Вы тут

Алімпіяда яднае


Алімпіяда яднае

Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, а мне ўсё не верыцца, што алімпіяда скончылася. Хачу зноў перажыць гэтыя пяць дзён. Няважна, што афіцыйна каманда Мінскай вобласці ўдзельнічала ў спаборніцтве. Для нас гэта было сапраўднае свята роднасці.

27 красавіка аматары беларускай мовы з усёй Беларусі, а таксама з Польшчы і Літвы прыехалі праверыць свае веды ў Гомель. Нас сустрэлі з караваямі, а ў сталовай абслугоўвалі афіцыянты. Такое ўважлівае стаўленне прыемна здзівіла.

Алімпіяда праходзіла ў тры туры. Першы - водгук на мастацкі твор. Удзельнікі ўжо навучыліся фармуляваць свае думкі і выражаць іх на паперы, таму самым важным было сканцэнтравацца і паспець за 4 гадзіны прааналізаваць тэкст. У 10 класе трапілася проза, што бывае даволі рэдка. Гэта было складана, але разам з тым нашмат цікавей.

 

Пасля тура арганізатары паказалі нам Гомель. Мы пабачылі касцёл і вакзал, цырк і фабрыку "Спартак". Больш за ўсё ўразіў палац Румянцавых-Паскевічаў і парк каля яго. Мы нават наведалі залю, дзе сустракаюцца прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны.

У сераду мы выконвалі заданні наступнага этапа - комплексную работу па мове і літаратуры. Яна была займальнай, хоць і не вельмі складанай. Напрыклад, трэба было вызначыць напрамак мадэрнізму, прачытаўшы верш.

 Увечары сумаваць не было часу. Студэнты мясцовага каледжа арганізавалі  два канцэрты і майстар клас. Песня гурта "Navi" "Гісторыя майго жыцця" ўзняла настрой, бо ў камандзе знайшлося шмат фанатаў гэтых выканаўцаў. Пасля нас навучылі рабіць паштоўкі, таму кожны прыехаў дадому не з пустымі рукамі.

Трэці этап - самы хвалюючы, бо гэта вуснае выказванне. Затое дзе яшчэ можна пабачыць столькі разумных і прыгожых дзяўчат і хлопцаў? Тут вынік залежыць не толькі ад цябе, але і ад шанцавання. Якім па нумары будзеш выступаць, якую тэму расказваць - усё вырашаецца выпадкова. Натуральна, што адны выходзілі з кабінета задаволеныя сабой, іншыя - хіба што не са слязьмі.

 Туры скончыліся, але застаўся прагляд работ. На ім мы пабачылі свае памылкі і балы. Хоць у чацвер мы не ведалі, ці атрымалі дыпломы, маглі зразумець, ці варта на іх разлічваць, параўнаўшы вынікі.

Лічбы не перашкодзілі адпачываць. Мы наведалі вячоркі, якія аднавілі ўдзельнікі этнаграфічнага гуртка. Пазней самі пагулялі па начным Гомелі. Горад стаў больш рамантычным, дзякуючы ліхтарам. Тым больш прыемна было правесці вечар у кампаніі блізкіх сяброў.

Пятніца. Раніцай нават уставаць не хацелася. Сумна, бо хутка давядзецца развітацца. Страшна, бо яшчэ хутчэй мы даведаемся, ці атрымаем дыпломы. На ўзнагароджанні каманда трымалася за рукі, шчыра радавалася за іншых і спачувала. Дайшло нават да слёз шчасця, прычым не за сябе. Кожны верыў у кожнага, і гэта дало вынік. 9 дыпломаў з 15. Мы другія ў агульным заліку пасля Магілёўскай вобласці. Ёсць, чым ганарыцца. І мы ганарымся. Сваімі ўражаннямі падзяліўся Аляксей Гуліцкі:

- Я ўпершыню трапіў на рэспубліканскую алімпіяду, таму ўсё было новым і ад таго цікавым. Кожны дзень і кожная бяссонная ноч, праведзеныя за падрыхтоўкай, былі крокам да ведаў. Побач былі настаўнікі, якія імкнуліся падзяліцца вопытам і дапамагчы знайсці адказы на цяжкія пытанні. Нічога б не атрымалася, калі б не тая атмасфера, што ахутала каманду, быццам мяккая, утульная коўдра. Яе “ткалі” мы самі: кожная ўсмешка, жарт, слова падтрымкі спрыялі ўзнікненню цёплых пачуццяў. І калі ў Мінску мы сустрэліся незнаёмымі і чужымі людзьмі, то ў Гомелі развітваліся са слязьмі на вачах. Я запомню абдымкі і пажаданні поспеху перад наступным этапам, хваляванне наконт вынікаў, запісы ў нататніку, крыўду за тых, каму крыху не пашанцавала, і радасць за пераможцаў. Алімпіяда застанецца яскравай фарбай на палітры майго жыцця.

 Валерыя Леу:

- Гомель сустрэў нас сонечным надвор'ем, прыгожымі паркамі і архітэктурай. Кожны дзень быў насычаны, але асабліва мне спадабалася паездка ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Пасля экскурсіі мы прагуляліся каля Сожа і ўбачылі прыгожыя прасторы. Калі казаць пра алімпіяду, то я атрымала задавальненне ад кожнага з этапаў. Заданні былі цікавыя і займальныя. Я знайшла новых сяброў не толькі з  Беларусі, але і з Польшчы. Так, мы паслухалі паэму "Пан Тадэвуш" на польскай мове і адчулі асалоду ад новых знаёмстваў.

Алімпіяда скончылася, але засталіся веды, успаміны і сапраўдныя сябры. Мы будуем сумесныя планы і чакаем сустрэч. За выдатныя вынікі трэба сказаць дзякуй і камандзе, і сям'і, якія неверагодна падтрымлівалі, а таксама настаўнікам Ірыне Уладзіміраўне Галузе, Інзе Дзмітрыеўне Воюш, Ганне Мікалаеўне Бараненка, якія працавалі з намі без стомы ўдзень і ўначы, у буднія, выхадныя і святы. Вялікі дзякуй і кіраўніку каманды Таццяне Пятроўне Матусевіч, якая хвалявалася нават больш за нас і ставілася як да родных дзяцей. І найвялікшы дзякуй лёсу, які сутыкнуў нас на алімпіядзе, бо інакш, як лёсам, гэта назваць нельга.

Паліна Забела

 

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.