Вы тут

Працоўны семестр адкрыўся на плошчы Дзяржаўнага сцяга


Ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным афіцыйнаму старту працоўнага семестра, узялі ўдзел больш за 800 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху з усіх рэгіёнаў краіны: камандзіры, камісары, байцы, ветэраны атрадаў. Кульмінацыяй цырымоніі стала ўручэнне працоўных пуцёвак для работы ў атрадах, іх моладзі перадавалі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, маладзёжныя лідары.


— Калі студэнт педагагічнай ВНУ едзе ў педатрад, працуе з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах, ён набывае дадатковыя ўменні і навыкі будучай педагагічнай прафесіі, — сказаў падчас цырымоніі міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Калі будучы інжынер-будаўнік едзе ў будатрад і працуе на ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў якасці рабочага, ён бачыць, чым займаецца буйны трэст, архітэктары, інжынеры-будаўнікі, рабочыя розных спецыяльнасцяў. Гэта па-сапраўднаму ўнікальная магчымасць. Студатрадаўскі рух прайшоў праверку часам. Сёння ў новай якасці, у новым гучанні ён набірае сілу, і мы ўсяляк гэта падтрымліваем.

Па меркаванні міністра, студэнцкія атрады спрыяюць прафесійнаму станаўленню студэнтаў. Ён падкрэсліў, што рух дапамагае не толькі пашыраць прафесійны кругагляд будучых спецыялістаў, але і дае ўнікальную магчымасць папрацаваць у камандзе, набыць камунікатыўныя і лідарскія навыкі, без якіх сучаснаму прафесіяналу немагчыма выйсці ў самастойнае жыццё.

— Сёлета мы працаўладкоўваем моладзь па тых жа сямі профілях, што і раней, — адзначыла выконваючы абавязкі другога сакратара ЦК БРСМ Эліна БРАГА. — Наша галоўная задача ў гэтым годзе — надаць асаблівую ўвагу якаснаму фарміраванню студэнцкіх атрадаў. Мы хочам зрабіць ухіл на ідэалогію руху, каб байцы разумелі, што працаваць і рабіць унёсак у будаўніцтва дзяржавы — гэта выдатна, а таксама не забываліся на студатрадаўскія традыцыі. Куртка-байцоўка — гэта не проста вопратка, яе гаспадар павінен адпавядаць свайму статусу: выступаць за здаровы лад жыцця, быць патрыётам Беларусі, з’яўляцца адказным членам каманды. Таму магчымасць зарабіць грошы — гэта здорава, але мы хочам, каб у кожным атрадзе праводзілася выхаваўчая і ідэалагічная работа.

У гэтым годзе ў студатрады па розных профілях плануецца працаўладкаваць не менш за 70 тысяч навучэнцаў. 1 ліпеня адкрыецца Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы, ужо ідзе работа па адборы студэнтаў для работы на ёй. Запіс удзельнікаў сёлета праходзіць у межах акцыі “Выбіраем студатрад”, а таксама ў штабах студатарадаў на месцах.

— У нас ёсць шэраг цікавых прапаноў для студэнтаў, якія жадаюць папрацаваць у атрадах гэтым летам, — расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея ШАХОЎСКАЯ. — Летась у Гомельскай вобласці працаваў першы археалагічны атрад, таму сёлета з’явіцца яшчэ адзін такі ж аб’ект — пад Заслаўем. Будзе створана новая моладзевая будоўля, ёй стане Цэнтр мастацкай гімнастыкі ў Мінску. На рэканструкцыі стадыёна “Дынама” будуць працаваць 75 студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Будзем накіроўваць атрады і за мяжу, так, ужо ёсць дамоўленасць з польскім бокам на адпраўку нашых сервісных атрадаў. Яны будуць працаваць у сферы паслуг, сельскай гаспадарцы, напрыклад, на ўборцы ягад.

Пасля ўручэння пуцёвак частка ўдзельнікаў адразу ж адправілася на свой першы аб’ект. Байцы наведалі сталічны стадыён “Дынама”, што цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі, і прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні навакольнай тэрыторыі.

— Сёлета я адпраўлюся ў студатрад ўпершыню, — падзялілася студэнтка факультэта менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, начальнік штабу працоўных спраў факультэта Марына ЕЎЛАШ. — Працаваць буду ва ўніверсітэце, займацца рамонтам карпусоў і інтэрнату. Увогуле, варыянтаў шмат, некаторыя працаўладкоўваюцца ў “Мінсктранс”, будуць кандуктарамі. Ёсць месцы ў сельскай гаспадарцы — на зборы клубніц. Шмат жадаючых адправіцца ў гасцініцы, аб’екты грамадскага харчавання. Ахвотных вельмі шмат, напэўна, нават больш, чым ёсць месцаў. Уласна я ад працоўнага лета чакаю ў першую чаргу новых знаёмстваў, думаю, студатрады ў гэтым дапамогуць.

— Мы працуем у асноўным на профільным напраўленні, — адзначыў студэнт лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, камісар студэнцкага атрада “Медык” Віктар ЗАРАДЗЕЙ. — Большая частка студэнтаў працаўладкоўваецца ва ўстановы аховы здароўя горада Гродна. Малодшыя студэнты выконваюць абавязкі санітараў, старэйшыя — медсясцёр. Ёсць і тыя, хто адпраўляецца ў будаўнічыя, педагагічны атрады, таму медыцынскім кірункам мы не абмяжоўваемся. Напрыклад, летась хлопцы дапамагалі аднаўляць Курган Славы пад Гродна. У акцыі “Выбіраем студатрад!” у нашай ВНУ прыняла ўдзел каля ста чалавек, гэта вельмі шмат. Я ў студатрадзе ўжо не першы раз, жаданне працаваць ёсць заўсёды. Для мяне важна, што гэта не толькі заробак, але і магчымасць завесці новых знаёмых, весела правесці час. Таму не магу дачакацца пачатку семестра.

— Працаваць летам у студатрадзе буду ўпершыню, — расказаў навучэнец Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, баец атрада “Экас” Канстанцін ХРАПУНЕНКА. — Планую паехаць у расійскі курортны горад Туапсэ. Ёсць магчымасць запісацца ў сервісны атрад, які будзе займацца ўборкай тэрыторыі. Галоўны стымул для мяне — фінансавы, у 18 гадоў хочацца большай незалежнасці ад бацькоў. Ну і, вядома, хочацца цікавага падарожжа, вельмі цікава пабываць у іншай краіне. Ехаць планую з аднакурснікам, але спадзяюся, што знайду і новых сяброў на месцы. Іншыя навучэнцы ў асноўным паедуць працаваць па профілі — у лясгасы. Будуць прыбіраць прыдарожныя палосы, дапамагаць у правядзенні рубак уходу.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».