Вы тут

Як вясковы ветэран сустракае чарговую вясну Перамогі


Антон Кандратавіч Карпюк у свае 94 гады даглядае курачак, сёе-тое робіць па гаспадарцы, абавязкова ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі, на якія яго запрашаюць. Цяпер ветэран жыве з сынам Пятром у доме, які ў свой час узвёў сваімі рукамі. І не толькі ўласны дом на яго рахунку. Амаль уся працоўная біяграфія шаноўнага вяскоўца звязаная з будаўнічай галіной.


А сваё першае баявое хрышчэнне Антон Карпюк атрымаў задоўга да фронту, у роднай вёсцы з пачаткам акупацыі. Калі немцы занялі Камароўку, у якой Антон нарадзіўся і жыў з бацькамі, хлопцу было 18 гадоў. Дасягнуў паўналецця, значыць, у ліку іншых дарослых мужчын атрымліваў нарады на работу ад новай улады. Непадалёку стаялі нямецкія часці, была камендатура. Антон разам са старэйшымі хлопцамі вазілі на ўласных падводах дровы. Вазілі туды, куды накіроўваў стараста вёскі. Аднойчы такі нарад выпаў у населены пункт Кашары, прыкладна за 15 кіламетраў.

— Прывезлі, як заўсёды, сталі выгружаць, — расказвае ветэран, — а тут падышлі два ўласаўцы, былі і такія на службе ў немцаў, адзін стаў да мяне надта ўважліва прыглядацца, а потым адкрыта чапляцца: «Ты ўжо і дровы возіш, пад вяскоўца падстройваешся, а мы цябе кругом шукаем». Аказалася, у іх адзін ваеннапалонны ўцёк, і знешне той салдат быў на мяне падобны, ці, можа, ім так падалося. Я стаў пярэчыць, гаварыў, што мне толькі васямнаццаць нядаўна споўнілася, я ў арміі не служыў, таму не магу быць ваеннапалонным. Але служака быў непахісным у сваіх падазрэннях. Сказаў, што пойдзе, прывядзе каго трэба і яны разбяруцца. Другі ж уласавец, здаецца, паверыў мне. Сказаў: «Выгружай, хлопец, свае дровы ды хутчэй з'язджай». Таварышы памаглі скінуць груз з воза, і я знік адтуль умомант. Думаў, што пранесла. Потым хлопцы расказвалі, што той, першы, вярнуўся і шукаў мяне паміж штабялямі дроў — Антон Кандратавіч робіць паўзу. Відаць, што ветэрану цяжка даюцца тыя ўспаміны. Тым больш што злыя прыгоды тым недарэчным падазрэннем не скончыліся.

Адбылася блытаніна з нарадамі на дастаўку дроў. І іх чацвёрка, адзін равеснік Антона, двое старэйшых ды ён, паехалі не туды, куды размеркаваў стараста. А начальству нехта данёс, што хлопцы наогул не захацелі выйсці на работу.

— Нас павялі ў школу на разборы, — згадвае ветэран. — А высвятляць пытанне паставілі да сцяны. Там быў вельмі высокі фундамент. Чацвёра немцаў наставілі на нас вінтоўкі, я бачыў ствол амаль на ўзроўні сваіх вачэй... Мы думалі, што гэта ўсё... Як цяпер перад вачыма — немец у скураной куртцы, які размаўляў па-руску, яму варта было б махнуць рукой, падаць знак, і яны націснулі б на спускавыя кручкі. Мы сталі прасіць, тлумачыць, што паедзем сёння, куды скажуць, ніякага сабатажу, у якім нас абвінавачваюць, не было. І калі нас нарэшце адпусцілі, то я так ляцеў, што прамінуў сваю хату, і апамятаўся недзе праз дзве суседскія сядзібы.

«Яшчэ пашанцавала, — разважае ветэран, — магло б скончыцца нашмат горш». Як пашанцавала і з адпраўкай у Германію. Антон таксама атрымаў «павестку на будучае шчаслівае жыццё», як любілі гаварыць немцы. Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі яго завезлі ў Дамачава. Там Антон Карпюк сустрэў свайго былога школьнага настаўніка, які працаваў перакладчыкам у камендатуры. Да вайны наш герой скончыў чатыры класы польскай школы. Папрасіў настаўніка паспрыяць таму, каб іх адпусцілі дамоў. Бацькі наклалі ў дарогу сала, масла, яек. Трое таварышаў склалі ў торбу ўсе бацькоўскія харчы, і, на шчасце, знайшоўся ахвотнік да правіянту. Настаўнік прыйшоў, торбу забраў, а хлопцам сказаў вяртацца дадому. Выходзіць, адкупіліся.

На пачатку 1944-га згулялі вяселле з вясковай дзяўчынай Валянцінай. Дарэчы, аб сваім намеры ладзіць вяселле трэба было паведаміць прадстаўнікам улады, згадаў такую дэталь Антон Кандратавіч. Ён і схадзіў у камендатуру, паведаміў пра дату вяселля. У час гуляння прыйшлі два немцы, можа, каб упэўніцца, што тут сапраўды адбываецца вяселле, а не іншая сходка людзей.

Ну а летам прыйшло вызваленне. І ўжо 8 жніўня Антон Карпюк разам з 18-гадовым братам Пятром былі на зборным пункце, дзе фарміравалася папаўненне для фронту.

— За два дні да гэтага я яшчэ скасіў палоску жыта на нашым полі, — успамінае ветэран. — А 8-га мы прыехалі ў Дамачава, тады гэта быў райцэнтр. Адтуль нас павезлі на тэрыторыю Польшчы, памятаю, станцыя Сабалёва. Там мы праходзілі кароткае навучанне, можна сказаць, курс маладога байца. Пасля непрацяглых збораў — на фронт.

Ваяваць давялося ў пяхоце. Антон стаў кулямётчыкам.

Успаміны шаноўнага ветэрана пра тыя гады даволі эпізадычныя. Яно і не дзіўна, столькі часу прайшло. Памяць выдае асобныя карцінкі накшталт таго, што ў Вісле вада сіняя, а ў Одэры мела зеленаватае адценне. А яшчэ помніцца, з якімі цяжкасцямі даводзілася фарсіраваць рэкі. І наогул самая цяжкая работа на вайне — гэта работа пехацінца. Менавіта пра іх песню склалі: «Мы пол-Европы по-пластунски пропахали». Колькі іх палегла на франтах, асабліва вось такіх маладых, неабстраляных! Не вярнуўся і брат Пеця, які пайшоў на фронт 18-гадовым, застаўся ў чужой зямлі. Пазней Антон назаве ў яго гонар сына.

У адным з баёў Антон атрымаў цяжкае раненне, доўга лячыўся ў шпіталі. Потым вярнуўся ў часць. Памятае, як салютавалі з нагоды Перамогі. Стралялі з усіх ствалоў, якія толькі былі. Радаваліся, што вайна скончылася, што можна нарэшце вярнуцца дамоў.

Антон Карпюк вярнуўся ў родныя мясціны ў першай палове 1946 года. Спачатку купіў невялікую хату ў Тамашоўцы, потым на гэтым участку ўзвёў дом для сваёй сям'і. «Тут у мяне тры спальні», — не без гонару паказвае сваё жыллё ветэран. Яго ў акрузе ведаюць як майстра на ўсе рукі. Да пенсіі працаваў у будаўнічай брыгадзе. З жонкай Валянцінай Дзмітрыеўнай выгадавалі траіх дзяцей. Дачка жыве ў Тамашоўцы. Сын Пётр, былы мінчанін, спачатку быў тут наездамі, а калі не стала маці і ў самога паўстала пытанне аб рэабілітацыі пасля цяжкай хваробы, перабраўся да бацькі зусім. Тут свежае паветра, спакой, родныя сцены. Гаспадарчыя клопаты падзялілі па прыкмеце хобі, сын займаецца агародам, бацька даглядае свойскую птушку.

Дзень Перамогі ў доме па-ранейшаму самае вялікае свята. Абавязкова прыязджаюць унукі, праўнукі, накрываецца святочны стол.

«Сёлетняе свята ў Тамашоўскім сельсавеце сустракае ўжо адзіны ветэран вайны», — расказала старшыня сельвыканкама Алена Бурак. Па традыцыі з віншаваннямі і падарункамі да Антона Кандратавіча прыходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, акцыянернае таварыства «Камароўка», прадпрымальнік з вясковага прыватнага магазіна. Вучні Тамашоўскай школы запісалі ўспаміны ветэрана, выпусцілі адмысловы відэакліп. Дзядуля смяецца: «Дзеці прыйдуць, пытаюцца, што мне дапамагчы. А мы з сынам самі спраўляемся са сваёй няхітрай гаспадаркай. Але ж клопат прыемны».

Мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі, як заўсёды, пройдуць у Тамашоўскім доме культуры. І ветэрана па традыцыі запросяць на ўрачысты сход Брэсцкага раёна. Быць там ён лічыць сваім абавязкам. І сваім, і чужым дзецям, унукам, праўнукам ён заўсёды жадае, каб ніколі не пабачылі вайны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Фота Сяргея ХМЕЛЯ

Загаловак у газеце: «Я стаяў пад расстрэлам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.