Вы тут

Як хворы на ДЦП хлопец працуе ў гомельскай гарадской бібліятэцы


З Дзімам Марозавым, хворым на ДЦП, мы сустракаліся паўтара года таму. Тады і быў напісаны матэрыял, прысвечаны блуканням маладога чалавека па інстанцыях у пошуках адказу на пытанне: кім жа ён можа працаваць. Часу прайшло быццам і не шмат, але ж сам юнак кажа, што тыя нашы з ім сустрэчы і матэрыял, напісаны па іх выніках, сапраўды значна паўплывалі на яго жыццё. І не толькі фактам знойдзенай работы ў гомельскай гарадской бібліятэцы №3.


— Я стаў весялейшым, — прызнаецца Дзіма. — Навучыўся адціскацца яшчэ і на адной руцэ — па 20 разоў на кожнай. Цяпер веру ў сябе. Я ўжо не плыву супраць цячэння, але актыўна працую над уласнымі мінусамі. Спадзяюся, для кагосьці гэта стане прыкладам.

Самае цікавае, шчыра здзіўляецца Дзіма, што яму нарэшце выдалі пажыццёвую даведку з МРЭКа — пра інваліднасць. А яшчэ ў ёй самае важнае: дазвол працаваць не толькі бібліятэкарам, але і праграмістам.

Вось да апошняй мэты малады чалавек, які ўжо мае вышэйшую філалагічную адукацыю, цяпер і робіць упэўненыя крокі. Ён паступіў і паспяхова вучыцца дыстанцыйна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі:

— Я хачу мець актыўную жыццёвую пазіцыю. Ад чалавека павінна сыходзіць больш дзеянняў, чым слоў. У мяне цяпер сапраўды новыя думкі, новая самаацэнка, новыя мэты. Я нарэшце прыйшоў да таго, што сярэднім хлопцам я ніколі не буду. Як ні круці, але мае асаблівасці мне не дазваляюць быць сярэднім. Таму буду імкнуцца быць лепшым за ўсіх. Ведаеце, больш у нашым жыцці залежыць ад нас саміх, чым ад лёсу.

Малады чалавек захоплены вучобай у сталічнай ВНУ: заканчвае цяпер другі курс. Кажа, што піша пры гэтым курсавую работу, якая адпавядае ўзроўню чацвёртага. Да гэтага на спасціжэнне матэматыкі патраціў паўгода. Вучыў яе па кнігах самастойна і такім чынам дакапаўся да таго, што яму сёння патрэбна.

— Пакуль у мяне ёсць магчымасці навучацца ў тым ліку па-за праграмай універсітэта, я гэтым карыстаюся. Мая мэта — атрымаць міжнародны сертыфікат і сапраўднае веданне англійскай мовы. Я разумею, што гэта адкрые для мяне дарогу ў будучыні. Я аплаціў інтэрнэт-курсы і займаюся мовай самастойна. Да таго ж слухаю аўдыязапісы, гляджу тэматычнае відэа з субцітрамі і ў месяц вучу 2-3 песні на англійскай мове. На мой погляд, сёння рэпетытарства патрэбна толькі лянівым. Для тых, у каго няма асабістай матывацыі, хто хоча, каб яго нехта звонку матываваў для заняткаў. Вось напісаў артыкул, прысвечаны тэме матрыц. Да таго ж пераклаў яго на англійскую мову і адкарэкціраваў. Таксама магу пераказаць яго па-англійску.

Між тым бацькоў, якія па-ранейшаму жывуць у Красным Беразе на Жлобіншчыне, Дзіма таксама зацікавіў вывучаць англійскую. І нават аплаціў ім аналагічны курс інтэрнэт-навучання. Кажа: а раптам я буду стажыравацца недзе за мяжой і бацькі да мяне захочуць прыехаць?

— Я настойлівы чалавек. Бацькам будзе лягчэй англійскую мову вывучыць, чым мяне пераканаць яе не вучыць. Такім чынам я сёння дапамагаю ім вырашыць іх заўтрашнія праблемы.

Дзіма дзеліцца марамі: ён ужо ведае, дзе б хацеў працаваць у найбліжэйшай будучыні — згодна з новай адукацыяй. Аднак гаворыць, што пакуль не дацягвае па ўзроўні да сваіх мэт.

— Вось напісаў праграму па аўтаматычнай зборцы кубіка Рубіка. Што датычыцца алгарытмаў — яны дастаткова складаныя, і літаратуры на гэтую тэму няма ўвогуле. На будучыню мяне цікавіць камп'ютарная графіка. Урэшце мне хацелася б працаваць на сябе, стварыць сваю фірму. У мяне ёсць мазгі, каб ствараць нешта карыснае. І менавіта тут, у Беларусі, я бачу перспектывы. За мяжой мне куды больш цяжка будзе ўладкавацца.

Мы гаворым не толькі пра працу, але і пра стасункі. Мінулым разам больш за ўсё менавіта яны перашкаджалі хлопцу даказваць сабе і свету, што ён не варты жалю.

— Я павінен быць лепшым. І таму людзі павінны адчуваць не жаль, а павагу. Інакш перспектыў на асабістае жыццё не будзе. Мне хочацца мець стасункі з аднадумцамі. Я хачу, каб побач са мной знаходзіліся людзі, якія да нечага імкнуцца. На будучыню мне патрэбны чалавек майго плана, які будзе развівацца разам са мной. Гэта ж вельмі сумна: ляжаць перад тэлевізарам. Не хачу жыць так, як многія мае знаёмыя. Я навучыўся пазбягаць тых сітуацый, у якіх некаму нешта трэба даказваць. Мая задача — зрабіць так, каб мая будучая жонка была самай шчаслівай. Я не разлічваю на падачкі. Мне самому трэба будзе забяспечыць сям'ю, у тым ліку жыллём. Таму я павінен прафесійна рэалізавацца. Проста пакуль я не знайшоў той, каму прысвячу сваё жыццё. Але гэта будзе: ці сёлета, ці налета. Гэта я адчуваю інтуітыўна. За гэтыя два гады я адбыўся як мужык, які ведае, чаго ён хоча, і сваё не ўпусціць.

Вельмі важна, каб у чалавека верылі яго сваякі. Тэма вельмі далікатная, бо не так часта сустракаюцца станоўчыя прыклады. Вось і Дзіма над гэтай тэмай разважае сур'ёзна.

— Калі я паступіў на філфак у Гомель, доўга не мог зразумець, чаму гэтым фактам усе так захапляюцца. Толькі цяпер зразумеў. У іх вачах я скокнуў вышэй за сваю галаву, быццам дасягнуў нейкай максімальнай мэты. Магчыма, многія сумняваліся ўва мне. Між тым ёсць больш жорсткія рэчы, з якімі я сутыкнуўся. Я ехаў вучыцца і жыць у Гомель і пры гэтым не ўмеў прыгатаваць ежу. Такога, як я, трэба з маленства вучыць лепш сябе абслугоўваць. Гэта не толькі мая праблема. Па сутнасці, я з гэтага становішча самастойна выбіраўся. Можа, таму да нядаўняга часу мая самаацэнка была ніжэйшая за плінтус. Ведаеце, маю псіхіку карабаціла: з аднаго боку — захапленне, з іншага — цынічнае «супакойся, ты ўсяго магчымага дасягнуў». Такая супярэчнасць. Калі б не меў характару, які прымушае мяне плыць супраць цячэння, нічога ў мяне не атрымалася б. Бацькам прыйшлося б мяне ўтрымліваць усё жыццё.

Ёсць яшчэ адна тэма, якую я нават баюся кранаць. Два гады таму Дзмітрый Марозаў перажыў сітуацыю, калі калегі проста «выціснулі» яго з працоўнага месца, якое ён атрымаў па размеркаванні. І ўсё ж гутарка пра гэта заходзіць.

— Наконт школы, дзе мне не дазволілі працаваць. Сёння я ўдзячны лёсу, што адтуль сышоў. Але ж гэта зусім не апраўдвае тых людзей, якія гэтаму пасадзейнічалі. Ведаеце, я сёння хачу падзякаваць усім, хто мне дапамагаў, асабліва ў крытычныя моманты майго жыцця. І тым, хто ў мяне верыў і чыя вера ў мяне часам была мацнейшая, чым мая.

Пасля гутаркі з Дзімам Марозавым чарговы раз думаю, што чалавек сапраўды мае неабмежаваныя магчымасці. Калі ён сам нешта хоча змяніць у сваім жыцці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Супраць цячэння да мары

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.