Вы тут

Беларусь адзначыла Дзень Перамогі


У беларускай гісторыі нямала лёсавызначальных дат. Але 9 мая 1945 года — асаблівы дзень. Вялікая Перамога заваявана ў самай страшнай вайне. За гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь згубіла трэць свайго насельніцтва. У адным толькі лагеры смерці «Трасцянец» пад Мінскам фашысты знішчылі больш за 200 тысяч чалавек. Безліч людзей загінула ў спаленых карнікамі вёсках і зруйнаваных гарадах... Тым не менш мы выстаялі і змаглі адрадзіць краіну. І сёння мір, спакой, стабільнасць вызначаюць дзяржаўную палітыку нашай краіны.


Учора на ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску з нагоды 72-й гадавіны Вялікай Перамогі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:

— Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрасліць. Гэта павінны ведаць у тым ліку і тыя, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю, адняць Вялікую Перамогу ў нашага народа. Дапусціць гэтага мы не можам. І ніколі не перастанем схіляцца перад мужнасцю сваіх землякоў, якія прайшлі праз пякельны агонь вайны.

Подзвігам стала не толькі змаганне нашых суайчыннікаў на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі. Адрадзіць беларускія гарады і вёскі з руін і попелу было таксама няпроста. Звяртаючыся да ветэранаў вайны і працы, Прэзідэнт заявіў: усё, што яны зрабілі для Радзімы, не будзе забыта.

— На вашым прыкладзе вучацца і будуць вучыцца ўсе пакаленні беларусаў. Бо не можа быць нічога больш годнага, чым ахвярны подзвіг у імя свабоды і незалежнасці. З гадамі мы разумеем гэта ўсё больш востра, асабліва сёння, калі вас, дарагія ветэраны, становіцца ўсё менш і менш, і калі ўзрастае міжнародная напружанасць, адраджаюцца ідэі сусветнага панавання, у розных рэгіёнах планеты палаюць узброеныя канфлікты. Чалавецтва апынулася каля небяспечнай рысы новай вялікай вайны, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пагрозам падвяргаецца і наша Беларусь.

— Каля нашых межаў збіраюцца ваенныя арсеналы. Літаральна па суседстве — у былых савецкіх рэспубліках — размяшчаюцца ваенныя базы. Праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры. З дапамогай нашай унутранай «пятай калоны» прадпрымаюцца спробы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры краіны. Таму асаблівую значнасць набываюць пільнасць і гарантыя бяспекі краіны. Як зрэнку вока неабходна берагчы мір і бяспеку ў нашым родным доме.

Па словах кіраўніка дзяржавы, калі мы зможам зберагчы мір і спакой на нашай зямлі, гэта будзе самы вялікі падарунак не толькі для жывых ветэранаў, але і для тых, хто аддаў жыццё за ўсё тое, чым мы сёння карыстаемся.

— З нашай зямлі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць агрэсія. Мы даказалі ўсім, што Беларусь мірная і дружалюбная краіна. Але гэта не значыць, што яна не можа за сябе пастаяць. Так, чужога нам не патрэбна, але і свайго мы не аддадзім. Так навучылі нас нашы гераічныя продкі, і мы будзем верныя іх святому запавету, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

За мір у краіне народ можа не перажываць

Учора Прэзідэнт адказаў таксама на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаных як абароне незалежнасці нашай краіны, так і сітуацыі ў свеце, добраўпарадкаванню вёсак і правядзенню чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі праз некалькі гадоў.

Беларусь як ні адна з краін ведае, што такое вайна і чаго каштуе мір. Каментуючы тое, якія ёсць галоўныя пагрозы нашай бяспецы сёння і што будзе рабіць наша дзяржава, каб павысіць узровень сваёй баявой гатоўнасці, Прэзідэнт заявіў:

— Натуральна, лепш было б не ведаць таго, што было. Але, на жаль, гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Усё гэта было. І мы павінны здабываць з любой падзеі ўрок. Як бачыце, мы гэтыя ўрокі здабываем... Мы разумеем, што порах трэба трымаць сухім. Але самае галоўнае: у мірны час гарматы павінны быць у чахлах. І расчахляць іх можна толькі на вучэннях. Што мы, дарэчы, і робім. Самае галоўнае для нас, якія б ні адбываліся недзе падзеі, — гэта эканоміка. Будзе нармальна развівацца краіна — мы захаваем мір, бяспеку і ўнутраную стабільнасць. Наш народ можа за гэта не перажываць. У нас ёсць усё для таго, каб абараніць кавалачак зямлі, на якім жывуць нашы людзі.

Прэзідэнт звярнуў увагу: ужо тры разы літаральна за два дзесяцігоддзі мы рэфармуем, перабудоўваем, удасканальваем нашы Узброеныя Сілы, робім вывады з таго, што адбываецца ва ўсім свеце.

— Свет крайне неспакойны, ідуць войны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы пільна назіраем за тым, што адбываецца, робім вывады і ў сувязі з гэтым прыстасоўваем свае Узброеныя Сілы. Таму яшчэ раз паўтараю, вы можаце не перажываць за спакой і мір у нашай краіне. Галоўнае, каб у нас заўсёды было адзінства ўнутры краіны. Будзе яно — справімся з любымі пагрозамі.

Мігранты хочуць выратавацца

Нягледзячы на вялікую колькасць бежанцаў з Украіны, якіх прыняла наша краіна ў апошнія гады, гэта не пацягнула за сабой дэстабілізацыю ў грамадстве, пагрозу нацыянальнай бяспецы. Наконт такога тэзіса Прэзідэнт заявіў:

— Хачу звярнуць вашу ўвагу на адну рэч: вельмі важна, з якім настроем і адкуль едзе чалавек. Да нас прыехалі ўкраінцы. Яны прыехалі, таму што мы разварушылі іх дом? Не. Яны прыехалі для таго, каб выратавацца самім і выратаваць свае сем'і. Яны ўцякаюць ад той разрухі, якая адбываецца ў іх на ўсходзе Украіны. Яны едуць да нас як да людзей, якія павінны ім дапамагчы. Вось іх настрой. Што адбываецца на Блізкім Усходзе, адкуль лінула ў Еўропу хваля перасяленцаў? Туды прыйшлі ў тым ліку і еўрапейцы. Памятаеце гэтую арабскую дугу? І пачалі з Туніса. Цудоўная была краіна, усе туды ехалі, адпачывалі, курорты цудоўныя на ўзбярэжжы Міжземнага мора... Навошта было пераварочваць гэту краіну? Пачалі бамбіць, разбілі, пераварушылі — «дэмакратыю» прынеслі. Далей — больш.

У баявых дзеяннях загінулі многія і многія людзі, у тым ліку жанчыны, дзеці. Гэта стала адной з прычын развіцця тэрарызму. І вось бежанцы хлынулі ў Еўропу: нехта з мэтай адпомсціць, нехта — з мэтай знайсці працу.

— І таксама другое пытанне: як іх прынялі? Рэзервацыі, асобныя пасяленні... Яны пастваралі свае анклавы — з гэтым настроем... Вось у чым розніца паміж намі і другімі краінамі, якія мусілі іх (мігрантаў. — Заўв. рэд.) ехаць да іх на радзіму ў пошуках кавалка хлеба, не кажучы ўжо пра шчасце. Таму трэба быць больш уважлівымі да людзей, тады атрымаеш дабрыню ў адказ.

Інфраструктура будзе, калі будзе насельніцтва

Адказваючы на пытанне пра развіццё невялікіх населеных пунктаў, якое ўзнімалася падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, сапраўды, буйныя гарады, аграгарадкі ўжо прыведзены ў парадак. Што да невялікіх вёсак, то іх таксама неабходна добраўпарадкаваць.

— І калі людзі будуць там жыць, мы абавязкова мадэрнізуем, адрамантуем інфраструктуру для іх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы будзем рабіць гэта па ўсёй краіне.

Яшчэ адно пытанне датычылася магчымага правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што правядзенне ў нашай дзяржаве турніраў міжнароднага ўзроўню дазваляе не столькі павысіць імідж краіны або прыцягнуць турыстаў, колькі падштурхнуць да развіцця спартыўную сферу. Што да чэмпіянату свету па хакеі, то нават калі мы не атрымаем магчымасці правесці яго ў нас у 2021-м (а сапернік вельмі прыстойны, Фінляндыя), то атрымаем у 2022-м ці 2023-м. Па словах Прэзідэнта, мы абавязкова прывязём чэмпіянат свету па хакеі ў сваю краіну.

Магчымасць сказаць «дзякуй»

Да манумента Перамогі 9 мая прыйшлі тысячы людзей. Гэта ветэраны, замежныя дыпламаты, высокія чыноўнікі, духоўныя асобы... Усе яны сыходзіліся на адной думцы: гэты дзень — магчымасць яшчэ раз падзякаваць тым, хто здабыў Перамогу.

Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр Беларусі:

— У гэты дзень з болем, горыччу ўспамінаем пра тых, хто сышоў, пра пакалечаных, параненых, якія пасля вайны аднаўлялі вялікую краіну. Хацелася б, каб тыя людзі, якія прыйдуць ім на змену, былі іх дастойныя. А наша сённяшняя справа — зрабіць так, каб эканамічны патэнцыял краіны аднаўляўся як мага хутчэй і адначасова не забываць пра тое, што любая дзяржава павінна ўмець сябе абараняць.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

— Наш народ пражыў вельмі цяжкія гады акупацыі, разгрому, пралітай крыві і загінуўшых людзей, наш народ ведае цану міру. Наша задача — рабіць правільныя вывады з гісторыі. Хочацца пажадаць, каб ніколі не паўтаралася тое, што было ў тыя далёкія 40-я гады.

Станіслаў ЗАСЬ, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі:

— Сёння вельмі вялікае і знамянальнае свята для кожнага беларуса, для ўсёй краіны. Кожны год яно адзначаецца з асаблівым цёплым пачуццём — пачуццём гонару за пакаленне, што годна выканала свой абавязак перад краінай, перад нашчадкамі і забяспечыла нам спакойнае і шчаслівае жыццё.

Архіепіскап Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі:

— Прайшло шмат гадоў пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, аднак людзі памятаюць. У Беларусі, ва ўсім свеце, адзначаецца гэтая дата — памяць пра тых людзей, якія аддалі сваё жыццё, якія ахвярна ішлі ў бой, дзякуючы якім мы сёння можам мірна жыць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Подзвіг у імя Незалежнасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.