Вы тут

Адкрылася выстаўка «СМІ ў Беларусі»


Учора распачала сваю працу XXІ Міжнародная выстаўка «СМІ ў Беларусі». Па традыцыі ўдзел у ёй прынялі не толькі цэнтральныя газеты, часопісы, тэлеканалы і радыёстанцыі, але таксама і прадстаўнікі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — усяго каля 100 удзельнікаў. Таксама тут можна азнаёміцца з выданнямі, якія ствараюцца ў беларускіх дыяспарах у Літве, Латвіі, Украіне і Расіі.


Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел шматлікія шаноўныя госці. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко зачытаў прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў, гасцей і арганізатараў выстаўкі. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін адзначыў, што беларуская выстаўка надзвычайна папулярная ў прадстаўнікоў кітайскіх медыя. Старшыня Асацыяцыі нацыянальных інфармацыйных агенцтваў краін Прычарнамор'я, генеральны дырэктар Балгарскага тэлеграфнага агенцтва Максім Мінчаў заклікаў журналістаў заставацца вернымі сваёй прафесіі і павіншаваў са святам, Днём друку, якое ў Беларусі будзе адзначацца 5 мая.

Адной з цэнтральных падзей першага дня выстаўкі стала канферэнцыя «СМІ ў зменлівым свеце. Прафесіяналізм і адказнасць», арганізаваная Міністэрствам інфармацыі.

— Прафесіяналізм і адказнасць — галоўнае ў прафесіі журналіста, — адзначыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Закон рэгламентуе журналісцкую прафесію як вельмі адказную. Даючы карэспандэнту права атрымліваць і распаўсюджваць навіны, ён прадугледжвае і адказнасць за тое слова, якое даносіцца да чытача, слухача і гледача. Варта бачыць не толькі адзін пункт гледжання, але звяртаць увагу на тое, што сёння ў кожным працэсе, з'яве ёсць плюралізм падыходаў, меркаванняў. Калі журналіст не ангажаваны, ён абавязкова павінен улічваць у сваёй працы неабходнасць поўнага паказу ўсёй сітуацыі.

Лілія Ананіч падкрэсліла, што ў Беларусі сёння працуе вялікая колькасць СМІ, узровень развіцця інфармацыйных тэхналогій дазваляе кожнаму атрымліваць любую цікавую для яго інфармацыю. «Канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай дакладнай інфармацыі цалкам забяспечваецца», — адзначае міністр.

Сёлетні ганаровы госць выстаўкі СМІ — Кітай. Стэнд гэтай краіны займае ў выставачным павільёне адно з цэнтральных месцаў. Варта адзначыць, што газета «Звязда» ладзіць сумесны праект з кітайскай газетай «Жэньмінь жыбаа». Навіны нашай краіны рэгулярна размяшчаюцца на партале гэтага выдання, у той час як інфармацыя з Паднябеснай адлюстроўваецца на сайце «Звязды» ў рубрыцы «Весткі з Кітая» і часам друкуецца ў папяровым выданні.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй ЦЫМІН адзначыў:

— Беларусь і Кітай цесна супрацоўнічаюць. Вашы журналісты наведалі нашу краіну, перанялі пэўны вопыт. Таксама і кітайскія карэспандэнты завітвалі ў Беларусь — сюды прыехалі больш за 40 журналістаў. Выстаўка «СМІ ў Беларусі» — гэта добрая платформа для знаёмства, наладжвання ўзаемаразумення. Простае насельніцтва Кітая мае вялікую цікавасць да Беларусі: да таго, што ў вас адбываецца, якія маеце эканамічныя, сацыяльныя інтарэсы, таксама хочуць больш даведацца пра вашу культуру і традыцыі. У Кітаі надзвычай цікавяцца і беларускай мовай. Я, як Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі, таксама пачынаю вывучаць мову. Ужо ведаю некаторыя словы, напрыклад назву нашай нацыянальнай стравы па-беларуску — «качка па-пекінску».

На стэндзе «Звязды» гэтымі днямі ёсць што паглядзець і паслухаць. Акрамя прэзентацыі ўласна газеты, нашых літаратурна-мастацкіх выданняў, часопісаў «Вожык» і «Родная прырода», пастаянна адбываецца і шмат іншых цікавінак. На ўрачыстай прэзентацыі «Звязды» на галоўнай сцэне выступілі ансамбль народнай музыкі «Баравічанка», спявак Дзмітрый Качароўскі. Сваім майстэрствам ігры на скрыпцы ўсіх прысутных здзіўляла Маймуна (у дуэце з Юзары яна прадстаўляла Беларусь на Еўрабачанні-2015). Да таленавітай прыгажуні выстраілася чарга прыхільнікаў: кожны хацеў атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца на памяць.

Удзячныя чытачы пастаянна завітваюць на стэнд Выдавецкага дома. Адзін з іх, Мікалай САВІК, расказаў:

— Я чытаю «Звязду», бо яна даволі хораша (пры гэтым аб'ектыўна) падтрымлівае нашу беларускую справу. На старонках вашай газеты я рэгулярна бачу цудоўную рубрыку «Фотаслова», у якой змяшчаюцца вершы і фотаздымкі Яўгена Пясецкага з адметнымі краявідамі Беларусі. Ён адзіны з супрацоўнікаў выдання, чые працы трапілі ў двухтомную анталогію Генадзя Рымскага, выдадзеную ў Маскве ў выдавецтве Літаратурнага інстытута імя Горкага. Таксама я рэгулярна зазіраю ў каляндар спрыяльных і неспрыяльных дзён, які змяшчаецца ў «Звяздзе», — і ён мяне яшчэ ніколі не падводзіў.

Спецыялісты «Белпошты» на выстаўцы СМІ праводзяць акцыю па дабрачыннай падпісцы «Падары дзіцяці радасць». Кожны ахвотны можа аформіць падпіску на дзіцячыя часопісы і газеты на адрас дзяцей і падлеткаў, якіх выхоўваюць у дзіцячых дамах. Для гэтага на выставачным стэндзе «Белпошты» ўсталявана сімвалічнае дрэва дабра. Каб аформіць падпіску, дастаткова выбраць «яблык» з імем дзіцяці і ў адпаведнасці з яго ўзростам падабраць яму перыядычнае выданне.

Выстаўка «СМІ ў Беларусі» будзе працаваць да 6 мая. Не прапусціце цікавінкі, якія прыйдуцца даспадобы менавіта вам.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Добры час для знаёмства і паразумення

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.