Вы тут

Асаблівасці прадпрымальніцтва з сацыяльнай адказнасцю


Прыкладаў, калі прадпрымальнікі ўдзельнічаюць у сацыяльных праектах, можна прыводзіць шмат. У Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама запэўніваюць, што амаль ніхто ў гэтым не адмаўляе. Праўда, большасць абмяжоўваецца разавай дапамогай, але ёсць і такія, хто займаецца гэтым рэгулярна. Нашы сённяшнія суразмоўцы адны з тых, хто будуе сваю працу на ўмовах сацыяльнага прадпрымальніцтва.


Сяргей Несцераў па суботах выконвае сацыяльныя рэйсы.

«Мне падабаецца дапамагаць»

Ірына Максімава, заснавальніца прыватнага прадпрыемства «Свет здароўя і прыгажосці» ў Магілёве, па праграме адаптацыі інвалідаў працуе ўжо больш за пяць гадоў. Расказвае, што ўсё пачалося з удзелу ў Дні інваліда, на які іх аднойчы запрасіў у якасці спонсара тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання Кастрычніцкага раёна.

— Пасля гэтага мамы хворых дзяцей сталі прыходзіць да нас на бясплатныя заняткі фітнесам, а наша інструктар займацца з ахвотнымі непасрэдна ў цэнтры сацабслугоўвання. Потым мне прапанавалі дапамагчы з працаўладкаваннем інвалідаў, і я пагадзілася, — расказвае Ірына. — У нас вельмі камфортныя ўмовы і няма нейкага размежавання, інвалід ты ці здаровы. Аднойчы прыйшла жанчына, якой на вытворчасці адарвала руку. Яна моцна камплексавала з гэтай нагоды. Але стала працаваць у нас і хутка адчула сябе паўнавартасным чалавекам. Ніхто не звяртаў увагі на тое, ёсць у яе рука або няма... Хутка асвоілася і дзяўчына з ДЦП, прычым вельмі сур'ёзнай ступенню захворвання. У яе была моцна парушана каардынацыя. Але мы таксама пасябравалі, яна нават удзельнічала ў нашых мерапрыемствах. Былі інваліды па зроку, людзі з захворваннямі на шчытападобную залозу, з дэфектамі канечнасцяў. Цяпер вось бяром 25-гадовую дзяўчыну з эпілепсіяй.

Фірма не толькі працаўладкоўвае людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і займаецца спонсарскай дзейнасцю. Напрыклад, група пенсіянерак, самай старэйшай з якіх 80 гадоў, наведвае фінтес-клуб па льготных расцэнках. Сярод устаноў, якім аказваецца дапамога, — Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, дзе вучацца ў тым ліку і інваліды, папраўчая калонія Магілёва для непаўналетніх асуджаных. У законапаслухмяных выхаванцаў гэтай установы ёсць магчымасць бясплатна займацца ў фітнес-клубе. За сваю сацыяльна арыентаваную дзейнасць Ірына некалькі гадоў таму атрымала падзяку ад старшыні аблвыканкама. «Мне падабаецца займацца дабрачыннасцю, — прызнаецца яна. — Людзі, якія трапілі ў бяду, вельмі добразычлівыя. З імі, можа, і складана, але адчуваеш, як ім патрэбна гэтая дапамога. І гэтае пачуццё дае сілы».

«На ўсё патрэбны грошы»

— Запрашаем на працу інвалідаў і маладых спецыялістаў. Адным словам, тых, каму цяжэй знайсці працу, чым здароваму чалавеку, — кажа заснавальніца яшчэ аднаго магілёўскага прыватнага прадпрыемства «Аэліт-мама» Святлана Акуленка. Першапачаткова фірма спецыялізавалася на паслугах для мам і дзяцей — праводзіла курсы падрыхтоўкі да родаў, масаж, плаванне для дзяцей, пачынаючы з першага месяца жыцця. Потым тут сталі практыкаваць фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць, дадаткова адкрылі трэнажорную залу, цырульню. Арганізавалі нават сустаўную гімнастыку для жанчын ва ўзросце. Паслуга, дарэчы, вельмі запатрабаваная.

Святлана, як і Ірына, працуе па праграме адаптацыі інвалідаў. Яна, дарэчы, мае медыцынскаю адукацыю і 8 гадоў медыцынскага стажу.

Сярод работнікаў фірмы — таксама інваліды 2-й і 3-й груп з дзяцінства або тыя, хто стаў імі ў выніку няшчасных выпадкаў ці сур'ёзных захворванняў. Апошнім часам шмат звяртаецца людзей, якія атрымалі інваліднасць пасля аперацыі па анкалогіі. Некаторыя саіскальнікі прыходзяць у «Аэліт-маму» праз тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага раёна, з якім фірма месціцца ў адным будынку. Святлана заўсёды ў курсе навін магілёўскага таварыства інвалідаў, падтрымлівае з ім цесныя кантакты.

Штат прадпрыемства невялікі — 15 чалавек, але першапачаткова тут ужо было прадугледжана 3 працоўныя месцы для маладых спецыялістаў і 4-5 для інвалідаў. «Можна было б працаўладкаваць і больш чалавек, але на ўсё патрэбны грошы, — уздыхае Святлана. — Калі б дзяржава дапамагла з фінансамі... А так — абсталяваць адно працоўнае месца для інваліда сёння каштуе 2-3 тысячы рублёў. У нас, напрыклад, працуе адміністратар з кампрэсійным пераломам пазваночніка. Прыйшлося шукаць спецыяльнай формы крэсла, бо сядзець на звычайным яна не магла. Або наша прыбіральшчыца — інвалід з дзяцінства, у якой замест тазасцегнавага сустава імплантат. Ёй цяжка нахіляцца, патрэбны спецыяльны пыласос. Ды і псіхалагічна такіх людзей неабходна падтрымліваць, інваліды часта камплексуюць. Прыйшла неяк жанчына з вышэйшай адукацыяй, якая па стане здароўя не магла працаваць па прафесіі. Яна доўга прывыкала да таго, што стала прыбіральшчыцай. Некалькі месяцаў пераконвалі яе, што нічога ганебнага ў яе працы няма. Саромецца павінны тыя, хто наогул не працуе.

Іры­на Мак­сі­ма­ва  пры­мае ў сва­ім фіт­нес-клу­бе вы­ха­ван­цаў са спец­шко­лы.

Непрадпрымальны... перавозчык

Былы марак-падводнік Мікалай Кустоўскі жыве ў Быхаве, але цяжкае захворванне прымушае яго рэгулярна ездзіць на гемадыяліз у Магілёў. І ён вельмі ўдзячны мясцоваму прадпрымальніку Сяргею Несцераву, які кожную суботу давозіць яго з Быхава непасрэдна да ўвахода ў абласную бальніцу.

— Сёння на 6.30 раніцы гэта быў адзіны мой пасажыр, — тлумачыць Сяргей, калі пенсіянер адпраўляецца на чарговы сеанс. На гадзінніку 7.30. У палове 12-й мужчыну трэба будзе забраць і адвезці назад у Быхаў. Да гэтага часу перавозчык паспее здзейсніць яшчэ два рэйсы. Перавозкі — яго бізнес, але ён працуе ад аўтапарка. І дадатковы рэйс, які ён здзяйсняе па ўзгадненні з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Быхаўскага райвыканкама, для яго зусім не прыбытковы. Спачатку хворых было сямёра, і Несцераў вазіў іх туды і назад тройчы на тыдзень. Зараз гемадыяліз патрэбны толькі двум. Таму сацыяльны рэйс у яго застаўся адзін — па суботах. Калі пашчасціць з пасажырамі на іншых рэйсах, можна лічыць, што паездка акупілася. Але вельмі часта зрабіць гэта перашкаджаюць нелегалы. Пасажыры не паспяваюць нават дайсці да касы, як іх «ужо перахопліваюць». Сяргей Несцераў нават у Міністэрства транспарту звяртаўся, каб абаранілі інтарэсы сваіх перавозчыкаў, але той ліст «спусцілі» на вобласць. А мясцовыя ўлады што могуць зрабіць? Нелегалаў яшчэ трэба за руку схапіць. Да таго ж яны таксама маюць ліцэнзію на перавозкі.

Сяргей, па сутнасці, мог бы таксама працаваць як «вольны мастак». Але сумленне не дазваляе. «Я ж у Савецкім Саюзе выхоўваўся», — усміхаецца ён. І прызнаецца, што было б лягчэй працаваць, калі б для такіх, як ён, перавозчыкаў існавалі льготы. Усё ж такі ён — у адрозненне ад сваіх прадпрымальных калег — выконвае сацыяльныя рэйсы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара і з архіваў Ірыны Максімавай і Святланы Акуленкі

Загаловак у газеце: З арыентацыяй на «сацыялку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.