Вы тут

Унукі працягваюць справу дзядоў


З далёкай расійскай Пермі ў невялічкі палескі Лоеў прыехала з сям'ёй Валянціна Чысцякова. Для таго каб пабываць на месцы, дзе, як толькі цяпер высветлілася, пахаваны яе бацька Павел Аляксандравіч Цюканоў. Пахавальная прыйшла ў 1943 годзе, калі ёй споўнілася толькі тры месяцы. Маці Марыя Васілеўна доўга не верыла, што малады муж ужо ніколі не вернецца з фронту, і захавала яму вернасць на ўсё жыццё, пражыўшы ўдавой да 2005 года.


Жы­хар­ка го­ра­да Перм  Ва­лян­ці­на Чыс­ця­ко­ва  з парт­рэ­там баць­кі  Паў­ла Цю­ка­но­ва, які па­ха­ва­ны на Го­мель­шчы­не.

Гэты лёс паўтарылі тысячы жанчын, якія расцілі дзяцей у адзіноцтве і толькі расказаць ім маглі, якім прыгожым ды разумным быў бацька. Так і не пабачыў ён першай усмешкі свайго дзіцяці, не патрымаў за руку пры першых кроках, не парадаваўся поспехам у вучобе... Павел Аляксандравіч, дарэчы, у самым апошнім пісьме дадому пісаў жонцы: беражы дачку. Сёння дачка Валянціна Паўлаўна ўспамінае пра роднага чалавека і плача:

— Яго ўсе любілі. Ён быў вясёлы і граў на гармоніку. Калі прыйшла пахавальная, маці спадзявалася, што гэта памылка, а ён недзе ў шпіталі. Колькі часу пасля вайны чакала, што вернецца. Год таму мой унук вырашыў заняцца радаводам. Ён зрабіў запыты ў архівы, і такім чынам мы знайшлі, што мой бацька пахаваны на Гомельшчыне. Мы прывезлі зямлю з яго радзімы, якую высыплем у вёсцы Іванькаў, дзе знаходзіцца брацкая магіла.

Дырэктар лоеўскага музея бітвы за Днепр Рыма Стаднікава гаворыць, што архіўная, даследчая і пошукавая работа вядзецца пастаянна. Толькі летась было ўстаноўлена 405 імёнаў загінулых і тут пахаваных. Сёлета яшчэ каля 300.

— Мы разумеем, што для кожнага чалавека ведаць лёс яго продкаў вельмі важна. Шанаваць свае карані — значыць не даць загінуць дрэву свайго роду, таму мы працягваем шукаць загінулых і імкнёмся ўвекавечыць іх памяць. Напрыклад, наносім устаноўленыя імёны на мемарыяльныя пліты агульных пахаванняў, — расказала дырэктар музея.

Не выпадкова менавіта Лоеў быў абраны для правядзення Дыялогу пакаленняў «Кветкі Вялікай Перамогі». Нагадаю: восенню 1943 года тут ішлі кровапралітныя баі, якія паклалі пачатак вызваленню беларускай зямлі ад фашыстаў. Бітва за Днепр стала адной з самых буйных ва ўсёй Вялікай Айчыннай вайне. Тысячы байцоў фарсіравалі круты бераг ракі, якую праціўнік лічыў непрыступнай. Менавіта за тыя подзвігі 323 воіны былі ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Дарэчы, такая колькасць герояў — унікальны факт у гісторыі той вайны.

Мі­тынг і ўскла­дан­не кве­так да ме­ма­ры­я­ла ў Ло­е­ве.

Каля 100 прадстаўнікоў актыву БРСМ і піянерскай арганізацыі адкрылі для сябе новыя факты пра гераічны подзвіг продкаў. Моладзь прыехала ў Лоеў з усёй вобласці і падлеткам было вельмі цікава не толькі ўскладанне кветак да мемарыяла, але і экскурсіі па мясцінах баявой славы. Між тым дыялог пакаленняў з'яўляецца часткай рэспубліканскага патрыятычнага праекта БРСМ «Кветкі Вялікай Перамогі». Ён прызваны працягваць лепшыя традыцыі дзядоў і бацькаў. Першы сакратар Гомельскага абкама «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» Ігар Завалей гаворыць, што Лоеў — гэта месца, якое ідэальна падыходзіць для разважанняў аб тым, як мінулае ўплывае на будучыню:

— Вельмі каштоўна, што маладыя людзі на свае вочы пабачылі гэты мемарыял. Апошнім часам з'яўляецца многа інтэрпрэтатараў гісторыі, і таму важна, каб не скажалася роля Савецкага Саюза ў Вялікай Перамозе.

Намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Мікалай Новік адзначае, што клопат пра ветэранаў з'яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

— Разам з тым маладзёжным грамадскім аб'яднанням увагу неабходна ўдзяляць штодзённаму клопату пра ветэранаў. Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць для стасункаў з імі. Дапамога па доме і гаспадарцы, у арганізацыі побыту і простыя чалавечыя зносіны — вось тое, чаго не хапае сёння гэтым людзям.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».