Вы тут

Верасовы звон


Кацярына Нарваткіна

нарадзілася 27 сакавіка 1993 года ў Баранавічах. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Бібліятэкар-бібліёграф» і вярнулася на малую радзіму, дзе працуе ў дзіцячай бібліятэцы. Вершы поўнілі жыццё Кацярыны яшчэ задоўга да ўласнага паэтычнага вопыту. Яе ж дзіцячае захапленне вершамі, якія вучыла на памяць, дэкламавала сама сабе і па дарозе ў школу, і пасля заняткаў, знайшло свой працяг у дарослым жыцці: паэзія не пакідае сваю верную прыхільніцу. 



Верасовы звон

***

Снежань спыніўся надоўга у зоне рызыкі,

На скрыжаванні складанаскарочанай восені.

Ведаеш, гэтай зімою ўсе твае рысы і

Кожны асобны твой позірк гуляюць з просінню.

 

Не пашкадуе завея празрыстай постаці,

Замацаванай на папялішчы ідалам…

Не далучай да мяне сусветы так проста ці

Са свайго шматімённага спісу мяне выдалі.

 

Зноў стопяцьсотным піксельна-чорным смайлікам

Я адсылаю ліст да тваёй адмоўнасці.

Вечарам дрэнны настрой зімы замінае нам

Замацавацца ў снежна-каляднай роўнасці…

 

***

Досыць! Мне смутак даўно замяніў і спакой, і сон!

Смехам дзіцячым чуецца спрэс верасовы звон…

Цяжкай пакутай буяе на ўсходзе чырвоны май.

Там, дзе сустрэліся некалі сонцы, жыве «Бывай…»

 

Вусны з крышталю волю змалолі, нібыта млын.

Страціўшы веру, ружай крывавай цвіце палын.

Крылы — на поўнач, да першых самотных зімовых дзён.

Новая шыльда на тым жа сэрцы: «Адзіны — ён!»

 

Лесвіца ў цемру — загублены вечнасцю Млечны шлях.

Што твае вочы зведалі? Ціхі пякельны жах…

Восеньскай плыні апошняе самае «Mon amour!»

Вочы твае — смарагдавы блік, а душа — мармур.

 

 

***

Раніца без паветра, стрэлкі спынілі бег,

Цягнуцца па асфальце кавалкі неба.

Ведае толькі кватэра: ёй, акрамя цябе,

У гэтым гаркавым дні нічога не трэба.

 

Яна на Каляды зноў застанецца адна...

Пахне паўсюль памеранцамі і карыцай.

Ведае толькі кватэра: ёй ужо тыдні з два

Ніхто, акрамя цябе, па начах не сніцца.

 

Суседзі за сценкай зноў заспяваюць «…бэллс»,

Здаецца, у прыпеве нехта фальшывіць «джынгл».

Ведае толькі кватэра: у нябёсах дзесь

Ёй пра цябе складаюцца сны-сняжынкі.

 

Вечар, бы птушка, спыніцца ля акна

І ледзьве чутна будзе на свет спускацца.

Ведае толькі кватэра: штоноч яна́

Сніцца табе, і ты марыш не прачынацца…

 

***

Апоўначы твае рухі бясконца нясмелыя,

А словы нязменна трывожна-балючыя…

Абдымкі — ажурна-шкляныя сцены,

Нібыта капліца ў памяць святой Лючыі…

Апоўначы вецер мяняе свой накірунак,

Я знікну на парасоне, нібы чараўніца Мэры…

Каб зразумець цябе, я раскладаю руны,

Каб зразумець сябе — знішчаю шляхі веры.

Апоўначы памяць губляе адценне белі,

Каб мы не шукалі таго, што недзе забылі.

Я пачынаю гайдаць дажджавыя арэлі

Пад дахам капліцы ў памяць святой Лючыі.

 

***

Стары гадзіннік на тваёй сцяне

Так сумна і павольна мерыць час!

Мой любы, ты не ведаеш мяне,

І сеціва пад вечар супраць нас…

 

Сціхае дзень у зоркавым святле —

Яму нядоўга засталося жыць…

Мой любы, ты не думай пра мяне:

Яшчэ не час адзін аднога сніць.

 

Аднойчы я вярну табе спакой.

І мне ўсё роўна, што там супраць нас —

Мой любы, ты сустрэнешся са мной!

...Стары гадзіннік ціха мерыць час.

 

***

Я разгарнула кнігу тваіх нябёсаў,

Бачу ў ёй адзіноту драпежнага звера.

Мне пачынае здавацца, што нашы лёсы

Сплецены, быццам вяроўкай, адзінай верай.

 

Я выкідаю ў фортку свае надзеі,

Што пастарэлі і сталі жалобным ветрам,

Ён абдымае мяне, пакрысе сівее,

Ты ў гэты час ваюеш з пустым сусветам.

 

Я забываю, што абяцалі зоркі.

Зноў у душы маёй уваскрослай пуста.

Ад невыноснай смагі ў роце горка,

Ды уратуе дотык гарачых вуснаў…

 

***

Што вашы рукі? ВЫпрабаванне…

ВЫратаванне і ВЫнішчэнне.

Самае яркае летняе ранне,

Шэрасці дзён пяцьдзясят адценняў…

 

Што вашы рукі? Бязлюдны востраў.

Тут я спынюся і звар’яцею…

Я забываю на час — і проста

Ў вашы рукі кладуся ценем…

 

 

***

Спынілася і адпусціла час.

Як лёгка дыхаць у цішы спакою!

Я ўдзячна лёсу, што сустрэла вас,

А Вам — што збераглі мяне ад болю.

 

Я ўдзячная, што бачыла ўзыход

Маіх надзей і першага кахання,

Што Вы, узяўшы пару сціплых нот,

Мне падарылі музыку світання!

 

І я плыву ў бязмежнай цішыні,

Душа мая спазнала радасць веры!

Вы — мой маяк, маіх надзей агні

Імкнуць да вас на новы, светлы бераг.

 

Не трэба слоў — у іх жыве падман,

Давайце душы аддадзім нябёсам!

Вы — мой маяк, і Вы ж — мой капітан.

Кіруйце і жыццём маім, і лёсам!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.