Вы тут

Святочныя мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі пройдуць у БДУ


Яны разгарнуцца ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса ўніверсітэта па праспекту  Незалежнасці, 4. Пачатак 5 мая ў 10.30 гадзін. Героямі дня стануць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны -- былыя студэнты і супрацоўнікі ВНУ.


Унутраны ўніверсітэцкі дворык будзе аформлены ў стылі 40-х гадоў. Маскіровачная сетка, рарытэтная гаўбіца, брызентавая палатка створаць атмасферу ваеннага часу. Сцэнічным памостам для артыстаў творчых калектываў БДУ стане драўляны кузаў легендарнай  “палутаркі”. Менавіта з такой імправізаванай сцэны больш як 70 гадоў назад вядомыя артысты натхнялі сваім мастацтвам савецкіх воінаў перад боем. Маладыя ўдзельнікі канцэрту выканаюць як песні ваенных гадоў, так і сучасных аўтараў: знакаміты вальс “Сіняя хустачка” і бардаўскую песню "А мы з табой, брат, з пяхоты”. Салісты народнага ансамбля танца БДУ “Крыжачок” адаб'юць чачотку -- модны танец эпохі 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Аранжыроўку музычных твораў ажыццявіў дырыжор аркестра народных інструментаў БДУ Сяргей Сальнік.

Музычна--паэтычная кампазіцыя “Каб памяталі ...” распачнецца ў холе першага паверха будынка рэктарата ў 11.15. Ва ўрачыстай абстаноўцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны павіншуе першы прарэктар БДУ акадэмік Алег Івашкевіч і старшыня Савета ветэранаў ВНУ Мікалай Юрчук. Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя электроннай інфармацыйна-даведачнай базы пра супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў БДУ, якія загінулі або прапалі без вестак у часы Вялікай Айчыннай вайны. Яе ініцыятарам і распрацоўшчыкам базы выступіў гістарычны факультэт БДУ. Крыніцай інфармацыі паслужылі кнігі серыі “Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі беларускіх раёнаў”. Дарэчы, да гэтага часу гісторыкі БДУ працягваюць шукаць новыя імёны і ўносяць звесткі ў электронную сістэму.

У гонар студэнтаў і выкладчыкаў, якія ваявалі і загінулі на франтах у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, курсанты ваеннага факультэта пройдуць маршам па алеях універсітэцкага дворыку.

Завершыць святочную праграму частаванне ўсіх гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства салдацкай кашай з сапраўднага армейскага катла.

Гістарычная даведка:

Да вайны ў БДУ налічвалася 6 факультэтаў і 33 кафедры. Тады ў ВНУ вучыліся 1400 студэнтаў, працаваў 151 навуковы супрацоўнік, адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу налічвалася 210 чалавек, а вучэбна-дапаможнага -- 1851. Толькі ў першыя дні вайны каля 450 студэнтаў і выкладчыкаў пайшлі добраахвотнікамі на фронт. Эвакуіравацца паспелі толькі 620 чалавек, але ў горадзе яшчэ заставаліся выкладчыкі і студэнты, большасць з якіх сталі актыўнымі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху.

З ліку студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ — удзельнікаў вайны -- 12 было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.