Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра выступленне беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі, шанцы нашай гандбольнай зборнай на выхад на чэмпіянат Еўропы—2018 і пра чарговы тур чэмпіянату краіны па футболе.


1. Мужчынская гандбольная зборная краіны ў кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату Еўропы правяла сустрэчу ў адказ супраць зборнай Польшчы. У Плоцку падапечныя Юрыя Шаўцова пасля дамашняй перамогі вельмі ўпэўнена пачалі паядынак і на працягу практычна ўсяго матча вялі з перавагай у некалькі мячоў. Аднак да заканчэння гульні госці дагналі беларусаў і нават здолелі апярэдзіць іх на два галы за дзве хвіліны да заканчэння матча. Дзякуючы добрай абароне і хуткаму голу нашы хлопцы ўсё ж змаглі давесці сустрэчу да нічыйнага выніку — 27:27.

— Узяць адно ачко на выездзе ў такой моцнай каманды, як Польшча, — гэта добра, мы вельмі задаволеныя такім вынікам, — адзначыў галоўны трэнер беларускай зборнай Юрый Шаўцоў. — Быў сапраўдны бой, абедзве каманды, можа быць, і не паказалі залішне прыгожай гульні, але была барацьба нерваў, характару, матч складваўся з маленькіх эпізодаў. Было цяжка гуляць са зборнай Польшчы, таму што ў гэтай камандзе відаць рука трэнера, пасля нашай першай сустрэчы ў Мінску ў камандзе сапернікаў былі зроблены перастаноўкі, некаторыя нашы звязкі раскрытыя, таму вельмі складана нам было забіваць. Але галоўнае, што барацьба за выхад на чэмпіянат Еўропы працягваецца.

— Пасля перамогі дома мы ведалі, што зборная Польшчы здольная гуляць значна лепш на сваёй пляцоўцы, — адзначае Барыс Пухоўскі. — Гэта адна з наймацнейшых камандаў у нашай групе, і гэта быў, напэўна, іх апошні шанц трапіць у Харватыю, таму мы ўбачылі зусім іншую каманду, гуляць з якой было нашмат цяжэй, чым у Мінску.

У паралельным матчы нашай групы зборная Сербіі перамагла румын і з шасцю ачкамі выйшла ў лідары квартэта. Зборная Беларусі на другім месцы з пяццю баламі, на трэцяй пазіцыі зборная Румыніі, замыкаюць табліцу палякі, якія практычна страцілі шанцы на выхад з групы. У сувязі з гэтым пасля сустрэчы з беларусамі галоўны трэнер Талант Дуйшэбаеў падаў у адстаўку.

— Гэта ачко дае беларусам шмат падстаў для радасці і захоўвае іх шанцы, а вось у нас іх больш няма. Я, як трэнер, лічу, што сваю задачу не выканаў і падаю ў адстаўку. Не буду шукаць апраўданняў, я падвёў сваіх гульцоў і балельшчыкаў, — заявіў Дуйшэбаеў.


2. Хакеісты зборнай Беларусі атрымалі трэцяе паражэнне запар на чэмпіянаце свету ў Парыжы, саступіўшы камандзе Канады 0:6. Нагадаем, да гэтага беларусы прайгралі фінам 2:3 і чэхам 1:6.

— Вядома, у камандзе напружаны настрой, але я ўжо сказаў хлопцам, што менавіта ў такія моманты і трэба паказваць, наколькі ты воін, гатовы змагацца, — расказвае галоўны трэнер беларусаў Дэйв Льюіс.

Сёння наша зборная згуляе з камандай Швейцарыі.

— Яны хуткія, актыўна гуляюць на чужым пятачку, небяспечныя ў контратаках, але, спадзяюся, швейцарцы будуць стомленыя, а мы паспеем аднавіцца. Калі здолеем адразу захапіць ініцыятыву і закінуць першымі, будзе выдатна, — дадаў Льюіс.

Зараз у лідарах нашай групы зборныя Канады, Швейцарыі, Чэхіі, у беларусаў адзіных няма ачкоў.


3. Адбыліся ўсе паядынкі 6-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Наваполацкі «Нафтан» пацярпеў пятае паражэнне ў турніры, на забіўшы пакуль ніводнага мяча. На гэты раз «Нафтан» быў слабейшым за «Тарпеда-БелАЗ» — 0:1. Гродзенскі «Нёман» у Магілёве перамог мясцовае «Дняпро» з лікам 3:0. Салігорскі «Шахцёр» перайграў «Крумкачоў» — 2:0, «Іслач» была мацнейшая за «Дынама» (Брэст) — 3:1. «Віцебск» і «Гарадзея» згулялі ў нічыю — 0:0. «Славія» з буйным лікам саступіла БАТЭ — 0:6, а «Слуцк» перайграў «Мінск» — 2:0. Сталічнае «Дынама» з мінімальнай перавагай адолела «Гомель» — 1:0.

Становішча ў групе лідараў пасля 6 тураў: БАТЭ — 14 ачкоў, «Слуцк» — 13, «Шахцёр» — 13, «Дынама» (Мінск) — 12, «Тарпеда-БелАЗ» — 11.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Барацьба нерваў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.