Вы тут

Сюрэалізм, абсурд і вар’яцкі танец


Нечаканыя фільмы постсавецкай прасторы ў спецыяльнай праграме.


Рухі ў казахстанскім кінематографе можна назваць “новай хваляй”, а можна больш сціпла паказаць на генерацыю маладых аўтараў, што незалежна, з энтузіязмам і захапленнем ствараюць даволі цікавы, хоць і рэдка каму ў нашых шыротах знаёмы, вобраз сучаснага нацыянальнага кіно. Прыкладна тое ж – актыўная кінавытворчасць нават пры ўмовах малых бюджэтаў – адбываецца зараз у Якуціі, самым вялікім рэгіёне Расіі. І расійскі кінематограф, у яго малабюджэтным сегменце, можа выдаць дзіўныя прыклады, цікавыя па сэнсе і форме. Тры фільмы – казахстанскі, якуцкі і рускі – уключаны ў спецыяльную праграму, якая будзе дэманстравацца 4-6 мая ў кінатэатры “Ракета”.

Паказы двух азіяцкіх (у анонсе яны называюцца найлепшымі азіяцкімі стужкамі постсавецкай прасторы 2016 года) і аднаго славянскага фільма арганізаваныя кіначасопісам Cineticle для чатырох гарадоў – Масквы, Санкт-Пецярбурга, Навасібірска і нарэшце, сумесна с праектам Cinemascope, – Мінска. Карціны, ўключаныя ў “Cineticle Weekend у Мінску”, можна ўмоўна назваць партызанскім кіно – яно ствараецца незалежна ад афіцыйных культурных інстытуцый, існуе не дзякуючы замове дзяржавы, а пэўнаму ўнутрануму імпульсу, і менавіта таму становіцца выключна цікавым.

Адзін з фільмаў мінскаму гледачу можа быць вядомым – “Чума ў ауле Каратас” Адзільхана Ержанава сёлета ўдзельнічала ў Асноўным конкурсе ігравога кіно кінафестываля “Лістапад”. Больш за тое, іншы фільм маладога казахстанскага рэжысёра “Гаспадары” таксама быў уключаны ў конкурс аднаго з мінулых “Лістападаў”. Сюрэалістычная карціна “Чума ў ауле Каратас” стварае выдуманую прастору з даволі сур’ёзнымі – глабальнымі – алюзіямі, на грамадства, краіну, дзяржаву. Малады мэр з жонкай і энтузіязмам прыязджае ў аул Каратас, дзе выяўляе масавую хваробу, супраць якой тут і не спрабуюць змагацца. Усе памкненні новага кіраўніка натыкаюцца на тое, “як заведзена” і на ўжо сфарміраваную сістэму ўзаемаадносін улады з простым чалавекам. Вынаходліва ва ўмовах абмежаванага бюджэту выбудаваны антураж, стварэнне асаблівай атмасферы, гульня з сімваламі і адсылкамі ўтвараюцца ў сапраўдны сюр са зразумелым, да дзіцячага захаплення, сэнсам.

Якуцкае кіно тут прадставіць трылер, заснаваны на рэальных падзеях, – “Мой забойца” Костаса Марсана, прыняты на разгляд прэміяй “Залаты глобус” у намінацыі “Найлепшы фільм на замежнай мове”. Праўда, у лік намінантаў фільм не трапіў, але сваіх уласных якасцяў не страціў. У цэнтры ўвагі – малады следчы Джулус, які разбіраецца з забойствам дзяўчыны нават пасля таго, як падазроны сазнаўся ў злачынстве. Тут умясцілася ўсё – шматбаковая і сімпатычная абмалёўка галоўнага героя, тэма махлярства на золатаздабычы, псіхалагічны аспект забойства. Нават з відавочнымі агрэхамі і недасканаласцямі фільм вытрымлівае патрэбную ноту і становіцца вельмі прыемным прыкладам жанра, з запутаным сюжэтам і нечаканай канцоўкай. Напэўна, гэта стане добрым прыкладам у параўнанні з беларускай кінематаграфіяй: у Якуціі сваё кіно і ствараюць, і глядзяць актыўней за замежнае (таму яно нярэдка акупаецца), тут ёсць шэраг рэжысёраў і сваіх кіназорак. Гэта цікавы феномен унутры геаграфічна расійскага кінематографа, нам жа замежнай кінапрадукцыі супрацьпаставіць пакуль няма чаго.

У апошні дзень праграмы ў “Ракеце” можна будзе ўбачыць дэбютны поўнаметражны фільм “Паляўнічыя” Аляксандра Селівёрстава, які, дарэчы, сам прадставіць сваю работу гледачам і адкажа на іх пытанні. Фільм складаецца з быццам рэальных сцэн з жыцця галоўнага героя і з яго ж фантазій. Уся соль гэтага відовішча ў дыялогах, сінефільскіх штучках з амажамі да рэжысёраў аўтарскага кіно і адным з самых вар’яцкіх танцаў, увасобленых на экране. Часам дзеянне нагадвае звычайную рэальнасць, часам гэта становіцца абсурдам, прычым непасрэдным і натуральным. Усё гэта пакажа іншы, прывабны, бок расійскага кіно як доказ, што тут існуюць не толькі амбіцыйныя і не вельмі удалыя блокбастэры і камедыі з сумніўнага ўзроўню гумарам.

Кожны фільм праграмы “Cineticle Weekend у Мінску”, такім чынам, прадстаўляе сабой ў пэўным сэнсе феномен. Усплёск своеасаблівага казахстанскага кіно, уласную індустрыю якуцкага кіно, работы незалежных аўтараў у Расіі, якія паказваюцца недзе ў маленькіх залах, з абмежаванай колькасцю гледачоў і доўгімі дыскусіямі пра фільмы і іх сэнсы. Для мінскай публікі ў асноўным усё гэта з’яўляецца Terra Incognita, а ўсё невядомае прыцягвае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?