Вы тут

Дзеці «Партызанфільма»


Некаторыя беларускія фільмы пра Вялікую Айчынную незалежна ад даты вытворчасці, што называецца, ва ўсіх на слыху — «Альпійская балада», «Ідзі і глядзі», «У жніўні 44-га», «Брэсцкая крэпасць»... Але напярэдадні Дня Перамогі «Звязда» прыгадала шэсць іншых кінастужак вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод іх ёсць і шэдэўры, і творчыя няўдачы, і незаслужана забытыя сучаснікамі карціны, — але ўсе яны без выключэння адзначаюць сёлета круглыя даты.


10 гадоў

«Ворагі»

Дэбютная стужка выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Марыі Мажар, знятая пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра і прадзюсара Аляксея Учыцеля, з аднаго боку, атрымала нямала крытыкі за адсутнасць гісторыка-ваеннага кансультанта і — як вынік — сюжэтную неахайнасць, фактычныя памылкі і недакладнасці, а з другога, на «Лістападзе-2007» усё ж была адзначана спецыяльным дыпломам журы «За вернасць традыцыям і новы погляд на вайну» і прызам «Разам» за найлепшы сумесны беларуска-расійскі праект. А яшчэ — Гран-пры Х адкрытага Бярдзянскага фестывалю «Брыганціна», прыз «Залатога Віцязя» за сцэнарый, дыплом за найлепшы дэбют у кіно на 6-м Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў і дыплом на 5-м кінафестывалі «Слаўся, Айчына». І хоць да драматургіі і маральнага пасылу фільма, як адзначала ў тым ліку і «Звязда», ёсць пытанні, станоўчых водгукаў гледачоў стужка сабрала таксама нямала.

У цэнтры сюжэта, нагадаем, — жыхары беларускай вёскі на акупаванай немцамі тэрыторыі, якія вымушаны суіснаваць з ворагамі ў прамым сэнсе пад адным дахам. 10-гадовага сына сялянкі Наталлі фашысты арыштоўваюць нібыта за спробу падарваць чыгунку і сувязь з партызанамі. Маці ў адчаі ўгаворвае каменданта вёскі Ота, які жыве ў яе хаце, адпусціць хлопчыка, аднак той прапаноўвае іншае выйсце — прывесці на замену другое дзіця. Але нават дзеля выратавання адзінага сына Наталля не здолела здзейсніць такі ўчынак...

Яшчэ дзве прэм'еры 2007 года — фільмы «Радзіма альбо смерць» Алы Крыніцынай (гісторыя пра падлеткаў-дыверсантаў, завербаваных фашыстамі з ліку дзяцей «ворагаў народа») і «Чаклун і Румба» Андрэя Голубева (чарговае супрацьпастаўленне «герояў» і сапраўдных герояў, аформленае як гісторыя кахання ва ўмовах вайны). Абедзве карціны крытыкі прызналі вельмі слабымі нават для дэбютных работ — што, зрэшты, не перашкаджае тэлеканалам перыядычна паказваць іх, а аўдыторыі, якой фільмы прыйшліся даспадобы, — глядзець. Дарэчы, у ахвотных такая магчымасць будзе і на наступным тыдні: «Радзіму або смерць» пакажа 8 мая «Беларусь 3».

25 гадоў

«Пайсці і не вярнуцца»

Рэжысёр Мікалай Князеў рабіў гэты фільм паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава спецыяльна для тэлебачання, пры падтрымцы «Беларусьфільма» і «Астанкіна», у 1992 годзе. Юную партызанку Зосю тут іграе актрыса-тэлевядучая-кулінарка Юлія Высоцкая, а Антона Галубіна, гатовага выдаць фашыстам і ўпадабаную дзяўчыну, і наогул увесь партызанскі атрад, каб толькі жыць у адносным спакоі і бяспецы, — расійскі акцёр Ігар Шуць. Пераканаўча паказаць страшную стомленасць ад ваенных нягод і маральныя пакуты, барацьбу паміж сумленнем і блізкай да цела ўласнай кашуляй фільм не здолеў, а таму прайшоў гледачамі і крытыкай амаль цалкам не заўважаным.

Адзначым, дзеля справядлівасці, што гэта спроба экранізацыі твора Быкава была не першай і не апошняй. Так, у 1987 годзе Ленінградскае тэлебачанне прадставіла гледачам двухсерыйны тэлефільм «Пайсці і не вярнуцца», а ў 2004-м на «Беларусьфільме» малады выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука рэжысёр Яўген Сяцько зняў дыпломную кароткаметражную стужку з выключна беларускімі акцёрамі — Юліяй Кадушкевіч, Кірылам Захаравым, Сяргеем Жураўлём, Аляксандрам Кашперавым, Георгіем Маляўскім.

30 гадоў

«Пераправа»

Ваенная драма сумеснай вытворчасці СССР і Польшчы, знятая рэжысёрам Віктарам Туравым, пераносіць гледачоў у вясну 1944 года, калі на акупаванай тэрыторыі Польшчы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў дзейнічалі адначасова групоўкі байцоў польскага Супраціўлення і савецкія партызанскія атрады. Калі нямецкае камандаванне вырашыла пакончыць з партызанамі і загадала блакіраваць Яноўскія лясы, савецкія партызаны адбілі першую атаку і прапанавалі кіраўніку Арміі Краёвай Бжэзіне план агульнага выйсця з акружэння. Аднак польскія вайскоўцы не пагадзіліся на прапанову саюзнікаў і загінулі ў няроўным баі, спрабуючы прарваць блакаду...

Фільм, у якім быў заняты інтэрнацыянальны акцёрскі ансамбль — Інгеборга Дапкунайце, Аляксандра Якаўлева, Пётр Юрчанкоў-старэйшы, Барыс Няўзораў, Павел Кармунін ды іншыя, дарэчы, існаваў у дзвюх версіях: чатырохсерыйнай — для тэлебачання (у СССР ішоў пад назвай «Чырвоны колер папараці»), і двухсерыйнай — для кіно. Цікавая дэталь: у свой час за гэту карціну Віктар Тураў атрымаў медаль дружбы і прэмію ад Міністэрства абароны Польшчы.

40 гадоў

«Чорная бяроза»

...Лейтэнант Андрэй Хмара пасля кантузіі ў танкавым баі пад Мінскам трапляе ў партызанскі лагер, дзе ўрач Антаніна Іванаўна выратоўвае яго, робячы аперацыю. А ўжо ў жніўні 1941-га яе расстрэльваюць фашысты, і пра тое, што яе маленькі сын застаўся сіратой, Андрэй даведваецца ўжо ў канцы вайны. Вярнуўшыся дадому, ён удзельнічае ў аднаўленні мірнага жыцця: заняты з былымі саслужыўцамі на будоўлі завода, жэніцца, усынаўляе асірацелых дзяцей і пачынае пошукі Васілька — сына сваёй ратавальніцы.

Адметна, што сюжэт фільма часткова заснаваны на рэальных падзеях: у ліпені 1941 года ва ўжо захоплены Мінск уварваўся «шалёны» савецкі танк Т-28, які прамчаўся праз горад, раўняючы з зямлёй нямецкіх салдат, цягачы і грузавікі, і быў падбіты толькі на ўсходняй ускраіне сталіцы. Дваім членам экіпажа ўдалося пакінуць палаючую машыну; пазней за гераічны ўчынак механік-кіроўца танка, старэйшы сяржант Дзмітрый Малько, атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені.

Двухсерыйная карціна пачынальніка рэжысёрскай дынастыі Віталя Чацверыкова ўвайшла ў спіс лідараў кінапракату 1978 года — у СССР яе паглядзелі звыш 33 мільёнаў гледачоў, ухваляючы рэжысёра як за відовішчныя баталіі і рэалізм партызанскага быту, так і за майстэрскую перадачу глыбіні чалавечых пачуццяў. Між іншым, строгая цэнзура не выразала з фільма эратычную сцэну з Ірынай Алфёравай — палічыўшы, што здымалася яна не дзеля эротыкі самой па сабе, а дзеля супрацьпастаўлення жаночага хараства зверствам фашызму.

45 гадоў

«Зімародак»

Адзначаны ў 1973 годзе прызам ЦК ВЛКСМ «Пунсовы гваздзік» за найлепшы фільм для дзяцей, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў зняў вельмі своечасовую стужку пра сувязь пакаленняў, такую важную для ўнукаў і праўнукаў герояў. Аднайменнай аповесцю Юрыя Якаўлева, надрукаванай у часопісе «Піянер», нездарма зачытваліся сотні тысяч савецкіх дзяцей. Паводле слоў рэжысёра, пісьменніку ўдалося галоўнае — «не апісаць падзеі, а захаваць рамантычнасць, адчуванне цудоўнасці быцця, уласцівага гэтаму ўзросту».

Так, успаміны былога франтавіка-лётчыка пра подзвіг маладога партызана па мянушцы Зімародак, які цаной свайго жыцця падарваў мост на занятай ворагам тэрыторыі, падштурхнулі школьнікаў даведацца больш пра лёс героя. А няпростыя і цікавыя, амаль дэтэктыўныя пошукі прывялі падлеткаў... да іх любімага настаўніка біялогіі, здольнага і ў сталым узросце скаціцца па парэнчах і атрымаць за гэта вымову ад дырэктара школы...

Дарэчы, акцёр Уладзімір Самойлаў расказваў, што менавіта з-за гэтага эпізоду ён, ужо вядомы па «Вяселлі ў Малінаўцы», і пагадзіўся на ролю сціплага настаўніка. Але нароўні з масцітымі акцёрамі — Самойлавым, Глебам Стрыжэнавым, Аўгусцінам Мілаванавым — у кадры арганічна выглядалі і дзеці, набраныя ў кіно ледзьве не з вуліцы, і жывёлы-насельнікі кабінета біялогіі: гаваркі папугай, малпа Яша і ўдаў, задачай якога было проста поўзаць усюды. Яшчэ адзін складальнік — кранальная да дрыжыкаў песня «Зимородок — это вовсе не птица, это сердце мальчишки, взлетевшее ввысь», што імгненна стала папулярнай і доўгі час выконвалася дзіцячымі калектывамі.

50 гадоў

«Вайна пад стрэхамі»

Першы фільм дылогіі, знятай Віктарам Туравым паводле рамана Алеся Адамовіча «Партызаны» (другая частка «Сыны ідуць у бой» выйшла на два гады пазней).

...У акупаваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі прыгранічным беларускім гарадку працягваецца сваё жыццё — і свая барацьба. Загадчыца аптэкі Ганна Корзун, штодня рызыкуючы жыццём, выходзіць на сувязь з партызанамі і перадае ім свежую інфармацыю і медыкаменты. Калі ж справа аказваецца пад пагрозай зрыву, жанчына разам з сынамі ідзе ў лес, у партызанскі атрад...

Чорна-белы, пранізлівы, строгі фільм. Менавіта такім яго ўбачылі гледачы — у тым ліку і будучы знакаміты рэжысёр Стывен Спілберг, якога работа савецкіх кінематаграфістаў натхніла на здымкі «Спіса Шындлера».

Многія памятаюць, што ў карціне гучаць песні Уладзіміра Высоцкага. У пачатковым варыянце іх было тры: «Буслы», «Песня пра новы час» і «У нас учора з пазаўчора», але да выхаду на шырокі экран у 1971-м засталіся толькі дзве першыя. Высоцкі ёсць і ў кадры «Вайны пад стрэхамі» — у адным з эпізодаў працягласцю секундаў на 30 акцёр у форме паліцая ледзь пазнавальны ў масоўцы. Па некаторых звестках, роля была большай, аднак цэнзура пастаралася — нездарма ж з вытворчасці да гледача карціна ішла доўгія чатыры гады...

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота belarusfіlm.by і з адкрытых крыніц

Каментары

Як жа мне падабаўся ў дзяцінстве "Зімародак"!
И мне. "Зимородок это вовсе не птица, это сердце мальчишки, взлетевшее ввысь! А крылатое сердце ничего не боится - может врезаться в солнце! Держись"!
"Брестская крепость" - не Беларусьфильм, её снимали россияне из Централ Партнершип, продюсеры и режиссура российские, деньги российские, хоть и закачаны через бюджет Союзного государства, а если использовали павильоны Беларусьфильма, то так львиная доля российских сериалов ставится.
Вообще-то там совместное производство и часть белорусских актеров, что и указано на сайте Беларусь дома, так что упоминание вполне правомерно.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».