Вы тут

Сіла цягі - яе ў спецыяліста лакаматыўнага дэпо хапае на ўсё


Завод «Палімір», што пад Наваполацкам, займае велізарную плошчу. У адных цэхах працуюць над вырабам поліэтылену, у іншых выпускаюць акрылавае валакно — нітрон, у трэціх — так званую малатанажную хімію (поліэтыленавыя воск і эмульсію, канцэнтраты пігментаў і нават азотныя ўгнаенні). Але работа ўсяго гэтага аграмаднага арганізма спыніцца, калі перастане працаваць невялікі ўчастак на ўскраіне заводскай тэрыторыі — чыгуначны цэх. Для забеспячэння «Паліміра» сыравінай і транспарціроўкі гатовай прадукцыі працуюць пяць цеплавозаў. Іх доглядам займаецца брыгада, у складзе якой працуе малады слесар-электрык па рамонце электраабсталявання Аляксандр ВАСІЛЕЎСКІ.


— Пра тое, што стану электрыкам, ведаў з дзяцінства, — усміхаецца хлопец. — Гэта прафесія майго бацькі, і калі я быў маленькі, то, вядома, сачыў за тым, як ён працуе, нават спрабаваў дапамагаць. Адзіны мінус — любіў лезці ў разеткі, таму, што такое ўдар токам, ведаю не па чутках. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж, потым па размеркаванні трапіў у трамвайны парк. Адпрацаваў там тры гады, але не магу сказаць, што мне вельмі падабалася. А пасля пашанцавала — у чыгуначным цэху «Паліміра» ўвялі новую вакансію слесара-электрыка, і пасля гутаркі мяне ўзялі на работу. З тых часоў тут і шчырую.

Лакаматыўнае дэпо чыгуначнага цэха — гэта вялікі ангар, дзе стаяць і рамантуюцца цеплавозы ТГМ4Б. Усё ўладкавана па тым жа прынцыпе, што і ў дэпо пасажырскіх паяздоў — паміж рэйкамі знаходзіцца яма, з якой можна атрымаць доступ да хадавой часткі, пад дахам — маставы кран, які выкарыстоўваецца для пад'ёму шматтоннага абсталявання. На змене пастаянна працуюць два цеплавозы.

Калі адбываецца паломка, можна адразу ж замяніць машыну адной з трох іншых, што стаяць у дэпо. На больш дробныя непаладкі машыністы афармляюць заяўкі — такія праблемы таксама вырашае брыгада цэха. Усяго ў ёй працуе чатыры слесары і адзін слесар-электрык.

— Мая спецыяльнасць, калі можна так сказаць, памежная, — тлумачыць малады спецыяліст. — У цеплавозах гэтага тыпу шмат механікі, вырашэннем праблем з ёй займаюцца мае калегі — слесары і я. А вось калі справа даходзіць да электрыкі (якой тут, у прынцыпе, няшмат), то гэта ўжо выключна мая сфера адказнасці. У прынцыпе, праблем хапае, як-ніяк гэтыя цеплавозы распрацаваны амаль паўстагоддзя таму. Некалькі гадоў назад іх адганялі на капітальны рамонт у Лідскае лакаматыўнае дэпо, але ўсё адно паломкі здараюцца. Тым не менш усю тэхніку падтрымліваем у належным стане. Імкнёмся абыходзіцца сваімі сіламі: калі раней практычна заўсёды звярталіся ў рамонтны цэх па дэталі і дапамогу, то цяпер хапае досведу працаваць аўтаномна.

Аляксандр прызнаецца, што пасля трамвайнага дэпо па першым часе было цяжка перастроіцца на новы від работы. Асабліва напачатку — хлопец даходзіў да ўсяго «сваім розумам», часам здараліся і памылкі. Нават праз чатыры гады ён не рызыкуе сцвярджаць, што ведае пра «начынне» цеплавоза ўсё — машына вельмі складаная і дасканала ў ёй разбірацца можа толькі вопытны спецыяліст.

— Калі паломак і заявак на рамонт няма, гэта не значыць, што брыгада адпачывае, — кажа Аляксандр. — Мы штодзень праводзім агульны агляд усіх вузлоў тэхнікі: падцягваем балты, правяраем працаздольнасць агрэгатаў. Акрамя таго, над вырашэннем некаторых праблем трэба працаваць не змену і не дзве — тыдзень, а часам і больш. Ёсць і папяровая работа, бо кожны цеплавоз мае сваю «гісторыю хваробы» — гэта вахтавы журнал, у які заносяцца ўсе рамонтныя работы, што праводзяцца з машынай. Я вяду такі дакумент выключна па праблемах з электраабсталяваннем. Часам гэта вельмі дапамагае, калі сутыкаешся з праблемай, якую ўжо вырашаў некалькі гадоў таму.

Графік у лакаматыўным дэпо звычайны: пяць дзён на тыдзень, рабочы дзень з 8 гадзін раніцы. Па словах Аляксандра, яго заробак перавышае сярэдні па горадзе. «Не шыкуем, вядома, але і не бядуем», — смяецца хлопец.

— Калі вы лічыце, што слесар — гэта рабацяга, які больш нічым не цікавіцца, то памыляецеся, — кажа Аляксандр. — У нас надзвычай творчы цэх! Напрыклад, на дзень нараджэння завода штогод праводзіцца конкурс роставых фігур па пэўнай тэматыцы — трэба з падручных матэрыялаў зрабіць адмысловую ляльку, а потым прайсці этап творчай абароны праекта. Летась мы сабралі з металу, непатрэбных дэталяў і тканіны мядзведзя з мультфільма «Маша і Мядзведзь», ён вельмі спадабаўся і журы, і ўдзельнікам свята.

У школьныя часы Аляксандр гуляў у КВЗ. Асаблівага поспеху каманда не здабыла, але навыкі «масавіка-зацейніка» спатрэбіліся на новым месцы работы — ён удзельнічае амаль ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах на заводзе. А яшчэ хлопец — актывіст валанцёрскага атрада «Сэрца «Паліміра». За апошні час больш за ўсё яму запомніўся візіт у Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі — там знаходзіўся хворы на ДЦП хлопчык Прохар, у бацькоў якога не было грошай на набыццё інваліднага крэсла. Атрад перадаў для яго куплі атрыманы за перамогу ў адным з валанцёрскіх конкурсаў грашовы прыз.

— Нашы любімыя мерапрыемствы па-за працай — гэта турзлёты для супрацоўнікаў і іх сем'яў, — сцвярджае хлопец. — Самы маштабны праводзіць пад Стоўбцамі Беларускі прафсаюз работнікаў хімічнага, горнага і нафтавага адгалінаванняў прамысловасці. Штогод мы абавязкова яго наведваем — купаемся ў Нёмане, удзельнічаем у творчых конкурсах (гэта якраз мой профіль, я прыдумляю нашай камандзе КВЗ-шныя «візітоўкі»), спартыўных спаборніцтвах і проста адпачываем.

Аляксандр родам з Наваполацка, але некалькі гадоў таму пераехаў у Полацк разам з жонкай. Абранніца хлопца працуе ў Полацкім кадэцкім вучылішчы педагогам-арганізатарам. У пары ўжо ёсць і дзіця — пяцігадовая дачка. Менавіта яна займае ўвесь вольны час маладога бацькі — здаецца, што дзень у яго распісаны ці не па хвілінах!

— Наша Лізавета па маіх слядах наўрад ці пойдзе, — смяецца Аляксандр. — Ёй падабаецца маляваць і гуляць у лато, а да электрыкі цягі пакуль не заўважылі. У прынцыпе, у Полацку ёсць усе магчымасці для дзіцяці. У нас «пад бокам» гандлёвы цэнтр з забаўляльнымі пляцоўкамі, катком, цацкамі і піцэрыяй — ёй для шчасця больш нічога і не трэба пакуль.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Наваполацк — Мінск.

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Сіла цягі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.