29 верасня, аўторак

Вы тут

У Слоніме жорстка забітыя скульптар Леанід Богдан і яго жонка


Трагедыя адбылася каля апоўначы 30 красавіка. У забойстве падазраецца родны ўнук ахвяр — 16-гадовы вучань 11 класа Слонімскай гімназіі. Як паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама, хлопец кінуўся з нажом спачатку на бабулю (1956 года нараджэння), а затым на дзеда (1953 года нараджэння).


Жанчына не вытрымала ўдараў нажом і металічным саўком, якія ўзяў на ўзбраенне хлопец, яна памерла на месцы. Дзед у гэты час сцякаў крывёй, але яшчэ заставаўся жывы. Ён прасіў свайго ўнука, каб той выклікаў «хуткую дапамогу», але замест гэтага ўнук збегаў у гараж па сякеру і ёю дабіў дзеда. Адзенне і сякеру хлопец выкіну ў балота каля ракі Шчара.

Пра забойства дзядулі і бабулі ўнук расказаў раніцай святару Свята-Троіцкага сабора. Але агучыў іншую версію: у дом уварваліся рабаўнікі ў чорных масках, якія і здзейснілі злачынства.

— Калі на месца прыехалі супрацоўнікі міліцыі, яны ўстанавілі, што ніякіх рабаўнікоў не было, — паведаміў «Звяздзе» начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко. — У забойстве пенсіянераў падазраецца іх унук. Ён затрыманы, праводзіцца следчы эксперымент на месцы злачынства, пасля чаго падазраваны будзе праходзіць псіхіятрычную экспертызу.

Забойства выклікала шырокі рэзананс у Слоніме. Сям'я скульптара — добра вядомая ў горадзе. Леанід Богдан падарыў гораду нямала сваіх работ. Сярод іх выявы Францыска Скарыны, паэтаў-землякоў Валянціна Таўлая, Анатоля Іверса, Алега Лойкі. А нядаўна ім быў зроблены мемарыяльны камень, які ўсталяваны на месцы слонімскага замчышча.

Па словах затрыманага юнака, нагодай для трагедыі стала электронная цыгарэта, якую ў непаўналетняга знайшоў дзед. Родныя вырашылі, што гэта наркотык, і сталі дапытвацца і дакараць унука, што таму не спадабалася, а пазней прывяло да крывавай развязкі.

Хлопец жыў з дзедам і бабуляй. Яго маці з'ехала ў Арабскія Эміраты і мае там іншую сям'ю. Бацька жыве ў Мінску і вядзе ўласны бізнес.

Калега — журналіст са Слоніма паведаміў «Звяздзе», што хлопец некалькі разоў ездзіў у Эміраты да маці, і нават заяўляў, што хоча пераехаць да яе. Наколькі ён быў праблемным, калега не бярэцца сказаць, але пытанні, на яго думку, па ім былі. Сёлета хлопец павінен быў скончыць гімназію. Вучыўся нядрэнна, з сярэднім балам «7».

Па словах Яўгена Дудко, узбуджана крымінальная справа па артыкуле 139, ч. 2 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Забойства дзвюх асоб класіфікуецца тэрмінам пакарання ад 8 да 25 гадоў альбо пажыццёвым зняволеннем. Адказнасць па гэтым артыкуле пачынаецца з 14 гадоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.