Вы тут

Як пабудаваць бізнес на агурках*


Калісьці цяпліцы па вуліцы Энергетыкаў у Бабруйску належалі саўгасу, але гаспадарка з часам развалілася і ёй на змену прыйшлі прадпрымальныя людзі. Зрабілі за свой кошт рамонт цяпліц і паставілі справу на новыя рэйкі. І бабруйскі агурок пачаў прыносіць дзяржаве валюту. Асноўныя спажыўцы гэтай агародніны жывуць у Маскве, Санкт-Пецярбургу і Смаленску. Прыязджаюць нават самі, каб забраць карысны прадукт. Толькі, маўляў, вырошчвайце паболей.


Злева направа цяплічніцы Святлана Мазуронак, Аксана Гоцман, Ганна Пахвалёная, Наталля Вараб’ёва, Алеся Века. Ад іх дзеянняў залежыць будучы ўраджай.

Лета – 9 месяцаў на год

У цяпліцах ва ўсю квітнее зеляніна і гронкамі вісяць агуркі. Першае, што хочацца зрабіць, гэта скінуць паліто, бо хутка адчуваеш, як ад цябе пачынае ісці пара. «Нам можна пазайздросціць, лета ў цяпліцах пануе 9 месяцаў на год, — усміхаецца намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Сектрааграпрам» Сяргей Пашкевіч. — Насенне на расаду пачынаем высаджваць яшчэ ў лютым. А першы ўраджай сёлета знялі 15 сакавіка».

Агуркі вырошчваюцца метадам гідрапонікі, гэта калі расліна сілкуецца за кошт спецыяльнага біялагічнага раствору па індывідуальна падведзенай да яе кропельніцы. Аб'ём угнаенняў і паліву разлічвае да міліметра разумная аўтаматыка. Вады, напрыклад, агурку трэба максімум два з паловай літры на дзень. І не грама болей, бо можа пачаць гніць каранёвая сістэма. Меней — таксама небяспечна. Расліна будзе сохнуць ад недахопу вільгаці. Адказнасць па сілкаванні агуркоў цалкам ляжыць на аграноме Кацярыне Некраш. Яна вопытны спецыяліст і вельмі добра разбіраецца ў нюансах гэтага працэсу.

Пад­рас­тае агу­роч­ная зме­на.

Галандскі «Б'ёрн» — адзіны сорт, на якім спецыялізуецца прадпрыемства. Невялікія кароткія плады цёмна-зяленага колеру з калючкамі на баках нагадваюць агуркі з хатняй градкі. І такія ж смачныя. Раней прадпрыемства вырошчвала расійскі «Кураж», але сорт «Б'ёрн» аказаўся лепшы. І цяпер стаўка робіцца менавіта на яго.

Аграном Тамара Брацянкова кажа, што прадукцыя прадпрыемства цалкам экалагічна чыстая. Нават са шкоднікамі тут змагаюцца без хімічных прэпаратаў. Агурковага кляшча, які псуе расліне лісце і не дае развівацца, тут знішчае фітасейулюс — таксама клешч, але які харчуецца выключна сваім шкодным сабратам. Фітасейулюс завозіцца з Ізраіля ў спецыяльных слоіках і вельмі камфортна адчувае сябе ў бабруйскіх цяпліцах.

Ураджай збіраецца ў строга абумоўленыя тэрміны. «У першыя дні красавіка рабілі 3 выбаркі на тыдзень па 10–12 тон, — расказвае аграном. — Расліны ўжо ў тым узросце, калі аддача найбольшая. Гэта пакуль яны маленькія, пладоў менш».

Сяр­гей Па­шке­віч па­каз­вае, дзе бу­дзе бу­да­вац­ца но­вы комп­лекс.

Падвязваем, падкручваем, фарміруем

Агуркамі ў цяпліцах занятыя 6 гектараў. Іх даглядаюць каля 50 агароднікаў. За кожным замацавана асобная пляцоўка. Расліну трэба фарміраваць, накіроўваць, адным словам песціць, як малое дзіця. Не ва ўсіх, дарэчы, атрымліваецца. «Адна з найлепшых работніц — Святлана Мазуронак, — адзначае Тамара Брацянкова. — Яна ўсё робіць своечасова, ні ў чым не спазняецца». Працэс падкручвання — адзін са складаных. Дарослыя расліны дасягаюць больш як двух метраў у вышыню, і , каб іх накіраваць, трэба быць крыху акрабатам. Цяплічніцы на рухомых цялежках перамяшчаюцца па радах, і іх рукі спрытна пырхаюць вакол раслін, закручваючы іх верхавіны вакол шнура. Упэўненымі рухамі завівае расліну Надзея Шаўчэнка, якая працуе на цяплічным камбінаце з моманту яго адкрыцця. Яна ўжо на пенсіі, але запатрабаваная. Такія пастаянныя кадры, як яна, заўсёды ў пашане. Не адстае ад яе і Алена Гардзейчык. Таксама прафесійна круціць верхавіну расліны, а лішнія вусы адрывае.

На суседнім участку напагатове стаіць маладая расада, якую трэба падвязаць. Няпростая гэта справа — агурок вырасціць. Цяплічніцы, напрыклад, завіхаюцца вакол раслін з 8 гадзін раніцы да паловы пятай вечара. Абрываюць, круцяць, выбіраюць — агуркам патрэбны пастаянны догляд.

Аг­ра­ном Але­на Сі­га­ё­ва за­дае па­ра­мет­ры для па­лі­ву агур­коў.

Новых работнікаў адукоўваюць на месцы. Спецыяльнасць, дарэчы, ролі не грае. Бо на прадпрыемстве свае правілы і выконвацца яны павінны беспярэчна. Каб не сапсаваць увесь працэс, цяплічніцам забараняецца прымаць нейкія свае рашэнні. Кожны рух павінен быць вывераны.

На прад­пры­ем­стве шмат мо­ла­дзі — юрыс­кон­сульт і вя­ду­чы спе­цы­я­ліст па кад­рах Вік­то­рыя Са­хар, га­лоў­ны бух­гал­тар Ві­я­ле­та Ка­ра­лё­ва, ка­сір Ка­ця­ры­на Ту­ра­ва.

Сакрэт поспеху

Бабруйскі агурок заваяваў у Расіі добры аўтарытэт. Напрыклад, з Масквой фірма супрацоўнічае аж з 2005 года. І кола прыхільнікаў толькі пашыраецца. Не ва ўсіх вытворцаў атрымліваецца зрабіць так, каб агуркі былі адначасова смачныя і маглі доўга захоўвацца. Тамара Брацянкова лічыць, што сакрэт у бабруйскай вадзе, якой сілкуюцца агуркі. Менавіта яна робіць іх такімі сакавітымі і пяшчотнымі на смак. Маркетолаг Аляксандр Дудкоў сцвярджае, што поспеху спрыяе ўменне наладжваць стасункі з людзьмі і да кожнага кліента знаходзіць падыход. І кожны з іх мае рацыю: поспех — гэта заўсёды шмат розных фактараў.

Надзея Шаўчэнка працуе ў цяплічным камбінаце з моманту яго адкрыцця.

— У 2016 годзе выручка ў параўнанні з 2015-м павялічылася на 30%, — удакладніла галоўны бухгалтар Віялета Каралёва. — Гэта адбылося за кошт росту аб'ёмаў продажаў. Стала больш заказчыкаў з Расіі. Нехта даведаўся пра фірму праз наш сайт. А нехта проста пачуў добрыя водгукі. Калі тавар добры, інфармацыя хутка перадаецца.

Сяргей Пашкевіч дэманструе сертыфікат адпаведнасці, які фірма атрымала летась. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што тавар якасны. «Трэба было прывесці ў адпаведнасць усё — ад пасадкі зярнятка да вырошчвання агурка, — кажа намеснік генеральнага дырэктара. — Мы пацвердзілі якасць сваёй прадукцыі. І гэта накладвае на нас пэўныя абавязкі, бо мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы агуркі прыносілі толькі карысць і маглі спажывацца нават малымі дзеткамі».

Галоўны аг­ра­ном Та­ма­ра Бра­цян­ко­ва: «Ахова ў агур­коў вы­ключ­на бія­ла­гіч­ная».

Кацельная для агародніны

Апошнія некалькі гадоў на прадпрыемстве толькі і гавораць, што пра новую кацельную і пашырэнне пасяўных плошчаў. Падключаць новы комплекс да цэнтральнага ацяплення не эфектыўна і не мэтазгодна. Гэта значыць, што сабекошт прадукцыі будзе вышэйшы. І прадпрыемства вырашыла перайсці на аўтаномную крыніцу цяпла. Ёсць і інвестар, які згодны ўкласці ў гэта грошы. Кацельная і новыя цяпліцы маглі б паявіцца яшчэ 2 гады таму, але ўзніклі складанасці. Справа ў тым, што першапачаткова распрацоўваўся праект на будаўніцтва кацельнай на прыродным газе, але яго не зацвердзілі, паколькі канцэпцыя развіцця энергетыкі Беларусі аддае перавагу мясцовым крыніцам паліва. Новы праект прадугледжвае будаўніцтва кацельнай на шчапе. «Але мы згубілі час і ледзь не засталіся без інвестара, — дзеліцца набалелым саветнік генеральнага дырэктара Андрэй Пракопчык. — Цяпер шмат гаворыцца пра спрашчэнне ўмоў вядзення бізнесу, стварэнне спрыяльных умоў. Пытанні рэгістрацыі вырашаны вельмі добра, але працэс функцыянавання, вядзення гаспадарчай дзейнасці ўсё яшчэ кульгае. Калі ёсць інвестар, які жадае ўкласці грошы ў развіццё прадпрыемства, навошта тармазіць працэс? Хочацца, каб падводныя плыні не перашкаджалі рабоце. Бо малы бізнес таксама зацікаўлены, каб у краіне была моцная і эфектыўная эканоміка».

УНП  790778750

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.