Вы тут

Адзінай прыватнай школе з літоўскай мовай навучання — 25 год


Сёлета адзіная ў Беларусі прыватная літоўская сярэдняя школа адзначыць 25 гадоў свайго існавання. Знаходзіцца навучальная ўстанова ў вёсцы Пеляса, што ў Воранаўскім раёне і збірае ў сваіх сценах як школьнікаў, так і дзетак дашкольнага ўзросту — усіх 75 чалавек.


З'язджаюцца з усяе акругі

— Няўжо ўсе літоўцы? — спыталася ў намесніка дырэктара школы Антаніны Арбачаўскене.

Аказалася, што большасць дзяцей маюць этнічныя літоўскія карані, але тут прымаюць не толькі літоўцаў, але і дзетак, чые бацькі жадаюць даць ім менавіта такую адукацыю.

— Аб нашай школе ведаюць, і сюды прывозяць дзяцей не толькі з Воранаўскага, але і з суседняга, Лідскага раёна. У нас ёсць інтэрнат для школьнікаў і педагогаў, — растлумачыла Антаніна Арбачаўскене. — Большая частка педагагічнага калектыву — грамадзяне Літвы, і прыязджаюць яны сюды на работу.

Сёлета ў школу вярнуліся працаваць чатыры выпускнікі, у тым ліку і настаўніца пачатковых класаў Юстына Віткаўскіце. Яна расказала, што магла і ў Літве ўладкавацца, дзе атрымала спецыяльную адукацыю, але вырашыла вярнуцца ў родную вёску і сваю школу.

Калі не было дзяржаўнай мяжы, жыхары памежжа ладзілі агульныя фестывалі, сябравалі, жаніліся. Гэты час добра памятае і сталая жыхарка Яніна Шымялевіч, этнічная літоўка. Дарэчы ў Пелясе 80% жыхароў адносяць сябе да гэтай нацыянальнасці.

Жанчына нешта рабіла ў двары, але ахвотна адгукнулася на просьбу пагаварыць і падышла да плота. Прызналася, што самы лепшы ўспамін для яе — гэта паездкі і канцэрты іх музычнага калектыву, часта выязжалі да суседзяў. Спявалі, вядома, літоўскія песні. Але зараз патрэбны візы, таму і не выязджаюць. Сувязь з этнічнай радзімай амаль абарвалася.

Права на выбар

Вось тады, напачатку 90-х, жыхары Пелясы выйшлі з ініцыятывай адкрыць для іх дзяцей літоўскую школу. Раней такая школа была, але ў вайну згарэла. У рускай школе часткова захавалася вывучэнне літоўскай мовы.

Фінансаванне сярэдняй школы ў Пелясе ўзяў на сябе літоўскі ўрад, у прыватнасці Міністэрства адукацыі. Па згодзе з літоўскім бокам, выпускнікі атрымоўваюць беларускі атэстат, які прызнаецца і ў Літве. Звычайна палова выпускнікоў працягвае вучобу на этнічнай радзіме, але апошнім часам многія пачалі аддваць перавагу беларускім навучальным установам.

— Для нашых выпускнікоў здача ЦТ — не праблема, бо яны вывучаюць і рускую, і беларускую мову, — растлумачыла Антаніна Арбачаўскене, — а вучэбны працэс праходзіць па праграме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, гэта значыць, што школьнікі атрымоўваюць тыя ж веды, што і вучні беларускіх школ.

Цікаўлюся, ці захаваецца наогул літоўская мова ў беларускай глыбінцы? Жыхароў тут не становіцца больш, хутчэй, наадварот. Вёска, як гэта адбываецца паўсюдна, старэе...

— Сапраўды, час не самы спрыяльны, — згаджаецца Антаніна Арбачаўскене, — моладзь імкнецца ў гарады, а носьбітаў мовы застаецца менш. Але мы стараемся захаваць мову. Зацікаўлены ў гэтым не толькі педагогі, але і бацькі, і дзеці.

У школе адчуваецца асаблівая аўра. Настаўнікі кажуць, што імкнуцца стварыць сямейную атмасферу, і гэта сапраўды так. Вузкія калідоры, утульны дворык у цэнтры, актавая зала з драўлянымі бэлькамі і натуральнай падлогай. Нават сама школа пабудавана кампактна, без размаху, і разлічана на 100 дзяцей. Сёлета тут разам з дашкольнікамі займаецца 75. Такая колькасць у сярэднім назіраецца штогод.

Пад аховай Святога Лінаса

Праз дарогу — касцёл Святога Лінаса. Між іншым, ні адно мерапрыемства ў школе не абыходзіцца без удзелу настаяцеля Эліяса Маркаўскаса, які яшчэ і выдатны арганізатар. Святар — грамадзянін Літвы, але добра валодае і беларускай мовай, на вывучэнне якой патраціў тры гады. Цяпер вядзе службу на дзвюх мовах — літоўскай і беларускай. Лічыць, што галоўнае багацце Беларусі — мір, стабільнасць і добрыя людзі.

У школе штогод адзначаюць дзень святога Лінаса, свята прыпадае на пачатак навучальнага года. Сёлета яно супадзе са святкаваннем юбілея школы. У гэты дзень ладзяцца культурныя мерапрыемствы, да якіх далучаецца ўся літоўская абшчына.

Робяць выбар

Грамадскае аб'яднанне літоўцаў Пелясы носіць назву «Гімціне» (Айчызна) і аб'ядноўвае 170 этнічных літоўцаў. Узначальвае яго дырэктар школы Іван Мацюлевіч. Дарэчы, гэта першы дырэктар, які з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, пяць папярэдніх былі грамадзянамі Літвы. І па акцэнце Іван Станіслававіч больш нагадвае беларуса, чым літоўца.

— У свой час я хадзіў у рускую школу, дзе літоўская мова вывучалася як прадмет, — паведаміў Іван Мацюлевіч, — вось ужо 25 гадоў, як у этнічных літоўцаў вёскі Пеляса і наваколля ёсць магчымасць вучыцца на роднай мове. А каму напачатку цяжка яе засвойваць, могуць карыстацца беларускімі падручнікамі, бо праграма ў нас аднолькавая.

Такі падыход павышае канкурэнтнасць выпускнікоў пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, лічыць дырэктар. Напрыклад, сёлета амаль усе выпускнікі, а іх усяго 6, выказалі жаданне паступаць менавіта ў беларускія ВНУ і каледжы, хоць у Літве яны маюць ільготы пры паступленні. Летась пяцёра з дзевяці чалавек таксама працягнулі вучобу ў Беларусі.

За ўвесь час работы дырэктар не памятае выпадку, калі бацькі ці вучні былі б незадаволены вучэбным працэсам. Што датычыцца праграмы, яна штогод узгадняецца рабочымі групамі абодвух міністэрстваў адукацыі — Літвы і Беларусі.

— У сем'ях літоўцаў таксама па-рознаму гавораць — хто па-літоўску, хто па-беларуску. Так і ў школе. Даём магчымасць вучыцца па розных падручніках, — адзначыў Іван Мацюлевіч. — У рэшце рэшт, нам важна падтрымаць тых, хто прыходзяць да нас вучыцца. Напрыклад, у новым навучальным годзе мы будзем набіраць першы клас з дашкольнай групы, у складзе якой зараз 17 дзетак. Нават калі яны і не ведалі мовы, то за год падрыхтаваліся да школы. Іх бацькі хочуць, каб дзеці не забылі свае этнічныя карані.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

в. Пеляса, Воранаўскі раён

Фота Алега БЕЛЬСКАГА

Загаловак у газеце: Літоўскі акцэнт Пелясы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?