Вы тут

Гравюры, на якіх зарабляў Рэмбрант


Галандскі класік уласнай персонай у Мінску.

У Нацыянальны мастацкі музей «прыехаў» Рэмбрант — адзін з найвядомейшых галандскіх мастакоў, прадстаўнік залатога перыяду галандскага жывапісу, які прыпаў на XVІІ стагоддзе, «другі Рубенс», аўтар «Начной варты» і нарэшце знакаміты афартыст. Менавіта гравюры і сталі асновай выстаўкі «Вялікі Рэмбрант», якая трапіла ў Беларусь з італьянскай прыватнай калекцыі Элізы Марэці. Экспазіцыя пачала працаваць учора.


Арганізацыя ў Беларусі выставак непераўзыдзеных майстроў такога кшталту, чые імёны сталі амаль што хадзячай назвай, творы якіх берагуцца як зрэнка вока, ацэньваюцца як бясцэнныя і перакупляюцца за шалёныя грошы, забяспечваюць статус калекцый, — у пэўным сэнсе сенсацыя для нашай маленькай культурнай прасторы.

Вандроўкі работ класічных жывапісцаў — справа нячастая, таму што патрабуюць вялікіх намаганняў, грошай і нясуць рызыку для цэласці каштоўнага экспаната. Агульная практыка — гэта калі Магамет ідзе да гары, то-бок зацікаўлены едзе ў замежжа і наведвае музеі, дзе выстаўляюцца арыгіналы. Але ж і ракіроўкі паміж краінамі таксама існуюць як, можна сказаць, рух. Мінулым летам рэзананс выклікала дэманстрацыя «Алімпіі» Эдуарда Манэ, што захоўваецца ў парыжскім музеі Арсэ, у Венецыі, Маскве і Санкт-Пецярбургу, пры тым, што раней карціна выязджала за межы Парыжа толькі аднойчы.

Больш актыўна перамяшчаюцца менш знакамітыя і папулярныя работы легендарных творцаў. Напрыклад, у 2015 годзе ў сталічнай галерэі «Дом карцін» была арганізавана выстаўка графічных работ Сальвадора Далі, Анры Маціса і Марка Шагала. Часта такога кшталту праекты з'яўляюцца цэлымі гастролямі, дзе Беларусь становіцца адным з пунктаў прыпынку. У гэтых умовах варыянт знаёмства гледача з класікамі — выстаўкі рэпрадукцый, якія праводзяцца і ў Мінску, як, напрыклад, нядаўняя экспазіцыя «Густаў Клімт. 100 гадоў без генія» ў «Gallerіa Mіnsk».

Вось чаму выстаўленне ў Мінску арыгінальных афортаў Рэмбранта, жывапісца XVІІ стагоддзя, з'яўляецца выключнай падзеяй, тым больш што за межамі Галандыі мастак заўсёды быў больш вядомы як гравёр (на гэтай рабоце ён зарабляў нядрэнныя грошы). Дарэчы, у гэтым кантэксце Нацыянальны мастацкі музей перыядычна выступае з прынаднымі мерапрыемствамі. Год таму тут былі выстаўлены арыгінальныя гравюры Франсіска Гоі і Пабла Пікаса.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.