Вы тут

Малюнкі як крыніца пазітыву


Або асяроддзе, здольнае выхоўваць і натхняць.

На сценах сталічных будынкаў усё часцей можна пабачыць розныя малюнкі: пазітыўныя каты, совы, партрэты... Вялікія муралы выклікаюць неадназначную рэакцыю гараджан: нехта захапляецца майстэрствам айчынных і замежных мастакоў, а нехта не прымае іх светапогляду. А вось да пазітыўных малюнкаў Наталлі КАРПУШЫНАЙ, якімі яна ўпрыгожвае дамы на сваёй вуліцы, усе ставяцца толькі станоўча. Міні-мульцік пра чалавечка, які «змагаецца» з цяжкімі блокамі, сабачка на сцяне ветэрынарнай клінікі, малюнак Залатога Горада з вядомай песні, якім яна аздобіла ўласны пад'езд. Раней рабіла лялек у падарунак сябрам і сваякам, сёння пад заказ размалёўвае сцены ў кватэрах, кабінетах, афармляе групы дзіцячых садкоў, а для душы — робіць прыгажэйшымі аднастайныя і змрочныя сцены дамоў... і марыць пра тое, каб у яе вуліцы з'явіўся свой брэнд.


А пачыналася ўсё так:

— Калі заходзіш у наш дом, то адразу бачыш сцяну, — дзеліцца Наталля Карпушына. — Яна — як тупік. Мне ж заўсёды хацелася «прабіць» гэты тупік. Доўга думала, як гэта можна зрабіць, што лепш намаляваць. Тады прыгадала песню Барыса Грабеншчыкова пра Горад Залаты і вырашыла выкарыстаць яе сюжэт, намаляваць нейкую мару. Пакуль працавала, суседзі на мяне пазіралі з цікавасцю, а калі работа ўжо была скончаная, суседка стала на ўваходзе і сказала: сёння ўваход у пад'езд платны. Усе заходзілі і плацілі грошы — так я вярнула сродкі, затрачаныя на фарбы. З таго дня суседзі сталі вітацца, сачыць за чысцінёй у пад'ездзе. Самае прыемнае — прасілі і на іншых паверхах нешта намаляваць. Сусед папрасіў, каб я намалявала букет для яго жонкі — каб яна бачыла кветкі кожны раз, калі выходзіць з кватэры. Мне вельмі спадабалася, што суседзі паставіліся да маёй ініцыятывы добразычліва.

З гэтай прычыны мастачка вырашыла аздобіць не толькі ўласны пад'езд, але і нейкім чынам ажывіць дамы на сваёй вуліцы.

— У нас з'явіўся сабака, таму часам даводзілася хадзіць у ветэрынарную клініку, каб зрабіць яму прышчэпкі, — распавядае спадарыня Наталля. — Будынак клінікі мне падаўся змрочным, таму прапанавала кіраўніцтву нешта на ім намаляваць, каб трохі ўпрыгожыць. Тым больш, гэтую клініку складана адразу знайсці, і многія часта запытваюцца дарогу ў мясцовых. Таму я вырашыла, што ўпрыгожванне стане і выдатным арыенцірам для наведвальнікаў.

Наталля Карпушына прызнаецца, што спачатку баялася рэакцыі мінакоў, суседзяў. Думала, што яны негатыўна паставяцца да такой ініцыятывы:

— Для малявання выбрала дзень, каб на вуліцы было менш людзей. Прачнулася а 6-й гадзіне раніцы. Калі работа падыходзіла да канца, я пачула крокі ззаду, спалохалася. Абярнуўшыся, пабачыла жанчыну, якая ішла з крамы з вялікімі пакетамі. Яна іх проста апусціла на зямлю і сказала: дзякуй вам вялікі, гэта будзе не проста звычайны дом, а ўпрыгожаны малюнкам. Гэта мяне вельмі натхніла. Таму вырашыла працягнуць справу.

Мастачка прыдумала маленькі мульцік пра чалавечка, які малявала, выкарыстоўваючы прамавугольныя «латкі» — надпісы, замаляваныя фарбамі. Гэтым разам, па яе словах, пачувалася смялей, работу таксама пачала зранку, але ўжо да 12 гадзін была вельмі шчаслівая, бо ўсе мінакі радаваліся, дзякавалі. Нават апладзіравалі. Таму зразумела, што справу варта працягваць: людзям гэта падабаецца. А потым пачалі адбывацца цуды.

— Малюнкі на дамах я рабіла толькі для сябе, дзеля ўласнага задавальнення. Але неяк на адным з сайтаў у інтэрнэце пабачыла матэрыял пра майго чалавечка, дзе пісалі, што шукаюць аўтара. Я адгукнулася — і ўсё ў маім жыцці пачало хутка змяняцца. З'явіліся новыя сябры, я даведалася, што мяне шукае рэжысёр, які збірае матэрыял для кіно пра стрыт-арт у Мінску. Мы пасябравалі. Хутка ўжо пачнуцца здымкі.

Ёсць нават больш глабальная ідэя зрабіць чалавечкаў, прыдуманых Наталляй, сімвалам вуліцы, магчыма, наладзіць выпуск нейкіх сувеніраў з гэтымі выявамі.

А як прыходзіць разуменне, што на доме павінен з'явіцца менавіта такі малюнак? — пытаюся.

— Усё адбываецца ў працэсе. У мяне не атрымліваецца адразу зразумець, што варта намаляваць у пэўным месцы. Некаторы час хаджу, прыглядаюся, думаю. Само выкананне работы займае не так шмат часу: я малюю хутка. Галоўнае — падрыхтоўка, ідэя.

Дарэчы, малюнкі Наталлі можна пабачыць не толькі на дамах звонку, імі ўпрыгожаны розныя памяшканні, але больш за ўсё, як прызнаецца мастачка, ёй падабаецца аздабляць групы ў дзіцячых садках.

— Калі прыводзіла сваіх дзяцей у дзіцячы садок, то вельмі непрыемныя адчуванні ўзнікалі, калі бачыла паламаных лялек у пацёртым адзенні, хацелася іх пераадзець. Бачыла дзіўныя безгустоўныя стэнды і адразу іх хацела перарабіць, — кажа Наталля. — Часам даводзілася ратаваць групы, садкі, якія былі пафарбаваныя ў цёмныя колеры. Такая праца — кожны раз нешта новае, цікавае. Цікава ўвасабляць ідэі выхавальнікаў, загадчыц. Напрыклад, неяк паводле агульнай задумкі зрабілі першы ў Мінску сэнсарны пакой, дзе можна займацца з дзецьмі. Заўсёды кіравалася такім прынцыпам: мае дзеці ходзяць у садок, яны там праводзяць большую частку дня. Значыць я павінна дапамагаць садку — мая дапамога гэта нейкая частка ўдзелу ў іх выхаванні. Таксама разумею, што выхоўваць можна не толькі словам, учынкам, але і асяроддзем, у якім знаходзяцца дзеці. Калі мы бачым прыгожы інтэр'ер, гэта нас мабілізуе, прымушае адпавядаць, уплывае на далейшае жыццё. Часам я нават не паспяваю скончыць работу, а выхавальнік ужо пачынае працаваць з выкарыстаннем гэтых малюнкаў. Цікава і назіраць за дзецьмі: пакуль я працую, яны глядзяць на мяне, як на цуд. І я ведаю, што гэта застанецца ў іх свядомасці, магчыма, паўплывае на выбар жыццёвай дарогі. Бывае, бацькі нават цікавяцца: а малюнкі не знікнуць, не сатруцца?

Як адзначае сама мастачка, ёй заўсёды цікава назіраць за тым, як вобразы літаральна нараджаюцца ніадкуль.

— Мяне вельмі натхняе праца, жаданне стварыць нешта новае, не паўтарацца, — кажа яна.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».