Вы тут

На гастранамічным фэсце ў Слаўгарадзе раскупілі паўтоны свойскіх сыроў


Не пралічыліся тыя, хто прыехаў у старадаўні Прапошаск на шосты фестываль «Гаспадарчы сыр». Калі ў Магілёве зранку ліў дождж, то ў сталіцы свята было хоць і крыху пахмурна, але суха.


Гэтым разам фестываль не стаў абмяжоўвацца канцэртнай пляцоўкай і павільёнам сыравараў. На прылеглай да мясцовага Цэнтра культуры тэрыторыі працавалі агратурыстычная вёска з рознымі падворкамі і жыўнасцю, вуліца рамеснікаў, дзіцячы гарадок з атракцыёнамі. На яшчэ адной пляцоўцы ў вёсцы Аляксандраўка аматары актыўнага адпачынку маглі пакатацца на веласіпедах, папарыцца ў лазні, паласавацца свойскімі прысмакамі. Але каралём свята, вядома, заставаўся сыр. У палатцы, дзе гандлявалі сыравары, было не праціснуцца. Галіна Таран, напрыклад, якая робіць 6 відаў казінага сыра, сваю навінку «Ля франсэ» прадала адразу ж, як толькі выклала на прылавак. Прыйшлося верыць на слова, што сыр быў найсмачнейшы. Гатавала яна яго 6 гадзін з 4 літраў малака. А сырніца Таццяны Гурынавай, або іншымі словамі — сыр у масле, наогул эксклюзіў, які гатавала яшчэ яе прабабуля. Усяго падчас фестывалю, па словах каардынатара праекта Алега Ерафеева, было распрададзена паўтоны мяккіх свойскіх сыроў і тварожных вырабаў — 50 гатункаў з каровінага і казінага малака.

— Фестываль дамашняга сыраварства рыхтаваўся сумесна з Фондам развіцця сельскіх тэрыторый у рамках праекта «Ад вытокаў да развіцця», — паведаміла намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Слаўгарадскага райвыканкама Святлана Язерская. — Сёлета яго асабліва актыўна падтрымалі рамеснікі, аграсядзібы, упершыню прыехала каля дзясятка турыстычных груп, каб зрабіць менавіта ў нашым раёне прыгожы старт у лета. Што датычыцца нашых сыравараў, дык яны ўжо добра вядомыя і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Я жадаю толькі аднаго, каб пра іх шырэй пачулі і за межамі нашай краіны.

Дзе­ці не вы­пус­ка­лі з рук сім­па­тыч­ную ко­зач­ку.

У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі з расійскіх Шумячаў, Польшчы.

— Фестываль нарадзіўся пры непасрэдным удзеле і падтрымцы праграмы малых грантаў пасольства ЗША, — расказвае гісторыю ўзнікнення свята кіраўнік мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне Агра» Віталь Варабей. — Шэсць гадоў таму пачаўся рух сыравараў, сфарміравалася група, якая адрадзіла рэцэпты прыгатавання свойскіх сыроў. Вынікам стаў сырны фестываль, які вырас да такіх вось памераў.

Аматары сыра гатовы былі раскупіць і сыры слаўгарадскага філіяла «Бабулінай крынкі», які дэманстраваў дасягненні сваёй вытворчасці. На жаль, іх можна было толькі пакаштаваць. Амаль уся прадукцыя гэтага прадпрыемства ідзе на экспарт. Але была ўнікальная магчымасць асвоіць сакрэты дамашняга сыраварэння проста на месцы. Галіна Таран спецыяльна дала пачаткоўцам некалькі майстар-класаў. Тут жа на месцы можна было набыць сімпатычную козачку.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Усім сырам сыр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.