Вы тут

Медаль «За адвагу» знайшоў свайго героя больш чым праз 70 гадоў


Гэтую высокую салдацкую ўзнагароду, якую па негалосным правіле ўручалі толькі адчайным смельчакам, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Музалеўскі (на фота) павінен быў атрымаць у сакавіку 1945-га. Але з-за напружанасці баёў было не да цырымоній...

Літаральна за месяц да гэтага загад аб прысваенні яму медаля «За адвагу» ўжо быў падпісаны. І памылкі тут няма: з інтэрвалам літаральна ў месяц подзвігі малодшага сяржанта Музалеўскага на шляху да Берліна двойчы былі адзначаны найбольш ганаровай савецкай узнагародай сярод чырвонаармейцаў.


«Адплацім спаўна...»

Калі зімой 1942 года немцы спалілі ўсе хаты ў родным сяле Шахаўское, што непадалёк ад Валакаламска, гэтым самым пакінуўшы жанчын з дзецьмі на вуліцы ў 30-градусны мароз, шаснаццацігадовы Барыс марыў толькі аб адным: адплаціць гітлераўцам той жа манетай. Але вяршыць расправу над мірнымі жыхарамі — не ў духу савецкага салдата. Вызваляючы Усходнюю Прусію і Германію ад фашыстаў, чырвонаармеец Барыс Музалеўскі помсціў ворагу толькі на полі бою.

У Чырвоную Армію яго прызвалі ў 1943 годзе, Барысу толькі споўнілася 17 гадоў. Першы год службы прайшоў у навучальным палку ў Сонечнагорску. У пачатку снежня 1944-га полк расфарміравалі, а асабовы склад адправілі ў Алабіна, адкуль эшалонам — на фронт.

— Ноччу прыбылі ў Беласток і адразу ж трапілі пад бамбёжку, — успамінае Барыс Мікалаевіч. — Выгрузіліся і пешшу ўсю ноч ішлі туды, дзе размяшчалася 47-я асобная Духаўшчынская механізаваная брыгада. Нам выдалі новыя аўтаматы, да іх па адным дыску і па два ражкі, патроны, дзве гранаты Ф-1, сухі паёк. Размеркавалі па батальёнах, і ўжо вечарам мы ўступілі ў бой. Кожны афіцэр і салдат думаў аб тым, што мы спаўна адплацім немцам за ўсе злачынствы, якія яны ўчынілі на нашай зямлі.

Праз шмат гадоў ва ўзнагародных лістах на ветэрана нашчадкі прачытаюць: «у баі ў раёне вёскі Карвіндэн таварыш Музалеўскі, выдатны стралок, трапным агнём не даваў немцам магчымасці выходзіць з-за ўкрыцця, забіў пры гэтым 5 немцаў», «у баі за горад Фрацэнбург са сваім аддзяленнем уварваўся ў траншэі праціўніка і ў рукапашнай сутычцы асабіста знішчыў двух гітлераўцаў».

— Ніхто з нас тады не думаў аб узнагародах, — прызнаецца ўдзельнік тых падзей. — Думалі, як бы ворага перамагчы ды каб жывымі застацца...

Не заваёўнікі, а вызваліцелі

— У апошні час даводзіцца чуць, што чаго толькі не рабілі савецкія вайскоўцы на подступах да Берліна, — працягвае аповед франтавік. — У складзе свайго батальёна я прайшоў амаль усю Германію, і ні разу не было выпадку, каб хтосьці з нашых афіцэраў, сяржантаў або салдатаў марадзёрстваваў або здзекаваўся з жанчын.

Немцы думалі інакш. Па словах ветэрана, многія населеныя пункты Германіі былі пустымі: людзі ўцякалі на захад. Барыс Мікалаевіч прыгадвае, як у горадзе Прэйсіш-Холанд спынілі цягнік, на якім хацелі з'ехаць мірныя жыхары. «Калі яны выйшлі з вагонаў, то, убачыўшы «варвараў» у форме савецкага салдата, былі моцна напалоханы, — расказвае ветэран. — Дзеці і жанчыны нават ішлі з паднятымі рукамі, дрыжэлі ад страху. Многія чамусьці здымалі свае наручныя гадзіннікі, спрабуючы аддаць іх нам. Ні адзін салдат не асмеліўся ўзяць сабе такі «падарунак». Убачыўшы гэта, немкі супакоіліся».

Архівы сведчаць

Свой першы медаль «За адвагу» Барыс Музалеўскі атрымаў ужо па заканчэнні вайны, амаль праз паўгода пасля яго прысваення. Было гэта ў ваенным гарадку Цэль, што пад Асіповічамі, куды са сваёй брыгадай прыбыў у ліпені 1945 года. Тут і служылі па першым часе.

Пра тое, што ён узнагароджаны яшчэ адным медалём «За адвагу», ветэран Вялікай Айчыннай даведаўся днямі. І ўсё дзякуючы сучасным тэхналогіям: адпаведныя дакументы знайшлі ў электронным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.». Высокую ўзнагароду франтавіку ўручылі ў ваенным камісарыяце Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў.

Барыс Музалеўскі расказвае пра свайго таварыша Аляксея Себяляева, які другі медаль «За адвагу» атрымаў адразу ж пасля вайны. «Я яшчэ падумаў, як гэта: ваявалі ж разам, да канца вайны адзін за адным ішлі, — кажа ветэран. — Падумаў і адразу ж забыўся пра тое. І каб не такая радасць, то і па сённяшні дзень не ўспомніў бы».

Акрамя таго, на парадным кіцелі франтавіка — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй».

«Чалавек павінен рухацца»

У Цэлі 47-ю асобную механізаваную брыгаду, у складзе якой ваяваў Барыс Музалеўскі, расфарміравалі.

— Злучэнне вялікае было: дзесьці 3,5 тысячы чалавек асабовага складу, — прыгадвае Барыс Мікалаевіч. — Перад боем на машыне мог змясціцца ўзвод: 28—30 чалавек. Калі вярталіся з Германіі, на машыне сядзела да пяці, не больш...

Узімку 1946 года яны ўпершыню за доўгія гады вайны адчулі шчасце і радасць. Учарашнія франтавікі спалі ў цёплых казармах, пабудаваных сваімі рукамі, дыхалі водарам смалы хваёвага лесу. Барыс Музалеўскі не планаваў заставацца ў арміі: дома чакала маці з сястрычкамі, трэба было аднаўляць разбураную немцамі хату. Але калі прыйшоў загад аб звальненні, папрасілі крыху паслужыць: вайсковыя шэрагі былі спустошаны вайной. Застаўся на цэлых 39 гадоў, у адстаўку пайшоў палкоўнікам.

Дзе Барыс Музалеўскі толькі не служыў: Пскоўская і Кіраўская вобласці, Байканур, Арэнбург, Краснадарскі край, Варкута... І заўсёды з ім была любячая жонка, Соф'я Васілеўна. Неўзабаве споўніцца 65 гадоў, як яны разам.

...Мы размаўляем з Барысам Мікалаевічам, і ніколькі не адчуваецца, што яму ідзе ўжо 91-ы год. Прыгожы, інтэлігентны, ён не выглядае на свой узрост. Не падводзіць і памяць. «Проста не трэба сядзець на канапе і глядзець тэлевізар, — дзеліцца сакрэтам свайго даўгалецця ветэран. — Чалавек павінен рухацца. Заклікаю суседзяў на суботнік, а не кожны з іх ахвотны папрацаваць».

Вясной і летам да Барыса Мікалаевіча не дазваніцца. На ім — усе клумбы аднаго з бабруйскіх дворыкаў. Ён іх садзіць, поле, прыводзіць у парадак да зімы. Дзякуючы 90-гадоваму ветэрану, расцвітуць тут кветкі і на гэтае лета. Жадаем, каб прыгожа і духмяна тут было як мага даўжэй.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

г. Бабруйск

Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Галоўная ўзнагарода

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.