся. Хтосьці расцягнуўся на матах, дзятва распачала гульню з мячом, дарослыя абмяркоўваюць апошнія навіны. Усмешкі не сыходзяць з твараў. Вось яно — рэальнае жыццё. Так проста! Паспрабуем?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіаdzіulа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі бег акрыляе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?