Вы тут

Дзе будзе музей Канстанціна Заслонава?


Наша газета ўжо пісала пра тое, што ў Оршы знеслі Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Пра гэта «паклапаціўся» леташні ліпеньскі ўраган, які не пакінуў шанцаў на рэстаўрацыю. Але фактычна музей працягвае існаваць — часова экспазіцыя знаходзіцца на выставачнай пляцоўцы Аршанскага музея гісторыі і культуры горада.


Сёння ставіцца пытанне аб тым, дзе на пастаяннай аснове размясціць музейныя прадметы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю легендарнага чыгуначніка. Аршанскі райвыканкам, які з'яўляецца заснавальнікам установы культуры, прапануе прыстасаваць пад музей гістарычны будынак у цэнтры горада. Не адмятаецца і такі варыянт, што музей будзе пабудаваны наноў каля чыгуначнага вакзала — на тым самым месцы, дзе ён знаходзіўся больш чым 60 гадоў. Але пакуль ідуць размовы, патэнцыйныя наведвальнікі прыходзяць на пустку. У лепшым выпадку ідуць «да Заслонава» — туды, дзе ён часова «прапісаўся».

Пра будучыню аднаго з найстарэйшых музеяў краіны пагутарылі падчас круглага стала, які прайшоў у Выдавецкім доме «Звязда». У абмеркаванні прынялі ўдзел намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег СМІРНОЎСКІ, дачка Героя Савецкага Саюза Ірына ЗАСЛОНАВА, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Анжаліка ЯНКОЎСКАЯ, начальнік сектара ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Аксана СМАРГОВА.

Галоўнае — захаваць

— Дзе быць музею: каля чыгуначнага вакзала, дзе ён знаходзіўся больш як 60 гадоў, або ў іншым месцы?

Алег СМІР­НОЎ­СКІ.

Алег Смірноўскі: — Сітуацыя, якая склалася вакол Мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава, хвалюе не толькі ўладу, але і грамадскасць Оршы, у тым ліку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Будынак, дзе з 1952-га змяшчалася экспазіцыя, меў больш чым стагадовую гісторыю. Калісьці ён знаходзіўся на балансе Беларускай чыгункі, але, і перадаўшы будынак ва ўласнасць горада, чыгуначнікі рэгулярна падтрымлівалі яго праз вылучэнне сродкаў на касметычны рамонт.

Для мяне асабіста музей Канстанціна Заслонава — тое месца, дзе мяне прымалі ў камсамол. На жаль, прырода ўмяшалася, і сёння мы не маем будынка. Пасля таго, як адбылося няшчасце, прымаць рашэнне трэба было аператыўна. Ратаваць макеты зброі, асабістыя рэчы Канстанціна Заслонава — тыя экспанаты, якім нельга знайсці замену, таму вырашылі музей тэрмінова эвакуіраваць. Работа не спынялася да таго часу, пакуль адтуль не быў вывезены апошні экспанат.

Анжаліка Янкоўская: — Тым не менш сёння музей існуе. Знішчаны толькі будынак. Ажыццяўляе сваю дзейнасць калектыў музейных работнікаў, захаваны фонд, створана экспазіцыя, хоць яна і змешчана цяпер на меншай плошчы.

Алег Смірноўскі: — Каб прыняць рашэнне для далейшага вызначэння — рамантаваць або зносіць будынак, мы запрасілі прадпрыемства «Салюс» з Наваполацка правесці спецыяльнае даследаванне. Згодна з заключэннем, з-за вялікія разбурэнні будынак рамонту не падлягаў, а знаходжанне ў памяшканнях людзей катэгарычна забаранялася. Музей быў знесены. Але для таго каб захаваць памяць аб Герою Савецкага Саюза (а Орша ў многіх асацыіруецца не толькі з «Кацюшамі», а і з Заслонавым), экспазіцыю часова перанеслі ў адну з залаў Музея гісторыі і культуры горада Оршы.

Цяпер разглядаюцца розныя варыянты яе размяшчэння на пастаяннай аснове. Калі будзе прынята рашэнне аб будаўніцтве асобнага музейнага будынка, напэўна, не вельмі правільна ўзводзіць музей далёка ад чыгуначнага вакзала: жыццё і дзейнасць Канстанціна Заслонава напрамую звязана з чыгункай. Не будзем забывацца, што Орша — адзін з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў Беларусі, і калі ён асацыіруецца з імем Заслонава, то пазбаўляцца памяці аб гэтым чалавеку няправільна. Тым больш, астанкі Героя Савецкага Саюза перапахаваны менавіта на станцыі Орша-Цэнтральная.

Ак­са­на СМАР­ГО­ВА.

Аксана Смаргова: — Беларуская чыгунка на самым высокім узроўні шануе памяць аб Канстанціне Заслонаве. Гэта гераічны, вялікі чалавек. Імем Канстанціна Заслонава названа лакаматыўнае дэпо Орша, чыгуначная станцыя, дзіцячая чыгунка. Людзі, якія прыходзяць да нас на працу, ведаюць гісторыю Беларускай чыгункі, яе герояў. Мінскае аддзяленне, кіраўніцтва Беларускай чыгункі падтрымаюць усе пачынанні, звязаныя з аднаўленнем музея. Мы за тое, каб музей быў, каб памяць аб Канстанціне Заслонаве захоўвалася і надалей. Адназначна, ён павінен знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад месцаў масавага наведвання людзей. А ўсё таму, каб як мага больш людзей ведала сваю гісторыю. І гэта датычыцца не толькі жыхароў Оршы, але і тых, хто бывае там праездам.

Алег Смірноўскі: — Ёсць і такая ідэя, якая, магчыма, не зусім адпавядае ўсім нормам музеефікацыі. Узяць сапраўдны паравоз (думаю, ва ўласнасці Беларускай чыгункі яны яшчэ ёсць), пасажырскі вагон, цяплушку і, адпаведна прыстасаваўшы, размясціць у іх экспазіцыю. Падобнага музея на тэрыторыі Беларусі няма, і я не ведаю, ці ёсць такі ўвогуле ў свеце. Калі «Аўрора» можа быць музеем, падводная лодка ў Маскве таксама выконвае функцыю музея, то чаму б і не? Я думаю, Беларуская чыгунка аказала б садзейнічанне і прадаставіла вагоны, якія не адпавядаюць сёння хадавым якасцям.

Анжаліка Янкоўская: — Музей у першую чаргу павінен забяспечыць захаванасць культурных каштоўнасцяў, музейных прадметаў, якія ўключаны ў асноўны фонд. Таму выклікае сумненне магчымасць размясціць экспазіцыю ў вагонах. Улічваючы, што ў фондах музея знаходзяцца і мемарыяльныя рэчы, прадметы побыту, а не толькі дакументы і матэрыялы, звязаныя з партызанскай дзейнасцю, мне здаецца, што больш правільна, каб музейныя прадметы знаходзіліся ў будынку або ў асобным памяшканні. Музеефікацыя вагонаў таксама мае права на існаванне, але не для стварэння мемарыяльнага музея Канстанціна Сяргеевіча Заслонава. Як адзін з аб'ектаў музея — магчыма, але не ў якасці памяшкання для размяшчэння пастаяннай экспазіцыі.

Алег Смірноўскі: — Безумоўна, у такім выпадку экспазіцыя павінна быць размешчана па ўсіх правілах, як таго патрабуюць законы музейнай справы.

Анжаліка Янкоўская: — Практыка стварэння экспазіцый у вагонах, паўпрычэпах існуе. Падобны праект прапрацоўваецца ў Вілейскім раёне: праектуецца эшалон, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне. Але, наколькі мне вядома, там не плануецца размяшчэнне музейных прадметаў асноўнага фонду, а будуць прадстаўлены толькі капійныя матэрыялы, муляжы, макеты, якія не патрабуюць захавання адпаведнага тэмпературна-вільготнаснага рэжыму, страта якіх узнаўляльная. Летась Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў створаны мабільны музей, але захоўванне музейных прадметаў на пастаяннай аснове там не прадугледжана.

Іры­на ЗА­СЛО­НА­ВА.

Ірына Заслонава: — Гэты чалавек зрабіў настолькі шмат для Беларусі, што варты таго, каб яго жыццё і дзейнасць былі прадстаўлены менавіта ў асобным будынку. Жыхары Оршы, турысты добра ведаюць, што такі музей існаваў першапачаткова. У перапынках паміж перасадкамі або ў чаканні свайго цягніка яны з задавальненнем праводзілі час за праглядам экспазіцыі. І раптам усё знікла, кудысьці трэба ісці і дзесьці штосьці шукаць. Ды і ці ведаюць яны, дзе цяпер знаходзіцца экспазіцыя?

Алег Смірноўскі: — Даведацца, што музей не разбурылі, а экспазіцыя перанесена ў іншае месца, можна ў Доме культуры чыгуначнікаў, які знаходзіцца за 25 метраў ад будынка былога музея. Інфармацыя пра новае месцазнаходжанне экспазіцыі ёсць і на сайце Аршанскага райвыканкама, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.

Шырокая сфера дзейнасці музея павялічыць колькасць наведвальнікаў

— Ці прадугледжана змена канцэпцыі Мемарыяльнага музея Заслонава?

Алег Смірноўскі: — Калі, згодна з прынятым рашэннем, музей размесціцца ў цэнтры горада — па вуліцы Міра, 6, — хутчэй за ўсё, гэта будзе Ваенна-гістарычны музей або музей абаронцаў Айчыны імя Канстанціна Заслонава. Войнаў, якія прайшлі праз Аршаншчыну, было нямала, таму расказаць нам ёсць пра што. Але, нават калі зменіцца канцэпцыя музея, у любым выпадку ён будзе насіць імя Героя Савецкага Саюза.

Ірына Заслонава: — Магчыма, музей ужо не вернецца на ранейшае месца, але, на мой погляд, ён павінен быць каля чыгуначнага вакзала. Няхай гэта будзе нават самы маленькі будынак, але важна, каб ён быў самастойным.

Анжаліка Янкоўская: — Вядома ж, існуе практыка размяшчэння мемарыяльных экспазіцый у музеях больш шырокага профілю. Яскравы прыклад — Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава. У адным будынку размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная непасрэдна жыццю і творчасці народнага мастака, дастаткова тут плошчы і для прадстаўлення іншых калекцый і экспазіцый музея. У выставачных памяшканнях праводзяцца зменныя выстаўкі. Чым большая плошча вылучана для работы музея, тым большая магчымасць правядзення шматлікіх культурных мерапрыемстваў, а значыць прыцягнення шырэйшых сла-
ёў насельніцтва. Таму трэба добра ўзважыць: невялікі, але асобны будынак альбо вялікае памяшканне, дзе будуць суіснаваць побач і іншыя экспазіцыі, канферэнц-залы, выставачныя пляцоўкі. Гэта заўжды ідзе на карысць музею: чым шырэйшая яго сфера дзейнасці, тым вышэйшы інтарэс да музея ў насельніцтва. Таму настойваць, каб музей з'явіўся менавіта на тым месцы, дзе ён быў, напэўна, не зусім правільна. Іншая справа, калі на балансе раёна ёсць адпаведны будынак, які знаходзіцца непадалёк ад вакзала.

Алег Смірноўскі: — Раней тое, што знаходзілася ў раёне вакзала, адносілася да Беларускай чыгункі: пачынаючы ад камунальнай уласнасці, заканчваючы жылым фондам. Паступова нешта перадаецца гораду, але ў асноўным гэта датычыцца жылога фонду. Прыстасаваць музей у жылым доме — не самы лепшы варыянт: у кагосьці заліло, у іншага непаладкі з электрычнасцю. І гэта ўсё не на карысць экспанатам!

Размясціць экспазіцыю ў тым жа Доме культуры чыгуначнікаў, дзе, дарэчы, яна першапачаткова знаходзілася (з 1948 па 1952 год. — Аўт.), таксама няправільна. Адкрыць музей у школе? Па-першае, у адной са школ ёсць музей ваеннай гісторыі, дзе асобны блок прысвечаны Канстанціну Заслонаву. Па-другое, школьны музей не можа быць мемарыяльным. Ёсць праект музея Заслонава аршанскага архітэктара М. А. Сморчака, але па сённяшніх мерках, гэта трэцяя частка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таму ўзводзіць трохпавярховы будынак не зусім правільна. Мы разумеем, дзе б мы ні рабілі музей, у любым выпадку на гэта неабходны немалыя сродкі, але ўсё-такі музей павінен быць у раёне чыгуначнага вакзала.

Аксана Смаргова: — Трэба яшчэ ўлічваць і такі факт, што чыгунка — гэта зона павышанай небяспекі. Мы не можам дапусціць, каб пасажыры хадзілі па чыгуначных шляхах. Таму калі музей будзе размешчаны на тэрыторыі дэпо, доступ да яго будзе абмежаваны.

Ірына Заслонава: — Усё зводзіцца да таго, каб на тым жа месцы або побач музей быў узведзены наноў. Цяпер трэба думаць пра тое, як пабудаваць будынак, а потым ужо казаць пра канцэпцыю экспазіцыі. Асноўнае пытанне — быць або не быць музею самастойным. На мой погляд, калі ўжо і ўкладаць сродкі, то на пабудову новага будынка, а не на мадэрнізацыю старога.

Алег Смірноўскі: — Адназначна, калі рабіць, то рабіць добра і якасна. Калі і ствараць музей ва ўжо існуючым будынку, то гэта ў любым выпадку будзе не прыстасаванне, а рэканструкцыя. І такія прыклады ў раёне ёсць. Аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча сёння размешчаны ў тым будынку, дзе раней быў радзільны дом, у якім вядомы пісьменнік з'явіўся на свет. Сёння гэта сучасны музей, які карыстаецца папулярнасцю як у жыхароў, так і ў гасцей Аршаншчыны.

Жывём, пакуль памятаем

— Захаванне гістарычнай памяці аб героях Вялікай Айчыннай: новыя падыходы альбо прыхільнасць традыцыям?

Аксана Смаргова: — На базе лакаматыўнага дэпо Орша ёсць музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы — адным словам, народны музей. У трох залах змяшчаюцца экспазіцыі, прысвечаныя Канстанціну Заслонаву: схема маршруту па мясцінах баёў заслонаўцаў, фотаздымкі, вітражы развіцця будаўніцтва дэпо з адлюстраваннем помніка Заслонаву, аповед пра прафтэхшколу ў Вялікіх Луках, дзе вучыўся будучы герой... Музей наведваюць школьнікі горада, асаблівыя ўрачыстасці адбываюцца каля помніка-магілы партызанскага камандзіра на чыгуначным вакзале падчас 9 мая і 3 ліпеня. Гэта тыя месцы, якія найбольш шануюць чыгуначнікі.

Алег Смірноўскі: — Для таго каб музей Заслонава, як і любы іншы музей, наведвала маладое пакаленне, сёння ўжо недастаткова расказваць гісторыю праз пэўныя экспанаты, як гэта было раней. Галоўнае — праз экспазіцыю дамагчыся таго, каб маладога чалавека, які зайшоў у музей, ахопліваў бы гонар за пакаленне людзей, якія адстаялі для нас Перамогу, мірнае неба над нашымі галовамі. Значнасць Перамогі сёння нельга пераацаніць, і, прыйшоўшы ў музей Канстанціна Заслонава, чалавек павінен гэта разумець.

Калі ў Оршу прыязджаюць дэлегацыі з розных краін свету, мы абавязкова імкнёмся ўключыць у іх камандзіроўку наведванне мясцін або ўстаноў, звязаных з мемарыялізацыяй памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. І людзі, пабачыўшы гэта, разумеюць, чаму для беларусаў важная памяць аб тых трагічных і разам з тым гераічных падзеях. Яны ўражаны тым, як мы шануем людзей, якія здабывалі Перамогу: ці гэта франтавікі, ці партызаны, ці тыя, хто шмат працаваў у тыле. Таму не трэба прыдумляць новых падыходаў, у нас усё гэта ёсць.

Ірына Заслонава: — Супрацоўнікі музея Заслонава ў свой час настолькі добра папрацавалі, сабраўшы вялізны матэрыял аб усіх атрадах і брыгадах, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі на Аршаншчыне. Дзякуючы ім, не ўпушчана ні адно прозвішча, ні адна дэталь. На жаль, з кожным годам бацьку ўспамінаюць усё менш. Пра яго напісана пяць кніг. І кожны пісаў тое, на што здольны. Я аб'ездзіла многія архівы былога Савецкага Саюза і выдала кнігу, заснаваную на дакументальным матэрыяле. Можна было б яе перавыдаць і ўсе атрыманыя за яе сродкі накіраваць на будаўніцтва новага музея.

Аксана Смаргова: — Сёння мала паказаць экспазіцыю, трэба яшчэ і зацікавіць наведвальніка, каб ён зноў вярнуўся. Сучасны музей павінен спалучаць у сабе гістарычную памяць з найноўшымі тэндэнцыямі ў справе музеефікацыі. Перш за ўсё мы ствараем гэта для дзяцей, для будучых пакаленняў: мы жывыя, пакуль жыве памяць аб подзвігах нашых вялікіх продкаў. Сённяшнім музеям не хапае інтэрактыўнасці. Добрым прыкладам сучаснага аснашчэння экспазіцыі можа стаць новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ан­жа­лі­ка ЯН­КОЎ­СКАЯ.

Анжаліка Янкоўская: — Сучасныя тэхналогіі, падыходы ў пабудове экспазіцый даюць вельмі добрую магчымасць забеспячэння доступу наведвальнікаў да інфармацыі, дакументаў, якія не прадстаўлены шырока. Пры стварэнні новых экспазіцый выкарыстоўваюцца інфакіёскі, шматлікія плазменныя і інтэрактыўныя панэлі. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, наведвальнікі могуць самастойна пазнаёміцца з гісторыяй музейнага прадмета. Гэта толькі на карысць як фондавай, так і культурна-адукацыйнай рабоце. Таму чым большая плошча будзе выдзелена для музея Канстанціна Заслонава, яго экспазіцыі і фондасховішча, тым больш усё гэта пойдзе на карысць развіццю ўстановы.

Алег Смірноўскі: — Ці будуем мы новы будынак, ці адраджаем стары — у любым выпадку гэта павінна быць рэспубліканская праграма. Мы разумеем, што раённы бюджэт і нават абласны не пацягне патрэбныя выдаткі. Спадзяёмся, што Міністэрства культуры Беларусі ўключыць гэты аб'ект у пэўную праграму, каб на будучы Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава ішло мэтавае фінансаванне. Заўсёды ў складаных сітуацыях падстаўляе нам плячо і Беларуская чыгунка. Сёння трэба закасаць рукавы і ўсёй талакой адраджаць музей!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.